“Будзе мова — будзе і Беларусь!”

“Будзе мова — будзе і Беларусь!”

IMG_3767 IMG_3726

Шмат пранікнёных слоў наконт месца і ролі беларускай мовы ў нашым жыцці было сказана 6 верасня на ХХІІ нацыянальным Дні пісьменства ў Шчучыне.
Гаварылася і з удзячнасцю, і з гонарам, і з трывогаю за лёс роднага слова. Бадай, самыя цёплыя і пераканаўчыя, як гэта ні дзіўна, прагучалі з вуснаў гасцей свята — расійскіх літаратараў: “Толькі той народ можа звацца вялікім, за кім стаіць мова. А ў вас, беларусаў, яна непаўторная, распеўная… Ні на дзень не забывайцеся: збядненне мовы і пачуццяў адбываюцца адначасова. Мову беларускую можна параўнаць толькі з вашай прыродай, вельмі трапяткой і гожай, апрацаванай беражлівымі людзьмі. Яна ваша духоўная падтрымка і ў святы, і ў будні, сімвал самабытнасці, незалежнасці. Будзе мова — будзе і Беларусь!”
Пад гэтымі словамі гатова была падпісацца, відаць, і ўся невялічкая берасцейская дэлегацыя. Для дзевяці сяброў нашай абласной літаратурнай суполкі, запрошаных у Шчучын, гэта найперш было падарожжа на радзіму Алаізы Пашкевіч — непаўторнай паэткі-змагаркі Цёткі, што разам з Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам стаяла ў пачатку ХХ стагоддзя ля вытокаў беларускага Адра-джэння. Слыннай зямлячцы шчучынцы на гожым месцы (у самым цэнтры сучаснага горада ля вялікай бібліятэкі, якая носіць яе імя) уладкавалі ў 1996 годзе помнік. Стоячы перад ім, міжволі падумалася: хоць і выбрала паэтка сабе псеўданім Цётка, але ж дзецям, што вучыліся роднаму слову па яе кніжках, стала не менш за маці. Сядзіць яна на пастаменце, абсыпаная россыпамі чырвоных гваздзікоў, задуменная, нібы кідае натхнёны свой погляд у люстэрка штучнага возера, з якога павольна выцякае рэчка Турчанка, слухае, як навокал бурліць, набіраючы моц, святочны гоман…
Шчучынскі край, як і іншыя куточкі Беларусі, на таленты не бедны. Акрамя Цёткі, ён узгадаваў і іншых паэтаў. Сярод іх — Уладзімір Фядотаў, чый талент разгледзеў і ацаніў Васіль Быкаў (на жаль, паэтава зорка закацілася ўсяго ў 36 гадоў, але ж свет яе, увасоблены ў двух зборніках вершаў, дайшоў да нашых дзён). Сваё слова ў паэзіі сказала і Любоў Русілка — стваральніца паэмы “Зямлі і людзям”, прысвечанай славутай Элізе Ажэшцы. А з гэтага дня, будзем памятаць, і самая першая лаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” таксама шчучынская — пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая. Нездарма, атрымліваючы ўзнагароду з рук міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, яна дзякавала з прыкметным хваляваннем найперш землякам ды роднаму самабытнаму краю, “дзе чароўныя казкі лёгка пішуцца і новы дзень ствараецца таксама казачны”.
Арганізатары пашчы-равалі, каб свята захапіла ўсіх. Таму і праграма яго была вельмі насычанай. Так, гожы горад Шчучын, які радуе гараджан і іх гасцей сваёй расліннасцю, з гэтага дня стане яшчэ больш зялёным, калі набярэцца сілаў ад зямлі Сад Малітвы, пасаджаны ў Дзень пісьменства каля храма Міхаіла Архангела. Для ўсіх запамінальным момантам стала і тэатралізаванае адкрыццё “маленькага беларускага Версаля” — гэтак называюць шыкоўны Палац князёў Друцкіх-Любецкіх. Цяпер, у год, абвешчаны Годам моладзі, тут новыя гаспадары — маленькія шчучынцы, навучэнцы раённага цэнтра моладзевай і дзіцячай творчасці.
Зважалася і на адметныя даты культурнага календара: у Шчучыне дадзены старт святкаванню 500-годдзя беларускага друкарства (яго, нагадаем, адзначым у 2017-ым) і 85-ым угодкам Уладзіміра Караткевіча (ягоная гадавіна ўжо зусім побач — у сёлетнім лістападзе).
Як і на ранейшых святах, у Шчучыне клікалі да сябе шматлікія прэзентацыі: перш-наперш шыкоўнага фаліянта “Беларусь замкавая” (што займеў Гран-пры на кніжным кірмашы ў Маскве) ды іншых выдавецкіх навінак (летась выпушчана іх 11 тысяч накладам амаль у 30 мільёнаў асобнікаў!) Працавалі літаратурныя і тэатральныя салоны, “сярэднявечныя” рыцары ў спеўных і збройных турнірах зма-галіся за сэрцы прыгожых дам, а ўздоўж во-зера раскінуўся Горад майстроў. Радавалі гледачоў і мастацка-тэатралізаваная дзея “Квітней, Беларусь наша родная!”, і творчасць найлепшых калектываў Гарадзеншчыны — усяго і не ахопіш, чым багата было тое свята.
Цяпер — праз год — чакаць працягу, калі сцяг новага Дня пісьменства залунае над дняпроўскімі хвалямі, у старажытным і таленавітым Рагачове.
Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымках: дэлегацыя берасцейскіх літаратараў на святкаванні Дня пісьменства-2015; кнігу на свяце можна было пачытаць і нават… пакаштаваць!

Фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top