Солому — в брикеты

Солому — в брикеты

Брыкет з саломы
Запасы прыродных выкапняў не бясконцыя. Калісьці закончыцца і вугаль, і торф. Іншая справа — лясныя багацці. Стары лес можна рэгулярна з дапамогай насаджэнняў амалоджваць, дзелавую драўніну выкарыстоўваць на патрэбы прамысловасці, а адходы пускаць на паліва. Ды і нашы лясы настолькі забруджаны сухастоем і бураломам, што запасы другаснай сыравіны і без таго вялікія, але спаўна не выкарыстоўваюцца.
Лес — лесам. На Жабінкаўшчыне толькі-толькі прабіваюцца першыя парасткі малога бізнесу ў галіне перапрацоўкі ў паліва адходаў сельгасвытворчасці. Ужо існуюць міні-прадпрыемствы па выпуску пілетаў (грануляваная салома), а ў нашым раёне таварыства з абмежаванай адказнасцю “Галатэя” вырабляе з саломы брыкет.
Ігар Нічыпарук у бізнесе не навічок. Амаль за дваццаць гадоў паспрабаваў сябе ў розных накірунках прадпрымальніцкай дзейнасці. Леташняй вясной наведваў Польшчу і вырашыў наладзіць выпуск нетрадыцыйнага паліва — саламянага брыкету. Эксперыментаваць пачаў у родным Брэсце, але прыйшоў да высновы, што гэта эканамічна не выгадна. Пасля доўгіх пошукаў зручнага месца спыніўся на былым ваенным аб’екце ў трох кіламетрах ад вёскі Падлессе на Жабінкаўшчыне. Узяў у арэнду памяшканне, устанавіў польскае абсталяванне, зацікавіў жадаючых працаваць.
— Тэхналогія вырабу брыкету вельмі простая, — кажа прадпрымальнік. — Салома падаецца ў спецыяльны бункер, дзе здрабняецца ў сечку. Потым яна праходзіць праз прэс, і атрымліваюцца круглыя на выгляд брыкеты. Салому павышанай вільготнасці прапускаем праз сушылку, дзе выкарыстоўваецца толькі вентылятар без ніякіх награвальных тэнаў.
Працуе цэх у чатыры змены. Персанал складаецца пакуль з дзевяці чалавек.
— У будучым планую набыць яшчэ адзін прэс, — дзеліцца думкамі Ігар Нічыпарук. — Зменная выпрацоўка павялічыцца ўдвая і складзе да чатырох тон. З саломай праблем не існуе. Паводле дагавораў купляем яе ў бліжэйшых гаспадарках: СВК “Падлессе-АГРА” і “Надзея-АГРА” Жабінкаўскага і “Пелішча-АГРА” Камянецкага раёнаў.
Прадпрымальнік, падлічыўшы ўсе затраты (набыццё абсталявання, заробкі, арэнда памяшкання, заключаная паводле дагавора з Жабінкаўскім райвыканкамам на пяць гадоў, набыццё сыравіны) і атрыманы прыбытак, упэўніўся, што распачатая справа выгадная не толькі для яго, але і для рэгіёна. Аднак пакуль ёсць праблема з рэалізацыяй.
— Айчынныя кацельні для нашага брыкету не прыстасаваны, — кажа Ігар Нічыпарук. — Пакуль прадукцыя ідзе на экспарт у Польшчу. З-за адсутнасці канкурэнтаў прапаноўваем брыкет насельніцтву часова па 180 тысяч рублёў за тону. Жадаючых няма. Праўда, прыязджаюць, просяць некалькі брыкецін для эксперыменту.
Калі параўноўваць кошт саламянага брыкету з традыцыйным тарфяным, то першы сапраўды даражэйшы, хаця цеплатворнасць у абодвух амаль аднолькавая. Перавага брыкету з саломы ў тым, што ён — экалагічна чыстае паліва, дае толькі чатыры працэнты попелу, які можна выкарыстоўваць у якасці ўгнаення. Перавагі відавочныя.
Некаторыя ж сельгастэхнолагі ў якасці ўгнаення бачаць менавіта салому, асабліва рапсавую, якая непрыгодна ні для якіх мэт і паўсюдна заворваецца. А для брыкету гэта — першасная сыравіна. Зрэдку хто з чыноўнікаў здзіўляецца што ў некаторых гаспадарках чарнеюць сцірты, затым  расцягваюцца па полі і салома ці заворваецца, ці нават спальваецца. Прадпрымальнік Ігар Нічыпарук супраць гэтага. Ён наладжвае кантакты з дырэкцыяй Жабінкаўскага камбікормавага завода, адкуль штомесяц на звалку вывозіцца да 40 тон пылавідных адходаў вытворчасці. Іх таксама можна было б дабаўляць у саламяны брыкет.
А.ГАНЧУК.
На здымку: майстар цэха Я.В.Крысюк за прэсам.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top