Хлеб сабралі, у Іванаве спявалі

Хлеб сабралі, у Іванаве спявалі

_DSC8465 _DSC8515 _DSC9031 _DSC8628 _DSC8680 _DSC9024 _DSC8882

Папрыгажэлы і памаладзелы горад Іванава ў мінулую суботу прымаў гасцей з усіх куточкаў Брэстчыны. На абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015” з’ехаліся тыя рупліўцы, без чыёй штодзённай і карпатлівай працы не было б на сталах гараджан і вяскоўцаў духмянага хлеба, малака і мяса.

Па традыцыі, пачалася святочная праграма шэсцем калон па галоўнай вуліцы горада да гарадской плошчы. З упрыгожанай сцэны ў адрас пераможцаў абласнога спаборніцтва гучалі словы падзякі за нялёгкую вясковую працу.
Хлебаробы Брэстчыны сабралі 1мільён 413 тысяч тон збожжа, што на 40 тон менш, чым летась. Пераможцам “Жніва-2015” прызнаны Баранавіцкі раён, дзе намалацілі звыш чым 200 тысяч тон збожжа. Дарэчы, ажно 23 прадстаўнікі гэтага краю паднімаліся на сцэну па дыпломы і падарункі — такой колькасці ўзнагароджаных няма ні ў адным з 15 іншых рэгіёнаў вобласці. Баранавіцкі раён атрымаў прэмію ў памеры 700 базавых велічыняў.
На другім месцы Брэсцкі раён, на трэцім — Ляхавіцкі.Наш на пятай пазіцыі пасля Івацэвіцкага.
Сярод гаспадарак першае месца па зборы збожжа заняла птушкафабрыка “Дружба” Баранавіцкага раёна (дарэчы, другі год запар), другое — СВК “Дарапяевічы” Маларыцкага, трэцяе — СВК “Узыходзячая зорка” Кобрынскага раёна.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс у сваім выступленні, у прыватнасці, сказаў, што ў няпростых умовах хлебаробы вырасцілі выдатны ўраджай, у аптымальныя тэрміны, без страт убралі вырашчанае золата палёў.
— Гаспадаркі Брэстчыны першымі ў рэспубліцы завяршылі ўборку зерневых, перасягнулі мільённы рубеж і сабралі неблагі каравай. Ураджайнасць склала 41,5 цэнтнераў з гектара. Калі параўнаць з 2010 годам, дык яна павялічылася на 11 цэнтнераў. Гэта — вынік працавітасці нашых хлебаробаў. Павысілі ўраджайнасць да папярэдняга года земляробы 7 раёнаў — Баранавіцкага, Жабінкаўскага, Івацэвіцкага, Ганцавіцкага, Пінскага, Маларыцкага, Івацэвіцкага. 382 камбайнавыя экіпажы намалацілі звыш 1 тысячы тон збожжа, 16 — 2 тысячы тон, яшчэ два — сталі трохтысячнікамі.
Анатоль Ліс уручыў пераможцам жніва Ганаровыя дыпломы Брэсцкага аблвыканкама і прэміі. Іх атрымалі ў гэты дзень лепшыя экіпажы камбайнераў, аператары зернесушыльных комплексаў, галоўныя аграномы і інжынеры гаспадарак. Дарэчы, на галоўную сцэну “Дажынак” паднімаліся па заслужаныя ўзнагароды 114 чалавек. Вельмі прыемна, што сярод іх былі і прадстаўнікі Жабінкаўшчыны. Так, другое месца ў вобласці сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў заняў Мікалай Ся-мёнавіч Марыніч з СВК “Хмелева”. Дарэчы, гэта ягоная пятая па ліку перамога на абласным узроўні. Адразу два прадстаўнікі з СВК “Вазня-сенскі” прымалі віншаванні і падарункі — вадзіцель Дзмітрый Аляксандравіч Савосін і старшыня сельгаспрад-прыемства Надзея Рыгораўна Кандрацюк. Калектыў гаспадаркі заняў другое месца сярод сельгасарганізацый вобласці ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе за землекарыстанне і высокую культуру земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў і адзначаны новенькім МТЗ-82. А летась у аналагічным конкурсе трактарны парк СВК “Вазнясенскі” папоўніўся МТЗ-1221.
