Хоць і маладыя, але перадавыя

Хоць і маладыя, але перадавыя

IMG_5819Жніво — пара вельмі адказная і складаная. Важна паспець зрабіць усё своечасова. Работнікі сельскагаспадарчых арганізацый, як заўжды, працавалі сёлета з самай раніцы да позняй ночы. У нялёгкай справе хлебаробам, як звычайна, дапамагала моладзь раёна — у гарачую пару працоўныя рукі лішнімі не бываюць.
Да школьнікаў і студэнтаў у гаспадарках ставіліся як да сапраўдных працаўнікоў, даручалі адказныя справы. Маладых людзей можна было ўбачыць і на зернетаках, і ў ролі памочнікаў камбайнера. Так, сёлета сельскагаспадарчыя студэнцкія атрады працавалі ў СВК “Рагазнянскі” і “Вазнясенскі”, ПУАП “Азяты”, ААТ “Жабінкаўскі”, “Ракітніца”, сэрвісны атрад — на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”.
Кожны год у раёне праводзяцца спаборніцтвы на жніве: вылучаюцца лепшыя камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных установак. Першых “тысячнікаў” кіраўніцтва раёна ўшаноўвае на месцы працы, каб надоўга не адрываць рупліўцаў ад важнай справы. Сярод перадавікоў ёсць і прадстаўнікі моладзі. Лепшым моладзевым экіпажам камбайнераў стала сёлета зладжаная каманда Генадзя Царука і Максіма Кавальчыка з СВК “Маціевічы”. 28-гадовы Аляксандр Дзянішчыч з СВК “Хмелева” стаў пераможцам сярод маладых вадзіцеляў, якія працавалі на адвозцы збожжа. Ён падзяліўся напярэдадні свята сваімі ўражаннямі.
У хмелеўскую гаспадарку на пастаянную працу Аляксандр прыйшоў роўна 10 гадоў таму, але на ўборцы ўраджаю дапамагаў яшчэ школьнікам. Ягоны бацька — Іван Фёдаравіч, вядомы ў раёне механізатар — больш за два дзесяцігоддзі працуе ў СВК “Хмелева”, з маленства з’яўляецца прыкладам для сына. Аляксандр шосты год на жніве, быў і памочнікам камбайнера, і вадзіцелем. У пераможцах ужо не першы раз. Сёлета за ліпень і жнівень ён на машыне МАЗ-555142 перавёз 1045 тон збожжа. Працоўны дзень хлебаробаў у нечым непрывычны для іншых. Па словах Аляксандра Дзянішчыча, трэба не спаць, а працаваць.
— З 6 раніцы я ўжо на мехдвары, рыхтую да доўгай работы сваю тэхніку, — дзеліцца Аляксандр Іванавіч. — Яна не павінна падвесці, бо ведаеш: шчыраваць давядзецца да поўначы альбо і да гадзіны ночы. Плённай працы спрыялі гэтым летам прыродныя ўмовы. Паклапаціліся ў гаспадарцы і пра наша харчаванне — двойчы ў дзень смачна кармілі.
Яшчэ адным са складнікоў свайго поспеху Аляксандр Дзянішчыч лічыць падтрымку сям’і: жонкі Святланы і дачушкі Дашы. Зусім нядаўна ягоны сямейны “тыл” узмацніўся: у суботу, 12 верасня, нарадзіўся сын — будучы бацькаў спадчыннік і памочнік. Магчыма, пройдзе час і ён пойдзе шляхам дзеда і бацькі, можа, таксама стане за штурвал “карабля жніва”.
Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
На здымку: Аляксандр Дзянішчыч з дачушкай Дашай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top