“Я і зараз “золата” ў руках трымаю”

“Я і зараз “золата” ў руках трымаю”

IMG_2546З БІБЛІЯТЭКАРАМ Якаўчыцкай вясковай чытальні Нінай Пятроўнай Паўловіч бліжэй пазнаёміўся год таму на свяце вёскі Вялікія Якаўчыцы. І раней не аднойчы чуў ад дырэктара Жабінкаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ірыны Ганчар станоўчыя водгукі пра яе: “Ніна Пятроўна — адна з лепшых нашых супрацоўніц, вельмі адказны і ўважлівы да лю-дзей чалавек, для якога бібліятэка нібыта другі дом”. А на свяце давялося пабачыць жанчыну і ў іншых якасцях. Найперш, яна коратка, але гожа пазнаёміла гасцей з гісторыяй вёскі-імянінніцы (Якаўчыцам тады споўнілася ажно 480 гадоў), а затым выступіла і ў ролі народнай майстрыхі, што прынесла на выставу свае вышыванкі.
Зараз жанчына жыве ў блізкай вёсцы Літвінкі, што на Кобрыншчыне, таму і папярэдзіла нашу размову-знаёмства такім паўжартоўным уступам:
— У дзявоцтве насіла прозвішча Літвінкевіч. І трэба ж было ў жыццёвых сваіх падарожжах — а іх было, паверце, ой, як шмат — патрапіць нарэшце ў Літвінкі (да таго ж, побач яшчэ і Літвінава месціцца!) ды прапісацца на старасці гадоў па вуліцы Старая… Ужо дзесяць гадоў, як чаўнок у кроснах, пераадольваю гэтыя пяць кіламетраў ад уласнай хаты да сваёй бібліятэкі, а ў дарозе думаю: мо ўжо і досыць, але згадаю, што чытачы, малыя ды дарослыя, чакаюць — толькі хаду прыспешваю!
Ужо мінула чвэрць стагоддзя з таго дня, як Ніна Паўловіч знайшла сабе справу па душы на культурнай ніве, дасюль з удзячнасцю ўспамінае дзень, калі тагачасная дырэктар раённай бібліятэкі Таццяна Антонаўна Япішка немудрагеліста запрасіла ў прафесію: “Ну, вось і будзем цяпер разам — з людзьмі і кнігамі”.
Да таго жыццёвыя дарогі Ніны Пятроўны пралягалі далёка ад жабінкаўскага краю, і нішто, здаецца, не прадказвала, што давя-дзецца калі-небудзь далучыцца “да багатага кніжнага свету”. Хоць сапраўдныя багацці пабачыць і нават дакрануцца да іх давялося… Толькі пра тое — крыху пазней.
А СПАЧАТКУ былі родныя Альманы, вёска ў вялікім Столінскім раёне. Мясцовую школу і родную вёску пакінула ў 15-гадовым узросце, каб пайсці далей па веды ў Брэсцкае чыгуначнае вучылішча. Не столькі думала пра нейкія “вятры дальніх падарожжаў”, колькі пра тое, што трэба дапамагаць маці Марыі Васільеўне, якая засталася сама пасля раптоўнай гібелі мужа Пятра Якаўлевіча з дзвюма дочкамі на руках (бацька трагічна пайшоў на той свет, калі Ніне ледзь споўніўся месяц).
У 1978-ым дзяўчына атрымала спецыяльнасць дзяжурнага на чыгуначнай станцыі. Тут і аказалася: каб з лёсам сустрэцца, зусім не абавязкова некуды рухацца. Ён сам цябе адшукае, а потым, калі гэтак наканавана, і з сабою забярэ. Так і ў Ніны атрымалася: на станцыі Прыяміна Барысаўскага раёна Мінскай вобласці пазнаёмілася з будучым мужам Мікалаем. А яму на месцы не сядзелася…
Вось ужо пра што ніколі не марыла Ніна, дык прапісацца на самым краі свету — у Магаданскай вобласці, дзе і чыгункі не было спрадвеку, у пасёлку з “лірычна-рэалістычнай” назвай — Халодны! Але ж, відаць, гарачыя юначыя пачуцці, што некалі злучылі мужа і жонку, не вытрымалі халадоў — не столькі той сцюжы, што за вокнамі гаспадарыла амаль увесь год, колькі, як у раманах пішуць, “астуды ў жытле і сямейных адносінах”. Адным словам, не прыжылася жанчына ў суровым клімаце — прывяла дарога да расстання. Вырашыла вяртацца дамоў. Не “зачапіла” ў няродным краі нават тое, што на ўласныя вочы давялося пабачыць сапраўднае золата, якое старацелі адшуквалі ў каменнай ад моцных маразоў магаданскай глебе.
Пра тое, канечне, ніякіх шкадаванняў.
— Я і зараз “золата” ў руках штодня трымаю, — гаворыць з усмешкай бібліятэкар.
Пад тым золатам мае на ўвазе кнігі. На думку бібліятэкара, яны складаюць хоць і не матэрыяльнае, але духоўнае багацце, дапамагаюць адкрываць свет і самога сябе, насычваюць каштоўнымі думкамі і ведамі, дазваляюць чалавеку стаць прыгажэйшым ва ўсіх адносінах.
НА ЖАБІНКАЎШЧЫНУ Ніна Пятроўна пераехала з сынамі Алегам і Яраславам роўна 35 гадоў таму. Тут прыжылася і сястра Марыя Лазавік, колішні дырэктар Хмелеўскай школы. Ніна Паўловіч уладкавалася выхавальніцай у дзіцячым садзе: спачатку ў вёсцы Падлессе, а потым у санаторыі “Буг”. Нарэшце, з 1989 года лёс жанчыны звязаны з культурным жыццём раёна: адпрацавала шмат гадоў у Падлескай бібліятэцы, зараз — у Якаўчыцах. У яе на абслугоўванні больш за тры сотні чалавек — жыхароў аграгарадка і блізкіх вёсак Пруск і Залуззе. Сярод платных паслуг найбольшым попытам у юных чытачоў карыстаюцца заняткі на камп’ютары, надзейна працуе інтэрнэт, таму нярэдка сядзяць яны радком у бібліятэцы, пазнаючы навакольны свет і навіны праз “сусветнае сеціва”. Не забываюцца вяскоўцы і пра папяровыя выданні: штогод бібліятэкар ажыццяўляе каля 5 тысяч кнігавыдач. Робіць гэта з асаблівым задавальненнем, бо лічыць кнігі цудоўным сродкам для выхавання душы, з якога можна даведацца пра ўсё што заўгодна. Нават як старацелі ў “сонечным Магадане” дасюль здабываюць сапраўднае золата…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: бібліятэкар Якаўчыцкай бібліятэкі Ніна Пятроўна Паўловіч.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top