Зарэгістраваны чатыры кандыдаты на пасаду Прэзідэнта

Зарэгістраваны чатыры кандыдаты на пасаду Прэзідэнта

209531-10

Цэнтрвыбаркам Беларусі 10 верасня на пасяджэнні прыняў рашэнне аб рэгістрацыі чатырох кандыдатаў у прэзідэнты. Удзел у выбарчай кампаніі прадаўжаюць Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч. Такое рашэнне ЦВК прыняла ў сувязі з тым, што ініцыятыўныя групы гэтых кандыдатаў змаглі сабраць больш за 100 тыс. сапраўдных подпісаў, кандыдаты прадставілі карэктныя дэкларацыі аб даходах і маёмасці (свае і паўнагадовых членаў сям’і, якія жывуць разам з імі) або дэкларацыі з нязначнымі памылкамі, а іх біяграфіі адпавядаюць рэчаіснасці.
Яшчэ дваім прэтэндэнтам на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў рэгістрацыі адмоўлена. Камплекты дакументаў для разгляду ў ЦВК раней падалі Віктар Цярэшчанка і Жанна Раманоўская. Адмова ў рэгістрацыі аргументавана тым, што пераважная большасць подпісаў, прадстаўленых у тэрытарыяльныя камісіі ініцыятыўнымі групамі Віктара Цярэшчанкі, па выніках праверак прызнаны несапраўднымі.
ЦВК зацвердзіла форму і колькасць бюлетэняў для галасавання. Тэкст бюлетэняў будзе на беларускай мове, а прозвішчы кандыдатаў размесцяць у алфавітным парадку. Пасля гэтых радкоў будзе графа «Супраць усіх кандыдатаў».
Зарэгістраваны 30 давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі і яго фінансавы прадстаўнік. Таксама ЦВК зарэгістравала па 28 давераных асоб Таццяны Караткевіч і Сяргея Гайдукевіча. Пры гэтым у камандзе Гайдукевіча з’явіўся і афіцыйны фінпрадстаўнік. Штаб Караткевіч пакуль не падаў дакументы на рэгістрацыю свайго фінансавага прадстаўніка. Пры гэтым усе каманды яшчэ маюць права папрасіць ЦВК зарэгістраваць давераных асоб і фінпрадстаўнікоў. Як растлумачыла Лідзія Ярмошына, гранічная колькасць давераных асоб — 30. Прычым кандыдаты маюць права рабіць замены.
Як адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, колькасць дакладных подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння Сяргея Гайдукевіча (больш як 139 тыс.), з’яўляецца дастатковай для яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. «Тым не менш, нам паведамілі, што ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў яго ёсць нязначныя памылкі», — расказала яна.
Каманда Таццяны Караткевіч здала ў выбаркамы больш за 107 тыс. подпісаў. З іх амаль 105 тыс. прызнаны сапраўднымі. Гэтай колькасці дастаткова для рэгістрацыі ў якасці кандыдата.
Акрамя таго, у ЦВК былі здадзены іншыя неабходныя дакументы, сярод якіх аўтабіяграфія Таццяны Караткевіч і дэкларацыя аб яе даходах і маёмасці, а таксама аналагічныя дэкларацыі на дарослых членаў яе сям’і, якія пражываюць разам з ёй. Гэты камплект дакументаў не выклікаў сур’ёзных нараканняў. Адразу пасля таго, як Цэнтрвыбаркам прыняў рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатам Таццяны Караткевіч, яна выступіла з прамовай. Палітык падзякавала людзям, якія падпісаліся ў яе падтрымку, і выступіла з крытыкай эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны.
Пасведчанне кандыдата на пасаду Прэзідэнта Беларусі было ўручана кіраўніку ініцыятыўнай групы — Міхаілу Ордзе, які прадстаўляў інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі па натарыяльна заверанай даверанасці. Выступаючы ў ЦВК, Міхаіл Орда, у прыватнасці, адзначыў, што ініцыятыўная група пры зборы подпісаў убачыла, што людзі на месцах ставяцца да выбараў неабыякава і разумеюць, што вырашаецца лёс краіны. Таксама ён падкрэсліў, што грамадства аказала беспрэцэдэнтную падтрымку дзеючаму Прэзідэнту Беларусі.
