І зноў сцягі ўзніме Слова

І зноў сцягі ўзніме Слова

den-blpism

Адным з відовішчаў Заслаўя, леташняга “стольнага града” Дня беларускага пісьменства, стаў шыкоўны парад сцягоў, упрыгожаных гярбамі гарадоў, якім давялося прымаць раней свята кнігі. Сёлета гэтае мерапрыемства зноў павінна паўтарыцца ў Шчучыне, што атрымаў пачэснае права прыняць нацыянальны Дзень пісьменства-2015.

У ГЭТУЮ НЯДЗЕЛЮ ўжо ў дваццаць другі раз Беларусь адзначае свята кнігі і кніжнікаў, людзей улюбёных у Слова. Яно — паводле біблейскай мудрасці — было ў пачатку ўсёй будовы сусвету, на ім, прыгожым і разумным, свет трымаецца дасюль. Бо і сёння чалавек адукаваны — найперш асоба, што чэрпае не толькі свае веды, але й няпростую навуку жыцця з друкаваных старонак. Нават пажоўклыя ад часу, яны нясуць вялікую энергію, а класічныя сусветныя творы — настаўнікі і выхавальнікі найлепшых чалавечых якасцяў і пачуццяў.
У краіне, якую дасюль называюць чытаючай, штогод святочныя мерапрыемствы закліканы паказаць адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай народа, адлюстраваць шлях ад сівога мінулага, пройдзены пісьменствам і друкам у Беларусі, да сённяшняга росквіту друкарскай справы, паказаць роднае слова ў якасці найвялікшай каштоўнасці і адзнакі самабытнасці беларусаў.
Традыцыйна Дзень айчыннага пісьменства ладзіцца ў старажытных гарадах — асяродках асветы і культуры, цэнтрах навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Упершыню гэтае прыгожае свята адбылося ў 1994 годзе. Спачатку дату святкавання вырашылі прымеркаваць да 6 жніўня. Задума не была выпадковай — менавіта ў гэты, вельмі знакавы для Бацькаўшчыны дзень, амаль пяць стагоддзяў таму (6 жніўня 1517 года) сапраўдны волат Адраджэння Францыск Скарына выдаў ў чэшскай Празе самую першую беларускую друкаваную кнігу. Нездарма і месцам, дзе ўпершыню шырока разгарнула свае крылы свята, стала калыска нацыянальнай асветы — славуты горад Полацк, радзіма не толькі першадрукара, але й цудоўных асветнікаў зямлі беларускай — князёўны Еўфрасінні Полацкай ды епіскапа Сімяона. З 1998 года адбыліся змены ў святкаванні: вырашана праводзіць іх штогод у першую нядзелю верасня, кожны раз выбіраць новую сталіцу свята.
Сярод гарадоў, якія літаральна маладзелі-аднаўляліся напярэдадні, на вуліцах і плошчах якіх шырокім патокам разліваліся цікавыя святочныя імпрэзы, станавіліся ў розныя гады Тураў, Заслаўе (гэтым гарадам пашчасціла ўжо двойчы займець права стаць “сталічнымі”), такія значныя гістарычныя цэнтры Беларусі, як Навагрудак і Нясвіж, Орша і Мсціслаў, Мір і Паставы, Шклоў і Барысаў, Смаргонь і Хойнікі, Глыбокае і Быхаў.
ТРОЙЧЫ УДЗЕЛЬНІКАЎ СВЯТА вітала і берасцейская зямля, багатая на свае культурныя і літаратурныя традыцыі. (Нельга забыцца, што наш край нарадзіў і ўзгадаваў больш за паўсотню слынных асветнікаў, а першае друкаванае выданне ў межах сучаснай Беларусі таксама выйшла з берасцейскай друкарні, створанай клопатам вядомага князя Мікалая Радзівіла Чорнага).
Першым на Брэстчыне прымаў гасцей нацыянальнага Дня пісьменства у верасні 1999 года — Пінск, старажытная сталіца палескага краю. Для яго свята было тым моцным штуршком, што пасадзейнічала адраджэнню спадчыны горада, якому пашчасціла захаваць у віхурах шматлікіх войнаў ды разбурэнняў і сваё гістарычнае аблічча, і цікавасць да кніжнасці.
Дасюль многія жабінкаўцы з удзячнасцю згадваюць першы вераснёўскі дзень 2005-га, калі напярэдадні Дня пісьменства, якое прымаў тады суседні Камянец, у Жабінкаўскі Свята-Пакроўскі і Хмелеўскі Спаса-Праабражэнскі храм завітаў Дабрачынны агонь, узяты ад Божай Дамавіны ў Іерусаліме. А на наступны дзень ля старажытнай Камянецкай вежы шырока разгарнуліся афіцыйныя святкаванні.
Найбольш маштабнымі, на мой погляд, былі яны ў 2011 годзе, калі свята перамясцілася ў Ганцавічы — невялікі райцэнтр, звязаны з імем народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і іншых вядомых літаратараў, прозвішчы якіх у рамках свята былі ўвекавечаны ў цэнтры горада на адметнай алеі.
СЁННЯ СВЯТА ПРЫЙШЛО на гарадзенскую зямлю. Для шчучынцаў яно спалучаецца таксама і з чарговым Днём горада. Ён стаіць на парозе сваіх пяцісотых угодкаў. (Першая згадка пра Шчучын, вядомая з пісьмовых дакументаў Вялікага Княства Літоўскага, адносіцца да 1 верасня 1517 года).
Безумоўна, кожнае ранейшае святкаванне дадавала да Дня пісьменства новыя яркія фарбы, мела свае адметнасці. Чым абяцаюць парадаваць арганізатары сёлетняга мерапрыемства?
Як і раней, у рамках свята ўдзельнікі і госці Шчучына змогуць пазнаёміцца з навінкамі “кніжнага свету”, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў краіны, наведаць навукова-практычную канферэнцыю. Плануецца, што сем айчынных празаікаў і паэтаў стануць лаўрэатамі першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Для прыхільнікаў гісторыка-культурнай спадчыны таксама выдатная навіна: пасля шматгадовай рэстаўрацыі расчыніць дзверы перад наведвальнікамі шыкоўны палац князёў-мецэнатаў Друцкіх-Любецкіх. А для аматараў прыгожага слова ў Дзень пісьменства адкрыецца першая кніжная крама-кавярня. Чакаюцца і іншыя яркія запамінальныя імпрэзы. Адным словам, Шчучын гатовы, каб годна ўзняць сцяг свята.
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top