Газ прыйшоў. А з ім і свята!

Газ прыйшоў. А з ім і свята!

IMG_5548 IMG_5550 IMG_5540 IMG_5571

У шматвекавой гісторыі вёскі Сакалова 3 верасня 2015 года стане запамінальным днём, калі блакітнае паліва прыйшло нарэшце ў дамы вяскоўцаў.

Сустракала вёска… танцамі

ЧАЦВЕР, 3 ВЕРАСНЯ, — дзень, які, відаць, толькі памылкова не пазначаны чырвоным колерам у календарах. Так цяпер у поўнай меры могуць разважаць жыхары Сакалова. Паколькі для іх ён назаўжды адгэтуль будзе згадвацца, як светлы час, калі “з іскры запалала полымя”!
Таму і сустракала вёска ў мінулы чацвер гасцей… танцамі. Будзённы дзень стаў для сялян сапраўды святочным! Па-заліхвацку гучалі народныя спевы, а некаторыя сакалоўцы ўтваралі пары, каб выказаць у танцах вялікае шчасце, што завітала да іх. Адразу бачна — у людзей светла на душы, радасна. Атмасфера задушэўная, амаль сямейная. Нават адна з вясковак паважанага ўжо ўзросту выдыхнула міжволі: “Гэтак добра — нават плакаць хочацца”, — і ў вачах насамрэч заблішчэлі слёзы… Тыя, што прыносіць вясёлая радасць, а не гора горкае…
Тут нават неяк нечакана з дынамікаў грымнула: “Кажуць людзі, вёска вымірае…” Далібог, гэта не пра Сакалова! Яшчэ ніколі — амаль за чатыры стагоддзі свайго існавання! — не было яно настолькі маладым і скіраваным у будучыню.

“Пад ляжачы камень…”

ЛЮДЗІ СПЯШАЛІСЯ да звычайнага “месца сустрэч” — шырокай пляцоўкі ля вясковай крамы. Да гэтага дня яны ішлі амаль два гады. І нельга сказаць, што шлях быў простым. Памятаецца час, калі нараджаліся і недавер, і расчараванне. Але ж нездарма ў народзе кажуць: “Пад ляжачы камень вада не цячэ”. Таму сумеснымі намаганнямі 63 забудоўшчыкаў калектыву ўладкавання газу з Сакалова, падтрыманых раённымі ўладамі, мэта была дасягнутая. За тое стараста вёскі Наталля Абібок, пенсіянер Валерый Лысюк, былая заслужаная даярка, кавалер ордэна Дружбы народаў Вольга Кашалюк выказвалі шчырую падзяку колішняму старшыні аблвыканкама Канстанціну Сумару, прадстаўнікам раённых уладаў, між іншымі — намесніку старшыні райвыканкама Анатолю Шалтанюку. Найперш за тое, як прыгадалі вяскоўцы, што “даў зялёнае святло гэтаму праекту, які сагрэў вёску надзеяй”, калі прамовіў на адным са сходаў: “Быць газу ў вашай вёсцы”, — і слова дадзенае стрымаў!
Анатоль Вітальевіч у адказ падзякаваў старастам вёскі — сённяшняй Н.І.Абібок і колішняй А.В.Лысюк — за настойлівасць, клопаты пра вяскоўцаў, якія нарэшце ўвасобіліся ў такім добрым выніку, пажадаў, каб хутчэй настаў падобны дзень і ў іншых населеных пунктах Жабінкаўшчыны.
— Гэтым летам газ праведзены ўжо ў Шпіталі і Сцяпанкі, — гаварыў намеснік старшыні райвыканкама. — Аднак там усё адбылося больш будзённа, а вось сакалоўцы, разумеючы, відаць, важнасць моманту для гісторыі сваёй вёскі, стварылі сапраўднае свята. Магчыма, нездарма гэтая падзея адбываецца напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. У газавікоў яшчэ нямала спраў, у тым ліку на Жабінкаўшчыне, дзе ўжо падведзены газаправод яшчэ да некалькіх паселішчаў — Сакаў, Крыўлянаў, Вежкаў, Агароднікаў, заканчваецца будаўніцтва падводзячага газаправода і ў Рачках. Спадзяёмся, у адпаведны час і там людзі парадуюцца зручнасцям, якія нясе прыродны газ.
Канечне, гэтая важ-ная справа не магла ажыццявіцца без сапраўдных спецыялістаў. Таму словы шчырай удзячнасці чуліся ў адрас праекціроўшчыкаў з “Брэстаблгаза”, будаў-нікоў ААТ “Брэстбудгаз”, непасрэдна людзі выказвалі падзяку інжынеру міжраённага вытворчага ўпраўлення “Брэстміжрайгаз” Раісе Сікора, “што падтрымлівала сакалоўцаў у іх справе ад самага пачатку”.
Увесь час гучала думка: “Разам мы былі літаральна асуджаны на поспех!”

…І палыхнуў нарэшце факел

ПАВОДЛЕ НАРОДНАЙ ТРАДЫЦЫІ хлебам-соллю дзякавалі вяскоўцы сваіх гасцей. Наталля Абібок прамовіла:
— Сёння мы перадаем газавую трубу Жабінкаўскаму ўчастку газазабеспячэння са спадзяваннем, што спецыялісты будуць належна ўтрымліваць яе і абслугоўваць.
Кіраўнік прадпрыемства Яўген Кукашук, са свайго боку, пад гулкае трохразовае “Ура!” са словамі: “Няхай агонь не гасне ў вашых дамах!” — працягнуў старасце вёскі сімвалічны факел. У гэтае ўрачыстае імгненне многім падалося: Сакалова ўзляцела на новую прыступку свайго развіцця!
— Нас радуе, што Сакалова — гэта другі (пасля аграгарадка Хмелева) населены пункт сельсавета, дзе жыхары змогуць карыстацца прыродным газам, — сказаў старшыня Хмелеўскага сельвыканкама Сяргей Прылуцкі.
І гэтым нібыта перадаў слова гасцям з Хмелева. У хуткасці сакалоўскія вуліцы напоўнілі сваімі спевамі самадзейныя артысты з народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”. Іх гарэзлівыя віншаванні завяршыла песня “Мы вам жадаем”. І галоўнае з пажаданняў — сустрэцца неўзабаве зноў. Напрыклад, праз год — на свяце вёскі Сакалова. Што ж, гэта будзе ўжо 385-ы год яе існавання і першы, калі да сакалоўцаў прыйшло блакітнае паліва.
Таму й абяцалі гаспадары частаваць на будучым свяце стравамі, згатаванымі мясцовымі кулінарамі-ўмеліцамі з дапамогай сённяшняга “блакітнага госця”. За год людзі прызвычаяцца да тых выгод, што нясе прыродны газ. Той “госць” пад дахам абжывецца, дый стане ён Гаспадаром, што прынясе утульнасць, дабрабыт і чысціню.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: прыемныя моманты са свята ў Сакалове, прысвечанага пуску ў вёсцы прыроднага газу.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top