Untitled-13Без цукру не застанемся

З-за сёлетняй анамальнай спякоты цукровыя буракі не радуюць ураджаем. У мінулыя гады гаспадаркі раёна стараліся асноўную частку іх сабраць і рэалізаваць у кастрычніку, калі яны па ўсіх параметрах дасягаюць максімуму. Цяпер зацягваць з уборкай бессэнсоўна. Калі караняплоды дачакаюцца ў зямлі дажджоў, то назапашаны ў корані цукар пойдзе на новае развіццё лісця. Таму трэба выкопваць тое, што ёсць.
У 2015 годзе дзяржзаказам прадугледжана нарыхтаваць на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” 920 тысяч тон салодкай сыравіны. Перапрацоўку новага ўраджаю пачалі 5 верасня. На 9-ае чысло на прадпрыемства дастаўлена крыху менш за 20 тысяч тон буракоў. Цукрыстасць іх высокая — 17%.
Як паведаміў генеральны дырэктар цукровага завода Віктар Рыгоравіч Міронаў, нягледзячы, што ўраджай цукровых буракоў сёлета чакаецца меншым, чым у папярэднія гады, але салодкага прадукту для ўнутранага рынку будзе дастаткова.

Памераецца сіламі на сусветным рынгу

Гэтымі днямі ў Санкт-Пецярбургу адбываецца сусветны чэмпіянат у боксе сярод юніёраў. У прэстыжным спаборніцтве, якое працягнецца да 14 верасня, удзельнічае і прадстаўнік Жабінкаўшчыны — навучэнец спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Жабінкаўскага раёна Уладзіслаў Радчык. Ён абараняе гонар не толькі Брэстчыны, але і ўсёй краіны ў вагавай катэгорыі 52 кг. Пажадаем нашаму юнаму спартсмену добрых вынікаў на міжнародным рынгу.

Вечарына да юбілею паэткі

На мінулым тыдні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася паэтычна-музычная вечарына “Як жыць, дык жыць для Беларусі…” да 105-годдзя з дня нараджэння паэткі Ларысы Геніюш. На мерапрыемства былі запрошаны дзевяцікласнікі першай гарадской школы з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Людмілай Мікалаеўнай Шэйка. Бібліятэкар чытальнай залы Валянціна Анатольеўна Славуціч распавяла пра жыццёвы і творчы шлях рэпрэсіраванай паэткі, якая была прыкладам фенаменальнай духоўнай моцы, яднала вакол сябе беларусаў за мяжой. “Ларысу Геніюш асудзілі на 25 гадоў зняволення за “здраду дзяржаве”, “ланцуг накінулі на шыю салаўю”, але ліліся радкі з вуснаў паэткі-пакутніцы, — расказвала вядучая В.А.Славуціч. — Яе хваляваў лёс роднай краіны, апявала яна хараство беларускай прыроды, пісала вершы пра вайну”.
У час імпрэзы былі выкарыстаны аўдыя- і відэаматэрыялы, прысвечаныя Ларысе Геніюш. Вечарына ў бібліятэцы, несумненна, глыбей раскрыла дзевяцікласнікам постаць паэткі, якая жыла “для Беларусі”.

Перыяд летніх абмежаванняў закончыўся

З 20 мая па 31 жніўня згодна з пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах агульнага карыстання ўводзіліся часовыя абмежаванні нагрузак на восі. Яны дзейнічалі з 11.00 да 21.00 уключна пры дзённай тэмпературы паветра вышэй чым 25 градусаў. Гэта садзейнічала захаванасці дарожнага палатна, бо ў моцную спякоту на дарогах з’яўляліся наплывы, утвараліся каляіны. Аднак не ўсе аўтамабільныя перавозчыкі былі законапаслухмянымі, паведаміў начальнік КП-ПВГК “Федзькавічы” Васіль Галюнчык. За гэты перыяд спецыялістамі аддзела вагагабарытнага кантролю сумесна са спецыялістамі КП-ПВГК “Федзькавічы” транспартнай інспекцыі ў Брэсцкай вобласці былі выяўлены 223 парушальнікі дзеючай пастановы. З уладальнікаў транспартных сродкаў спагнана ў рэспубліканскі бюджэт больш чым 1,2 мільярда беларускіх рублёў з мэтай кампенсацыі ўрону, нанесенага аўтамабільным дарогам. Акрамя таго, згодна з дзеючым заканадаўствам вадзіцелі гэтых аўтамабіляў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Папярэдзіць сямейныя канфлікты

Праблема дамашняга насілля з’яўляецца актуальнай і для нашага раёна. Аналіз крымінагеннай сітуацыі ў сферы сямейна-бытавых адносін сведчыць пра тое, што сёлета пачасціліся злачынствы, накіраваныя супраць членаў сям’і. Асноўныя ўмовы, што садзейнічалі канфліктам у сям’і, — п’янства і адсутнасць у віноўнай асобы пастаяннага месца працы. Праваахоўнымі органамі праводзіцца значная работа ў прафілактыцы сямейна-бытавых правапарушэнняў. За 8 месяцаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі адпраўлена 18 алкагольна залежных асоб, 11 раней асуджаных, 2 абавязаных, ізалявана 17. Выяўлена 30 фактаў незаконнай рэалізацыі, захоўвання і перавозкі фальсіфікаваных спіртных напояў. Аднак максімальны эфект будзе ў тым выпадку, калі жыхары горада і раёна не будуць праяўляць абыякавасць да таго, што ў сям’і суседа, родзіча, калегі адбываюцца скандалы з рукапрыкладствам ці распіццём спіртных напояў, і паведамяць пра гэта раней, чым здарыцца непапраўнае, па тэл. 102, 2-12-76 альбо на “гарачую лінію” 8-601-100-8-801.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top