Злучыць паселішчы
добрая дарога

Ужо шмат гадоў хваляваў жыхароў стан дарогі паміж Азятамі і Старым Сялом. Раней былі заасфальтаваныя ўчасткі Рагозна — Азяты і Старое Сяло — Стрыганец — Ракітніца. Заставаўся яшчэ адзін адлегласцю 2,1 кіламетра ад аграгарадка да Старога Сяла. І вось прыемная навіна: працаўнікі ДРБУ-103 (начальнік А.М.Марчанка) пачалі з 25 жніўня ўладкоўваць гэты адрэзак дарогі асфальтавым пакрыццём. Як паведаміла старшыня Азяцкага сельвыканкама Л.У.Харс: “Усе чакалі гэтага. І нездарма, бо дарога даволі бойкая, злучае значныя населеныя пункты Жабінкаўшчыны, тройчы на дзень (за выключэннем панядзелка) па ёй рухаецца маршрутнае таксі на Брэст, а многія жыхары сельсавета працуюць або вучацца ў горадзе над Бугам. Выдатны падарунак для вяскоўцаў стаў магчымым з дапамогай нашага дэпутата ў абласным Савеце Сяргея Дзмітрыевіча Ашмянцава. Сёлета былі выдаткаваны сродкі з абласнога бюджэту на аднаўленне дарогі ў памеры прыблізна 4 мільярды рублёў”.

Радуйся БАБІНАМУ ЛЕТУ,
але не забывай пра халады

Прадпрыемствы і арганізацыі, уладальнікі жыллёвага фонду ў Жабінцы і раёне працягваюць падрыхтоўку да сёлетняга асенне-зімовага сезона.
Паводле дадзеных энергаінспекцыі Жабінкаўскага раёна філіяла “Энерганагляд” РУП “Брэстэнерга”, на 28 жніўня было зарэгістравана 29 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і 14 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц (адпаведна 24,5% і 25% да плана). Першымі ў маі-чэрвені бягучага года іх зарэгістравалі ДУ “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, КУКП “Жабінкаўская раённая кінавідэасетка”, Жабінкаўскі сельвыканкам і іншыя.
Энерганагляд нагадвае, што ўсе работы па падрыхтоўцы да зімы павінны быць завершаны да 20 верасня, а пашпарт гатоўнасці да ацяпляльнага сезона трэба зарэгістраваць не пазней за 1 кастрычніка.

Гран-пры атрымалі ў Польшчы

SAM_1953 З мая і да канца лета Польшча ператвараецца ў вялікую арэну для правядзення розных канцэртаў і фестываляў, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі з розных краін. Сёлета ўзорны дзіцячы аркестр народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў Жабінкі быў запрошаны на ІХ Міжнародны фестываль “Паўночныя тэрыторыі”, які праводзіўся ў Асінах.

“Запрашэнне мы прынялі з задавальненнем, — гаворыць аркестрант Уладзіслаў Партэй. — І чым бліжэй падыходзіў дзень нашага ад’езду ў Польшчу, тым больш мы ўсе хваляваліся. Праўда, нашы хваляванні не перашкодзілі заваяваць гран-пры ў катэгорыі вакальна-музычных груп. Акрамя двух канцэртаў, у якіх удзельнічаў наш аркестр, мы наведалі Мальбаркскі замак і ўзбярэжжа Балтыйскага мора, што нас вельмі ўразіла. Нельга не адзначыць і прыгажосць месца нашага пражывання. Гэта лагер, а ля яго вялікае возера з чысцюткай вадой, вялікія прасторы сасновых лясоў і ранні спеў птушак. На фестывалі мы пазнаёміліся з новымі сябрамі, паглядзелі выступленні розных калектываў і аб’ектыўна ацанілі свае здольнасці”.

Жабінкаўскі камбікорм —
пераможцам

30 жніўня праходзіў фінал адкрытага Кубка Федэрацыі коннага спорту Мінскай вобласці сярод дзяцей і аматараў па канкуры (пераадоленні перашкод), на які было запрошана ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. У спаборніцтвах, якія праходзілі ў пасёлку Ратамка, што на Міншчыне, удзельнічалі дзеці з Беларусі і Расіі.
Пад час мерапрыемства спецыяліст аддзела маркетынгу жабінкаўскага прадпрыемства Вольга Лявонцьеўна Ігнатовіч праводзіла прэзентацыю прадукцыі — камбікорму для коней КК-70. Дарэчы, наш завод — адзіны ў Беларусі вырабляе падобны корм.
Спаборніцтвы па канкуры праводзіліся па чатырох маршрутах. У перапынках паміж імі праходзілі паказальныя выступленні коней. Пераможцы ўсіх маршрутаў атрымалі ў якасці падарунка за прызавыя месцы жабінкаўскі камбікорм КК-70.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top