Зацікавіць таварам пакупніка і быць да яго ветлівым

Зацікавіць таварам пакупніка і быць да яго ветлівым

IMG_5418

IMG_5409Калі спытаць у работнікаў дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю, ці проста ім сёння працуецца, наўрад ці нехта адкажа на гэтае пытанне сцвярджальна. На тое ёсць аб’ектыўныя прычыны. З кожным годам канкурэнцыя на гандлёвым рынку становіцца ўсё больш жорсткай: побач з дзяржаўнымі магазінамі расчынілі дзверы для спажыўцоў прыватныя, якія імкнуцца пераманіць пакупнікоў да сябе. Кожны, вядома, стараецца працаваць стабільна і з прыбыткам.
СТАРЭЙШАЕ ПАКАЛЕННЕ ЖАБІНКАЎШЧЫНЫ памятае той час, калі ўнівермаг у райцэнтры быў дастаткова прывабным месцам з мноствам разнастайнага тавару, які месціўся на двух паверхах. Апошнія дзесяцігоддзі ён заставаўся ў ценю, не асабліва прывабліваў пакупнікоў, палова яго была аддадзена прыватнікам. У жабінкаўскага райспажыўтаварыства не хапала фінансавых сродкаў, каб правесці абнаўленне ўнутраных гандлёвых залаў разнастаіць асартымент тавараў, якія адпавядалі б сучасным густам людзей.
Нарэшце змены адбыліся. ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”, куды цяпер уваходзіць былое жабінкаўскае райспажыўтаварыства, занялося абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы на сваіх аб’ектах, каб прывабіць спажыўцоў і быць бліжэй да іх у аказанні паслуг. Рамонт доўжыўся два жнівеньскія тыдні, але продаж тавараў не спыняўся, тым болей, што рыхтаваліся да новага навучальнага года.
Заходзім у гандлёвую залу першага паверха, адразу заўважаюцца прыемныя перамены. Як высветлілася пад час гутаркі, ідэя магазіна такога фармату належыць намесніку старшыні аблспажыўсаюза Ларысе Міхайлаўне Казловай, а ўвасобілі яе ў жыццё зноў жа будаўнікі з вобласці. Была зроблена навясная столь, сцены абшылі гіпсакардонам, пафарбавалі іх, устаноўлена сучаснае абсталяванне, мантаж якога зрабілі спецыялісты фірмы “Белкааппрагрэс”, ёсць відэаназіранне.
Навізна прыкметная, але здалося — цеснавата. І адразу ўзнікла пытанне наконт другога паверха, якое адрасавалі дырэктару філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” Таццяне Васільеўне Масейка. “Рэканструяваць яго пакуль не будзем, — заўважыла яна. — Усё ўпіраецца ў фінансавыя сродкі. Калі акупяцца расходы, выдаткаваныя на сённяшнюю рэканструкцыю (яна абышлася нам прыкладна ў 750 мільёнаў рублёў), магчыма зоймемся другім паверхам.
Універмаг — універсальны магазін і на стэлажах павінен быць шырокі асартымент тавараў, каб пакупнік мог набыць тут усё: ад шкарпэтак да галаўнога ўбору. Пакуль яшчэ не размясцілі ўказальнікі дзе, якую рэч можна ўбачыць, прымераць, купіць. Цяпер кліентам актыўна дапамагаюць прадаўцы-кансультанты, тым больш калектыў павялічыўся на тры чалавекі. Неўзабаве “памылка” будзе выпраўленая. Ад сябе хачу дадаць, што тавар раскладзены цікава, з густам, пад зрок спажыўца ён абавязкова трапляе. Па-іншаму размясцілі-скампанавалі групы яго. Абнаўленне гандлёвай залы дазволіла нам у больш шырокім асартыменце прапаноўваць жаночую бялізну. У планах наладзіць прамыя пастаўкі прадукцыі фірмы “Марк Фармель”, што знаходзіцца пад Мінскам (гэта жаночае, мужчынскае і дзіцячае адзенне)”.
Калектыў прадаўцоў-кансультантаў універмага, які ўзначальвае Валянціна Яўгенаўна Рашанок, ветліва сустракае кожнага, хто заходзіць у залу, і ўважліва выслухоўвае. Усе работніцы Ала Трафімаўна Казулька, Галіна Аляксандраўна Алешка, Алена Пятроўна Дубініна, Вольга Сцяпанаўна Варабей, Ларыса Іванаўна Завяржэнец, Раіса Іванаўна Асіпук разумеюць: мала, каб чалавек зрабіў пакупку і задаволены пайшоў дадому, а важна, каб наступным разам ён прыйшоў менавіта сюды. Словам, складваюцца партнёрскія адносіны паміж прадаўцом і пакупніком.
Усе, хто працуе ва ўнівермазе Жабінкі, даўно ў гандлі. Яны ўмеюць размаўляць з наведвальнікамі, ведаюць як, каму і што прапанаваць, разумеюць — прадасі тавар патрэбны, спажывец запамятае дарогу да твайго прылаўка, а праявіш некампетэнтнасць ці няўважлівасць — і можаш назаўжды страціць пакупніка. А цяпер для гэтага і ўмовы створаны добрыя, так што працуй і зарабляй грошы, павялічвай колькасць сяброў-пакупнікоў, якія б прыходзілі ў магазін са словамі: “Мы ведаем, вы дапаможаце выбраць падарунак”. Гэта і будзе самая лепшая падзяка за працу. Дырэктар філіяла “Жабінкаўскі” Таццяна Васільеўна Масейка пад час гутаркі зазначыла: “Пасля 21 жніўня павялічыўся паток пакупнікоў і дзённая выручка ўзрасла. Калі да рамонту тавараў штодзень прадавалася прыкладна на пяць мільёнаў, то цяпер больш як на 20 мільёнаў рублёў. Паклапоцімся пра пашырэнне таварнага асартыменту, а работніцы прылаўка свае зносіны з кліентамі і далей будць будаваць на ўзаемапаразуменні, ветлівасці, каб тым заўсёды хацелася завітаць да іх па пакупкі.”
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top