Жніво назвала сваіх герояў

Жніво назвала сваіх герояў

 

Дзякуй вам, хлебаробы!IMG_548111 копия копия

Фотакалаж Ірыны ЖУК.

 У мінулую суботу аграрыяў Брэстчыны сабрала Іванава на абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2015”, у гэтую — ладзіцца такое ж раённае свята ў аграгарадку Крыўляны. Граюць музыкі, спяваюць і танцуюць артысты, радуюцца людзі — хлеб прыбралі! З палёгкай уздыхнула вёска, што годна працавала, старанна. Настаў час, калі хлебаробы раёна, пераводзячы дух, могуць падвесці вынікі: колькі сабрана збожжа ў засекі, у каго самы важкі каравай. Пра сёлетняе жніво і яго здабыткі наша размова са старшынёй райвыканкама Ф.Ф.Каланчуком.

_DSC7566— Свята дажынак гэта не толькі ўшанаванне лепшых хлебаробаў. Яго не штучна стварылі-прыдумалі, а вярнулі да жыцця спакон вякоў адзначаемае ў славян завяршэнне жніва — вянец хлебаробскай справы. Гэта і сапраўдны агляд стану ўсяго аграпрамысловага комплексу і дастойная ацэнка яго ролі ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі нашай Беларусі. Уборка ніколі не бывае простай. І мне прыемна адзначаць, што сёлета яна прайшла зладжана і арганізавана. І ў гэтым заслуга ўсіх: і кіраўнікоў гаспадарак, і спецыялістаў, і аграномаў, і механізатараў. Ліпень і жнівень былі спякотнымі, без дажджоў. Таму збожжа паступала з поля практычна сухім, трэба было яго толькі даачысціць. Праўда, людзям было цяжка працаваць у такіх умовах, калі слупок тэрмометра ўзнімаўся вышэй, чым 30 градусаў. Але ўсе разумелі адказнасць і важнасць моманту: убраць вырашчанае без страт, у сціслыя тэрміны. Жніво ў раёне было практычна завершана 14 жніўня.

Валавы збор збожжа сёлета склаў 51,1 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 41,2 ц з гектара. У параўнанні з мінулым годам валавы намалот меншы на 3 тыс. тон. Надвор’е ўсё ж такі ўнесла сваю адмоўную лепту, бо для нашых пясчаных глебаў засушлівае лета не лепшы сябра. Разам з кукурузай, уборку якой цяпер вядуць гаспадаркі, плануецца намалаціць 52,5 тыс. тон.

Пакуль на 93% выкананы дзяржзаказ па продажы збожжа, гаспадаркі раёна працягваюць яго здачу. Піваварнага ячменю пастаўлена для дзяржаўных патрэб 134%, найбольшы ўклад у гэтым СВК “Маціевічы” і ПУАП “Азяты”.

Ніва шчодра аддзячыла хлебаробам СВК “Вазнясенскі”, дзе кожны гектар даў па 60,2 цэнтнера (летась 53 ц/га). Гэта самая высокая ўраджайнасць сярод сельгасарганізацый Жабін-каўшчыны. А такія фактары, як якасць, тэмпы, захаванне вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, дазволілі сельгаскааператыву заняць першае месца ў раённым спаборніцтве.

На другім месцы СВК “Хмелева”, дзе таксама высокія вытворчыя паказчыкі. Нельга не адзначыць, што гэтыя гаспадаркі і ў леташняе жніво называліся лепшымі. Безумоўна, зарука поспехаў і ва ўмелым кіраўніцтве калектывамі. Надзея Рыгораўна Кандрацюк і Барыс Уласавіч Парафянюк здольныя правільна расставіць кадры, аб’яднаць намаганні ўсіх службаў сваіх гаспадарак для рашэння пастаўленых задач, бачаць перспектыву, знаходзяць нестандартныя рашэнні праблемных пытанняў, а іх жыццёвы і прафесійны вопыт толькі на карысць агульнай справы.

— З мінулага года дажынкі праводзяцца ў новым фармаце на абласным і раённым узроўнях. Упершыню аграгарадок Хмелева прымаў гасцей, а сёлета месцам правядзення дажынак у раёне выбраны аграгарадок Крыўляны. Чаму менавіта гэты населены пункт?  

— Зразумела, што гэта не выпадкова. СВК “Вазнясенскі” і СВК “Маціевічы” паказалі добрыя вынікі на жніве, да таго ж іх “месца дыслакацыі” — Крыўлянскі сельсавет. І, безумоўна, гэта нагода, каб добраўпарадкаваць да свята аграгарадок, зрабіць яго яшчэ больш утульным і прывабным. Не памылюся, калі скажу, што дажынкі ў апошнія гады дапамагаюць не толькі ўславіць тых, чые рукі пахнуць хлебам, але і абнавіць населены пункт. Сёлета ў Крыўлянах удалося надаць святочны выгляд плошчы, пафарбаваць агароджу, зрабіць касметычныя рамонты фасадаў магазіна, пошты і Дома культуры, а ў апошнім — абнавіць сцэну і ўнутраныя памяшканні. Ды і на мясцовых падворках жыхары імкнуліся навесці бляск, каб не горш, чым у суседа.

— Як здабываўся сёлетні ўраджай?

