Сустрэча ў “Лясной гавані”

Сустрэча ў “Лясной гавані”

IMG_4126

Як ехаць з Кобрына ў Жабінку не па трасе, а па шашы, што бяжыць паралельна, калі абмінеш Залуззе, леваруч убачыш адзінокі хутар. Як існаваў калгас “Прамень”, тут пабудавалі працоўны лагер, дзе звычайна размяшчаліся студэнты і жыхары Валыні, што прыязджалі ў гаспадарку на сельгасработы.
Калгас у гэтым ужо стагоддзі быў ператвораны ў сельгаскааператыў. Ён, аказалася, не меў вялікай патрэбы ў дадатковых рабочых руках, а таму лагер пуставаў аж да той пары, пакуль яго купіла сям’я Шадрыных. Спачатку — сабе на жыллё, а пасля аглядзеліся і зразумелі, што цудоўныя мясціны прыцягнуць сюды адпачываючых.
Сапраўды, побач рака Мухавец, у двары ўжо растуць сосны з лячэбна-пахкім водарам. Чаму ж сюды не прыехаць людзям, хоць на месяц пакінуўшы шумлівыя гарады. Як гэта зрабілі яны, памяняўшы гарадскую кватэру на жыццё на ўлонні прыроды. І сталі ператвараць нядаўні лагер у жыллё, што гасцінна прыме адпачываючых, у аграсядзібу.
У гэты дзень гаспадары Павел Мікалаевіч і Надзея Міхайлаўна Шадрыны прыветна сустракалі сяброў клуба “Суразмоўнік”, які працуе пры раённай бібліятэцы ў Жабінцы. Не, яны не сабраліся, каб гуртам пажыць на аграсядзібе, а каб бліжэй пазнаёміцца з яе жыльцамі, і ў першую чаргу з разьбяром па дрэве Паўлам Шадрыным, чые сувеніры ведаюць не толькі ў Беларусі, але й за яе межамі.
Сустрэліся ў двары, і Надзея Міхайлаўна адразу павяла паказваць сваё жытло. Неўзабаве далучыўся і муж. Разам яны расказвалі, як была зроблена кожная рэч, што ўпрыгожыла пакоі, а заадно і пра сябе.
Родам Павел Шадрын з Мурманска. Са школьнай пары наведваў заняткі гуртка разьбы па дрэве ў Мурманскім Палацы піянераў.
— Мне проста пашанцавала на настаўніка, — расказваў Павел Мікалаевіч. — Аляксандр Уладзіміравіч Няфёдаў умеў захапіць падлеткаў справай, не шкадаваў ні часу, ні сіл, дапамагаў нам займець майстэрства, радаваўся поспеху кожнага. Нашы лепшыя работы змяшчалі на выставе ў Музеі драўлянага быту. Таму я, калі скончыў школу, па прыкладзе свайго педагога, застаўся ў Палацы выкладаць, вучыць хлопчыкаў таму, што ведаў сам. Ведаў і любіў…
Настала пара служыць у войску, і лёс хлопца з-за паўночнага палярнага круга закінуў пад самую заходнюю мяжу — у горад Брэст. Тут Павел пазнаёміўся з Надзеяй Барташ — дзяўчынай, якая родам з Іванаўскага раёна. Маладыя людзі сталі сустракацца, а пасля паехалі ў Мурманск удваіх.
Павел вярнуўся ў Палац піянераў выкладчыкам. Надзея палюбіла справу, якой займаўся муж, і ахвотна дапамагала яму. А ён пасля вучобы ў Мурманскім педінстытуце стаў высокакваліфікаваным спецыялістам. Колькі добрых разьбяроў выйшла з Палаца, пакуль працаваў там Павел Мікалаевіч!
Цяжка прыжываюцца людзі сярэдняй паласы за палярным кругам, дзе толькі некалькі месяцаў бачыш сонца. Падраслі дзеці, Надзея ўсё часцей упрошвала мужа памяняць месца жыхарства. І яны выбралі Беларусь, а больш дакладна — Брэсцкую вобласць.
Спачатку кінулі, як кажуць, якар у Брэсце, але ў хуткім часе пераканаліся, ці варта мяняць адзін абласны цэнтр на другі. Хацелася спакою і цішыні, так што ў рэшце рэшт аблюбавалі месца ля Залуззя.
Як выбіралі імя для свайго падворка, гаспадару хацелася, каб яно напамінала яму пра родны Мурманск, дзе плёскаюцца хвалі Кольскага заліва, і адначасова пра цудоўныя мясціны Беларусі. Аграсядзібе далі назву “Лясная гавань”.
Абстаўляючы жытло, гаспадары рабілі тое, чым займаліся далёка на Поўначы. Неўзабаве на сядзібе з’явілася майстэрня. Часта матэрыялы вазілі аж з Мурманскай вобласці, і сёння ўсё ў доме з дрэва, зроблена сваімі рукамі. Адшліфаваны кап з запалярнай бярозы мог бы ўпрыгожыць любую кватэру.
— Муж мой ніколі не быў ні заядлым рыбаком, ні паляўнічым, — расказвала Надзея Міхайлаўна. — А пайсці з кошыкам у грыбы ці проста пахадзіць па лесе любіць. Адтуль абавязкова прынясе незвычайную галінку або корань, з якіх пасля апрацоўкі з’явіцца дзівосная казачная жывёліна.
— У нас наладжаны збыт сувеніраў, што вырабляюцца ў майстэрні, — як бы працягваў размову Павел Шадрын. — Дый людзі самі прыязджаюць сюды для таго, каб набыць рэч, якая спадабалася. Альбо едзе беларус у Расію ці якую іншую краіну, дык не везці яму які-небудзь кітайскі сувенір, а толькі свой, беларускі…
Натуральна, што з’явілася пытанне, як часта наведваюць аграсядзібу “Лясная гавань” госці.
— Часта, — проста адказаў Павел Мікалаевіч. — Вось літаральна заўчора пазванілі з Масквы знаёмыя (яны ўжо адпачывалі тут, і ім спадабаўся наш прыём) і папрасілі пажыць тыдні два, каб пазбавіцца ад гарадскога тлуму…
Сярод сяброў клуба “Суразмоўнік” было нямала спевакоў ветэранскага хору, дый кіраўнік “Тонуса” Людміла Дошчык тут. Зараз яны акапэльна ў падзяку гасцінным гаспадарам выканалі рускую народную песню “Тонкая рябина”.
— У мяне ёсць працяг да гэтай песні, — сказала настаўніца-пенсіянерка Раіса Маргевіч. — Сёлета ў газеце “Сельская праўда” быў надрукаваны верш “Рабіна”. Мне ён спадабаўся, і я вывучыла яго на памяць. Дазвольце прачытаць, — і прачытала.
Дырэктар ЦБС Ірына Ганчар уручыла гаспадарам кнігу пра Жабінку і альбом, каб госці маглі пакідаць свае водгукі, а мне ў гэтую хвіліну падумалася: “Калі нехта засумняваецца ў братэрскай еднасці рускіх і беларусаў, дык звярніцеся да сям’і Шадрыных. Тут расіянін Павел ажаніўся на беларускай Надзеі. Іх дзеці таксама не бачаць розніцы, дзе жыць: старэйшы сын Яўген працуе інжынерам-канструктарам танкаў у Маскве, а меншы — Аляксей — студэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, збіраецца стаць інжынерам-будаўніком”.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: на сядзібе ў Паўла і Надзеі Шадрыных.
Фота Ірыны ГАНЧАР.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top