Зноў — лепшыя, зноў — першыя

Зноў — лепшыя, зноў — першыя

_DSC9031IMG_0522 IMG_0512 IMG_5704СВК “Вазнясенскі” вядомы не толькі ў раёне і вобласці, але і ў рэспубліцы. Сюды неаднойчы прыязджала тэлебачанне, каб расказаць пра адну з перадавых гаспадарак Жабінкаўшчыны і падзяліцца яе вопытам з іншымі. Кааператыў заняў трэцяе месца ў вобласці па стварэнні спрыяльных умоў працы ў рамонтных майстэрнях, уваходзіць у дзясятку лепшых сельгаспрадпрыемстваў на Брэстчыне па ўраджайнасці зерневых, рапсу і па надоі малака. Сёлета па выніках раённага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых культур вазнясенцы зноў, як і два гады таму, першыя. Напярэдадні раённых “Дажынак” старшыня гаспадаркі Надзея Рыгораўна Кандрацюк падзялілася ўражаннямі, думкамі, планамі і вопытам.

За высокімі паказчыкамі — карпатлівая праца

Для ўборкі збожжавых культур год быў вельмі спрыяльны. Яна прайшла на адным дыханні. Надвор’е стаяла спякотнае, збожжа не трэба было дасушваць. У СВК “Вазнясенскі” няма складоў, гаспадарка не гатова прымаць і размяшчаць такія намалоты, якія сёлета атрымаліся, а гэта 7 тысяч тон збожжа. Дарэчы, амаль палову яго адвёз ад камбайнаў вадзіцель Сцяпан Мікалаевіч Кандрацюк — лідар-трохтысячнік сярод сваіх калег. Упершыню ўраджайнасць збожжавых у СВК “Вазнясенскі” склала 60,2 ц/га.
Якім чынам можна дасягнуць такіх паказчыкаў? Ёсць такая прыказка: на Бога спадзявайся, але і сам дбай. Мы захоўвалі ўсе тэхналагічныя працэсы, каб атрымаць добры ўраджай. Земляробы СВК “Вазнясенскі” падкармілі збожжавыя ў фазе пачатку калашэння — унеслі азотнае ўгнаенне карбамід. У гэтым выпадку нельга ні спяшацца, ні спазняцца. 580 мільёнаў рублёў пайшло на тукі для трэцяй падкормкі. Ажыццявілі фунгіцыдную апрацоўку па коласе і лісці.
Увогуле, хімпраполка для нашых земляробаў — адна з асноўных задач. Як кажуць, святое месца пустым не бывае. Пустазелле атакуе, забірае ўсе жывыя сокі ў культурнай расліны і заглушае яе. Гэтага нельга дапусціць.
Штогод займаемся сорта-абнаўленнем збожжавых. Закупляем элітнае зерне пшаніцы, ячменю, трыцікале і г.д. Ураджайнасць азімага жыта ў нашым сельгаска-аператыве раней складала 30 ц/га, а калі закупілі нямецкі сорт “пікасо”, то ў выніку атрымалі 62 ц/га.
Сёлета пераўзышоў сябе і рапс — яго ўраджайнасць 40 ц/га, усяго гаспадарка намалаціла 804 тоны. Гэта вельмі важная алейная культура: столькі бялку, колькі ў жмыху ад рапсу, няма ні ў якой іншай. А бялок абавязкова павінен прысутнічаць у корме для жывёл.
Што датычыцца цукровых буракоў, ім даспадобы нашыя сугліністыя глебы і салодкія карані даюць нядрэнны ўраджай. У апошнія гады ўраджайнасць іх у гаспадарцы да 700 ц/га. Але сёлетні засушлівы год неспрыяльны для гэтай культуры. Многія ўжо ўбіраюць буракі, а мы пакуль падкормліваем азотам, уносім мікраэлементы і крыху пачакаем.
Безумоўна, сельскагаспадарчая ноша цяжкая: працоўны дзень пачынаецца ў 5 раніцы і заканчваецца часам уначы. Але калі бачыш, што твае старанні недарэмныя, такое задавальненне адчуваеш!

