Раз у год “ажывае” Драмлёва…

Раз у год “ажывае” Драмлёва…

IMG_5799 IMG_5811 IMG_5794 IMG_0591

На месцы тым стаіць курган.
І тры журботныя жанчыны
Глядзяць праз вогненны туман
Навек бяссоннымі вачыма.

В.Сахарчук.

Штогод 11 верасня, на Галавасек, на месцы спаленай вёскі Драмлёва, што на Жабінкаўшчыне, праходзіць урок гісторыі. Прыязджаюць і прыходзяць на яго школьнікі і дарослыя, каб яшчэ раз узгадаць жудасныя падзеі верасня 1942 года, каб ушанаваць памяць загінулых і спаленых жывымі драмлёўцаў.
— З кожным годам усё далей адыходзяць у мінулае чорныя дні ў гісторыі нашага народа — дні Вялікай Айчыннай вайны, — гаварыў, адкрываючы жалобны мітынг у мемарыяльным комплексе “Драмлёва”, старшыня раённага выканаўчага камітэта Фёдар Фёдаравіч Каланчук. — Сёлета мы адзначылі 70-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа над фашысцкімі захопнікамі. Ваеннае ліхалецце забрала незлічоную колькасць людскіх ахвяр. Вёска Драмлёва — гэта толькі маленькая пясчынка ў велізарнай гары пеплу. 186 беларускіх вёсак былі знішчаны агнём і не адрадзіліся… Бо не было каму адраджаць.
Але жывая памяць людская. Абуджаная, яна трывожыць душы і змякчае сэрцы. Людзі заўсёды з асаблівым хваляваннем наведваюць Драмлёва, дзе зараз пануе цішыня, а калісьці шумела яно галасамі.
Нараджэнец вёскі Малыя Сяхновічы Мікалай Васільевіч Гінь, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны страціў бацьку і сястру, прывёў успаміны сведкаў страшнай кары, што ўчынілі фашысцкія каты 11 верасня 1942 года над драмлёўцамі — Мікалая Іванавіча Ярмашука і Віталя Сяргеевіча Чахлова. М.В.Гінь выказаў падзяку былому і цяперашняму раённаму кіраўніцтву за стварэнне мемарыяльнага комплексу ў Драмлёве і ўшанаванне Дня памяці пра загінулых.
Нікога з прысутных у мінулую пятніцу на мітынгу не пакінула абыякавым і выступленне адзінаццацікласніцы ліцэя Паліны Шэлюх. Дзяўчына пранікнёна прачытала “Баладу памяці” Васіля Сахарчука і шчыра выказала сваё стаўленне да драмлёўскай трагедыі.
— Мне страшна ўявіць, — гаварыла яна, — што за адзін дзень фашысты забралі жыцці 196 чалавек: не пашкадавалі ні старых, ні малых, ні мужчын, ні жанчын. Мірнае неба над галавой дасталася нам страшнай цаной — цаной юнацтва, чалавечых жыццяў. У Беларусі, напэўна, няма такога населенага пункта, дзе б вайна не пакінула свой крывавы след. Сёння ў нашай краіне мір і спакой, у той час як у суседняй Украіне адбываюцца ваенныя канфлікты. Сорамна за тых, хто не цэніць урокаў гісторыі.
Так, сапраўды сорамна. І балюча ад думкі, што гінуць бязвінныя людзі, якія хочуць жыць і кахаць, ствараць, а не знішчаць.
Чаму так адбываецца? Чаму стала магчымай жудасная трагедыя ў Драмлёве? Аб гэтым разважаў на жалобным мітынгу дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі айцец Сергій Петрусевіч:
— Таму што людзі забыліся на тое, што яны браты і сёстры. Адны ўявілі сябе нечым большым і пачалі забіваць іншых, такіх жа, дарэчы, людзей, як і яны самі.
Айцец Сергій выказаў пажаданне, каб гэтая крывавая гісторыя навучыла ўсіх чалавекалюбству, каб ніхто і ніколі не падымаў руку на бліжняга.
У памяць аб ахвярах вёскі Драмлёва метраном адлічыў хвіліну маўчання. У многіх прысутных на вачах з’явіліся слёзы.
Пад выкананне песняроўскай “Малітвы” да помніка з трыма жаночымі постацямі пацягнуліся людзі, каб ускласці кветкі і схіліць галовы перад нявінна загінулымі драмлёўцамі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

На здымках: у час жалобнага мітынгу ў мемарыяльным комплексе “Драмлёва”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top