Надзея Рыгораўна сваім прыкладам падкрэслівае: жанчына можа не толькі падтрымліваць цяпло сямейнага агменю, але і ўмела кіраваць гаспадаркай, дабівацца выдатных вынікаў у працы: СВК “Вазнясенскі” смела заяўляе пра сябе на абласным узроўні, а шматлікія перамогі ў розных конкурсах становяцца не супадзеннем, а заканамернасцю.
Таксама сертыфікат на міні-трактар атрымаў намеснік кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Яквіл” Віктар Іванавіч Якаўчук. “Яквіл” вядомая ў вобласці ў вырошчванні буякоў.
На сцэну паднімаўся і старшыня СВК “Маціевічы” Мікалай Іванавіч Кавальчык. Ён атрымаў падзячны ліст і каштоўны падарунак ад ТАА “Белсолад” за вырашчаны якасны піваварны ячмень.
Пасля ўрачыстай цырымоніі ўшанавання пераможцаў “Жніва-2015” пачаўся канцэрт з удзелам творчых калектываў Брэстчыны. Дарэчы, пад трэцім нумарам выступаў наш народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”.
Пакуль госці глядзелі канцэрт на галоўнай плошчы горада, у парку Перамогі працавалі дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, на стадыёне развярнуліся сапраўдныя футбольныя баталіі паміж камандамі Драгічынскага і Іванаўскага раёнаў, а таксама валейбольная сустрэча ветэранаў фізкультуры і спорту. Прайшоў у Іванава абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі”. У ім спаборнічалі 16 сямейных пар, у якіх падрастае адно ці болей дзяцей.
У праграме было 5 конкурсаў. Напрыклад, муж і жонка пілавалі дровы, зацуглялі на хуткасць каня, гатавалі ежу. “Уладар вёскі” сабраў даволі многа балельшчыкаў, якія падтрымлівалі канкурсантаў.
Відовішчаў у той дзень хапала ўсім. Напрыклад, да правядзення “Дажынак” было прымеркавана адкрыццё гандлёвага цэнтра “Санта-Рытэйл” у мікрараёне “Усходні”, Цэнтра культуры і народных традыцый, дзіцячай кансультацыі Іванаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Што больш цікавіла гасцей горада? Бадай, сувеніры, якія б нагадвалі аб ветлівым і гасцінным Іванаве. У горадзе майстроў можна было набыць усялякую драбязу. Многія рамеснікі (а Іванава славіцца вялікай колькасцю самабытных умельцаў, якія перадаюць сваё рамяство з пакалення ў пакаленне) прадавалі гатовыя вырабы і нават давалі майстар-класы.
Напрыклад, можна было любому жадаючаму выразаць з ліпы лыжку, або вылепіць гаршчок з падатлівай гліны. Цэны на вырабы былі даволі дэмакратычныя. Скажам, драўляная лыжка ацэньвалася разьбярамі ў 7-10 тысяч рублёў, салонка — у 20-30. Таму тавар ахвотна куплялі іванаўцы і госці свята.
Вочы разбягаліся ад разнастайнасці тавараў. Было свята і для страўніка: усялякай смакаты, выпечкі, каўбас, шашлыкоў — на любы густ і кашалёк. 120 арганізацый гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, прамысловыя прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі пастараліся, каб і гаспадарам, і гасцям было радасна і гасцінна ў прыбраным і папрыгажэлым горадзе. Паўсюль гучала музыка, у паветры, нягледзячы на шэрыя воблакі адчувалася свята. Аднак, як сказаў адзін з механізатараў: “Сёння таньчым, весялімся, адпачываем. А заўтра — годзе, за працу брацца трэба, каб на наступны год было што малаціць і за што дажынкі святкаваць”.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: так праходзілі Дажынкі-2015” у Іванаве.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top