Зладжаная каманда — зарука поспеху

Людзі — гэта багацце гаспадаркі, яе аснова. У нас зладжаная каманда спецыялістаў, разумеем адзін аднаго з паўслова. Яны ўмеюць мяне слухаць, а я іх — чуць.
Пахвалы дастойны ўсе: ёсць унёсак кожнага ў каравай новага ўраджаю. Што датычыцца непасрэдна ўборкі, то асабліва хачу адзначыць працу галоўнага інжынера Васіля Пятровіча Альшанца, галоўнага энергетыка Васіля Іванавіча Пілінкевіча, інжынера па працаёмкіх працэсах Міхаіла Васільевіча Вакуліча, вадзіцеляў Дзмітрыя Аляксандравіча Савосіна і Аляксея Іванавіча Садаўнічыка. Яны выконвалі па дзве работы ў сезон: асноўную і дапаможную. Напрыклад, В.П.Альшанец сумяшчаў абавязкі галоўнага інжынера і камбайнера, В.І.Пілінкевіч — галоўнага энергетыка і механіка ЗСК-20.
Механізатар Пётр Андрэевіч Чмуневіч, заняты на прэсаванні саломы, знаходзіўся ў полі з 6 да 23 гадзін. Як жа не падзякаваць чалавеку за такое старанне?! Не магу не адзначыць гаспадарчы падыход да любой справы начальніка ўчастка Аляксея Іванавіча Садаўнічыка.
Добрых слоў заслугоўвае і намеснік старшыні Рыгор Адамавіч Панасюк, які фантануе ідэямі. Гэта высакакласны спецыяліст-раслінавод, у якога, хоць і малады, нават вопытным работнікам ёсць чаму павучыцца.
Падвойная адказнасць лягла пад час уборкі і на жанчын-спецыялістаў: галоўны бухгалтар Вольга Аляксееўна Ціхмановіч вяла строгі ўлік збожжа, галоўны эканаміст Марыя Дзмітрыеўна Галавейка ўзначальвала камісію па кантролі за расходаваннем ГЗМ.
Не трэба саромецца гаварыць добрыя словы спецыялістам, хлебаробам, хваліць іх за сумленную, плённую працу. Чалавек, які вырошчвае хлеб, шчыруе на зямлі, слаўны сваёй працай.
Ну і, лічу, дзякаваць трэба не толькі словам, але і рублём — такая матывацыя вельмі дзейсная. Некаторыя хлебаробы за ўборачную атрымалі да 20 мільёнаў рублёў.

Малако ў каровы на языку

Радуюць нас і паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне. 21,5 кг на карову — такі надой у сельгаскааператыве трымаецца сёлета з вясны і да гэтай пары. Сярэднесутачнае прыбаўленне ў вазе цялят — звыш 700 грамаў. Прычым, усе дзевяць жывёлагадоўчых груп сельгаска-аператыва маюць такі паказчык.
Пераходзячы фонд сіласу ў нашай гаспадарцы 5 тысяч тон. Гэта гаворыць аб тым, што мы можам перажыць зіму толькі дзякуючы яму. На адну ўмоўную галаву ў нас будзе 30 цэнтнераў кармавых адзінак. Аднак, калі не збалансаваць корм бялком, добрых надояў не атрымаеш, бо вядома, што малако ў каровы на языку.
Наш гонар — жывёлагадоўчы комплекс “Агароднікі”. Хачу выказаць удзячнасць першаму намесніку старшыні аблвыканкама Мікалаю Васільевічу Токару, старшыні райвыканкама Фёдару Фёдаравічу Каланчуку за падтрымку і садзейнічанне ў будаўніцтве жывёлагадоўчых памяшканняў.
На базе нашай гаспадаркі право-дзяцца семінары па штучным асемяненні. Адзін з нашых асемянатараў Віталіна Мікалаеўна Тарасюк у конкурсе прафесійнага майстэрства заняла трэцяе месца.
На сённяшні дзень працаўнікі СВК “Вазнясенскі” дасягнулі такога ўзроўню, што для іх пасеяць або проста накарміць жывёлу — гэта вельмі проста. Мы не шукаем лёгкіх шляхоў, пераадольваем цяжкасці. Ні адзін спецыяліст не заходзіць у кабінет старшыні, калі ў яго няма ідэі або прапановы. Ёсць ідэя? Абмяркоўваем, што яна дасць, якія будуць вынікі ад яе прымянення. Практыка паказвае, што новыя, неардынарныя прапановы і іх рэалізацыя даюць высокія і станоўчыя паказчыкі.
Запісала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымках: старшыня СВК “Вазнясенскі” Н.Р.Кандрацюк; вадзіцель С.М.Кандрацюк; сямейны экіпаж В.А. і Д.В. Дзямідчыкаў; механізатар В.У.Матвяйчук.
Фота Святланы БЯЛЯК і Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top