— У раёне ў апошнія гады значна абноўлены машынна-трактарны парк, пабудаваны новыя і мадэрнізаваны існуючыя збожжаачышчальна-сушыльныя комплексы, набыты 7 перасоўных мабільных зернесушылак. На жніве былі задзейнічаны 64 зернеўборачныя камбайны, нагрузка на адзін складала 194 га. У сярэднім на камбайн намалочана 803 т зерневых, у дзень убіралі па 20 га. Палепшылася падрыхтоўка тэхнікі да правядзення асноўных этапаў сельскагаспадарчых работ, павысілася яе надзейнасць. Усе камбайны пасля правядзення рамонту, неабходных рэгуліровак прымалі спецыяльна створаныя камісіі. Значную дапамогу ў падрыхтоўцы іх да жніва, а таксама ў працэсе ўборкі аказалі спецыялісты ААТ “Жабінкаўская райсельгастэхніка”.

— Фёдар Фёдаравіч, як звычайна, на жніве вызначыліся больш працавітыя і руплівыя земляробы. Каго б вы хацелі адзначыць?

— У сельгасарганізацыях і райсельгасхарчы штодзень падводзіліся вынікі ўборкі. Раённая газета таксама не была ўбаку: з нумара ў нумар друкавала імёны пераможцаў жніва, лепшых камбайнераў, вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа, аператараў збожжасушыльных комплексаў. Менавіта яны — героі свята, нашы кармільцы ў самым прамым сэнсе слова. 24 камбайнавыя экіпажы намалацілі больш чым тысячу тон збожжа. А Валерый Аляксеевіч і Дзмітрый Валер’евіч Дзямідчыкі, Сяргей Уладзіміравіч Дзенісовіч і Юрый Мікалаевіч Вайтовіч з СВК “Вазнясенскі”, Мікалай Пятровіч і Аляксандр Мікалаевіч Леўчукі з СВК “Маціевічы” пераўзышлі 1,5-тысячны рубеж. У 18 вадзіцеляў на рахунку звыш тысячы тон збожжа, перавезенага ад камбайнаў, у Дзмітрыя Аляксандравіча Савосіна больш чым дзве, а ў Сцяпана Мікалаевіча Кандрацюка — больш як тры (абодва з СВК “Вазнясенскі”). Дарэчы, многія з пераможцаў пастаянныя лідары, за што ім вялікі дзякуй. Напрыклад, вадзіцель з СВК “Хмелева” Мікалай Сямёнавіч Марыніч вось ужо каторы год ушаноўваецца як перадавік абласнога спаборніцтва. Сёлета заняў другое месца. Яго ГАЗ-САЗ-35071 перавёз 1308 умоўных тон збожжа і не падводзіць гаспадара, бо знаходзіцца ў надзейных руках. На сённяшніх дажынках лепшыя з лепшых рупліўцаў хлебнай нівы будуць уганараваны, сярод іх ёсць і сямейныя экіпажы (некаторых я ўжо назваў), і моладзь…

— Калі ўжо пра моладзь, дык як праявіла яна сябе на жніве?

— Таксама выдатна працавала. Моладзевы камбайнавы экіпаж у складзе Генадзя Царука і Максіма Кавальчыка з СВК “Маціевічы” намалаціў 1377 т збожжа. Добры вынік. Тым больш, яны і летась узялі планку “тысячнікаў”. Аляксандр Дзянішчыч з СВК “Хмелева” будзе ўзнагароджаны як малады вадзіцель, на рахунку якога 1045 перавезеных тон.

— Хто дапамагаў вяскоўцам на хлебнай ніве?

— Працаўнікі райсельгастэхнікі. На палях убіралі збожжа два іх камбайны, былі створаны два звяны, якія займаліся прэсаваннем і вывазкай саломы, 14 аўтамабіляў задзейнічаны на вывазцы ўраджаю ў лік дзяржзаказу. Выдатна ў складзе камбайнавых экіпажаў папрацавалі прадстаўнікі райаддзела МНС, цукровага завода, аддзела адукацыі райвыканкама. І, напэўна, не памылюся, калі скажу, што дапамагалі ўсе тыя жыхары горада і вёсак, якія забяспечвалі ўдзельнікаў гарачай жніўнай пары гандлёвым, бытавым, медыцынскім, культурным абслугоўваннем.

— Чаму вучаць урокі жніва-2015? Якія, Фёдар Фёдаравіч, вашы пажаданні хлебаробам Жабінкаўшчыны?

— Поспех прыходзіць да найбольш настойлівых і мэтанакіраваных. І гэтыя прыклады побач. Дзе максімальна захоўваліся патрабаванні перадавой тэхналогіі, дзе не спазняліся на сяўбе, доглядзе і ўборцы збожжавых, там і здабыткі важкія. Выказваю вялікую ўдзячнасць кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістам і механізатарам, а таксама ўсім працаўнікам аграпрамысловага комплексу, якія ўнеслі велізарны ўклад, каб сабраць вырашчаны ўраджай. Сёння ў нашай хаце свята, свята дажынак. Няхай жа яно ў чарговы раз уславіць хлебароба, надасць яму жаданне яшчэ лепш працаваць на матулі-зямлі, каб на нашым стале заўжды быў хлеб і да хлеба, а значыць і была песня, і было свята.

Са святам вас!

Інтэрв’ю правяла Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top