На рынг выходзілі… паэты

На рынг выходзілі… паэты

IMG_3798

15 верасня, калі па ўсёй краіне святкаваўся Дзень бібліятэк, мясцовыя бібліятэкары прапанавалі правесці не зусім звычайнае спаборніцтва. На рынг (вядома, паэтычны) выйшлі “ўзброеныя” сваімі вершамі мясцовыя паэты.

На пачатку вядучая мерапрыемства Ірына Ганчар нагадала, што дата ў гэтага свята невыпадковая: яно адзначаецца з 15 верасня 2001 года — у гонар заснавання галоўнага кнігасховішча краіны — Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Затым дырэктар Жабінкаўскай ЦБС прадставіла гасцей (або правільней, галоўных дзеючых асобаў) — Расціслава Бензерука і Вячаслава Фядотава, Барыса Ільіна і Васіля Грынько. Гэтая паэтычная чацвёрка згадзілася выйсці на рынг, каб у творчым спаборніцтве даказаць, што сапраўды “паэзія — гарачы цэх”.
У першым конкурсе (альбо дзеі) “Калі грукаецца верш у сэрца” творцы коратка расказалі пра сябе, дапоўніўшы ўласны свой партрэт выразнымі мазкамі — любымі вершамі, напісанымі раней. Высветлілася, усе яны (за выключэннем Б.В.Ільіна) лютаўскія нараджэнцы, аднак, стараліся прыўнесці чалавечую цеплыню ў спаборніцтва, якое ад пачатку ператварылася ў сяброўскую сустрэчу. Найстарэйшыя ўдзельнікі — жабінкаўцы В.Ф.Грынько і Р.М.Бензярук — больш згадвалі пра далёкае сваё дзяцінства, абпаленае вайной, В.Я.Фядотаў з Замошанаў і Б.В.Ільін са Здзітава адразу паспрабавалі эксперыментаваць з паэтычнымі словамі. Усе разам распавялі пра свой шлях да вершаскладання. Стараліся ўсебакова паказаць сябе. Напрыклад, Барыс Васільевіч павёў размову не толькі мовай рыфмаваных радкоў, але й з дапамогай песні “Адзінота”, запісанай на студыі ў Баранавічах, а затым у ягоных руках загаманілі са слухачамі і гітарныя струны.
Другі раўнд (ці раздзел) паэтычнага рынгу, названы “Паэт адлюстроўвае свет і эпоху”, таксама прымусіў удзельнікаў “трымаць удар”: па волі гледачоў давялося сваімі вершамі даводзіць простыя і зразумелыя кожнаму жыццёвыя ісціны, якія сцвярджаюць, што рухае Сусвет каханне, няма нічога больш каштоўнага, чым дапамога сябра. Заданні не выклікалі цяжкасцяў — па ўсім было відаць, што гэтыя пачуцці даўно ўжо натхнялі паэтавы музы. Разам з тым, быў момант і журботных успамінаў — калі Расціслаў Мацвеевіч прачытаў верш-прысвячэнне аднакласніку. Напісаны яшчэ пры жыцці сябра, ён так і не быў пачуты ім. Відаць, такія раптоўныя страты былі не ў аднаго паэта, бо зала слухала з перажываннем. Затое вясёлыя радкі з вуснаў іншых удзельнікаў зноў вярнулі атмасферу весялосці, падмацаваную гарэзлівай байкай у выкананні Вольгі Сяргееўны Якімчук і вершамі ўдзельнікаў рынгу, якімі, нібыта зернем дарагім, проста “сыпала” Р.М.Маргеевіч. Нездарма Раісу Міхайлаўну вельмі заслужана вядучая свята ўганаравала “тытулам” — “самы верны сябар раённай бібліятэкі, яки ведае бясконцае мноства вершаў на памяць”.
Заключная частка “Паэтычнага рынгу”, пры-званая вызначыць найлепшага, меркавала — “І верш пальецца сам сабою” (менавіта так называўся гэты раўнд). “Рыцарам паэзіі” давялося за пяць хвілін сачыніць працяг фразы: “Адным радком сказаць нам усё нялёгка…”. Пакуль удзельнікі, уключыўшы свае “рыфмометры”, заскрыпелі пер’ямі, заклікаючы музу на дапамогу ды сядлаючы крылатага Пегаса, госці вечарыны пачулі шмат зай-мальных кніжных фактаў і паўдзельнічалі ў цікавай гульні. Тых некалькі хвілін хапіла, каб пераканацца — прапанаваны радок быў прарочым: за гэты непрацяглы час паэты паспелі шмат. Калі-небудзь гэтыя вершы-экспромты зоймуць сваё месца на літаратурных старонках газеты або нават у будучых кнігах. І кожны твор будзе мець у канцы пазнаку: напісана ў Жабінцы, у Дзень бібліятэк, 15.09.15г.
…Застаецца колькі слоў сказаць пра пераможцу. У яго цудоўнае імя — Сяброўства. Так вырашылі слухачы, на тое з ахвотаю пагадзіліся і ўдзельнікі, што паціснулі рукі і абняліся на сваім паэтычным рынгу.
Антон БЕРАСТОК.
На здымку: сябры-паэты В.Ф.Грынько, В.Я.Фядотаў, Б.В.Ільін, Р.М.Бензярук ля раённай бібліятэкі, дзе ладзіліся рыфмаваныя баталіі на “Паэтычным рынгу”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top