У падтрымку вылучэння Мікалая Улаховіча прадстаўлена больш як 149 тыс. сапраўдных подпісаў. Як адзначыў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, кандыдатура Улаховіча адпавядае патрабаванням, што прад’яўляюцца беларускім заканадаўствам кандыдату ў прэзідэнты. «Ім прадстаўлены ўсе неабходныя для рэгістрацыі дакументы, якія правераны, і абставін, што перашкаджаюць рэгістрацыі, не выяўлена», — сказаў Мікалай Лазавік.
У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам кандыдатам у прэзідэнты Беларусі прадастаўлена магчымасць выступіць на бязвыплатнай аснове на тэлебачанні (у эфіры тэлеканала «Беларусь 1») і радыё (у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё) па два разы. Працягласць кожнага выступлення абмежавана 30 хвілінамі.
Па тэлебачанні ўсе выступленні будуць трансліравацца на гэтым тыдні ў 19.30 — найбольш рэйтынгавы час. Праз тыдзень кандыдаты ў прэзідэнты змогуць выступіць яшчэ раз — 22, 23, 24 і 25 верасня.
Для выступлення на радыё адводзіцца час раніцай — з 6.10 да 7.10. Першыя выступленні па радыё выйдуць у эфір 23 і 25 верасня. Права на наступныя выступленні кандыдаты ў прэзідэнты могуць рэалізаваць 30 верасня і 2 кастрычніка.
Скарга ад партыі БНФ, у якой гаворыцца, што на этапе збору подпісаў быў выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс, з’яўляецца няслушнай. Аб гэтым заявіла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына. Яна дадала, што гэта скарга не магла і не можа паўплываць на вынікі рэгістрацыі кандыдатаў таму, што яна з’яўляецца «дзяжурным дакументам».
10 верасня на пасяджэнні ЦВК быў агучаны змест некаторых скаргаў, у якіх гаворыцца аб выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу на этапе збору подпісаў. У прыватнасці, у Брэсце на адным з заводаў нібы праводзіўся збор подпісаў з дапамогай адмінрэсурсу ў рабочы час. Праверка паказала, што гэта не так. На самай справе подпісы збіраліся нават не на тэрыторыі прадпрыемства, а на прахадной.
Акрамя таго, было праверана паведамленне аб тым, што подпісы збіраліся дырэктарам сярэдняй школы № 27 у Гомелі на сходзе супрацоўнікаў гэтай навучальнай установы. Аказалася, ніякія подпісы на гэтай тэхнічнай нарадзе, прысвечанай падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года, не збіраліся. Кіраўнік школы ўваходзіць у ініцыятыўную групу па зборы подпісаў. Акрамя гэтага, у Гродзенскай вобласці ў выбаркам паступіў ананімны званок наконт таго, што адзін з урачоў нібы збірае подпісы ў пацыентаў у рабочы час. Аднак імя гэтага ўрача назваць адмовіліся. Праверкі па такіх паведамленнях, якія былі ў тым ліку ў публікацыях на інтэрнэт-сайтах, праводзіліся і ў Мінску. Па іх выніках фактаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу не выяўлена.
Што датычыцца выкарыстання партрэтаў дзеючага Прэзідэнта Беларусі на пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам на вышэйшую дзяржаўную пасаду, то яны былі выраблены за кошт сродкаў грамадскіх арганізацый. Гэта не супярэчыць заканадаўству. Лідзія Ярмошына растлумачыла на пасяджэнні ЦВК, што на кожным пікеце могуць выкарыстоўвацца партрэты кандыдатаў. Гэта датычыцца як вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, так і на прэзідэнцкую пасаду.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top