“Бе-Lа-Русь” збірае сяброў

“Бе-Lа-Русь” збірае сяброў

Vosp1C0cdJA(1)

Дэлегацыя ад Брэсцкай вобласці ў складзе 22 чалавек (Жабінкаўшчыну прадстаўлялі 3) пабывала ў Міжнародным палатачным лагеры “Бе-La-Русь”, які праводзіцца на мяжы трох дзяржаў: Беларусь, Латвія, Расія, ля Кургана Сяброўства, які з’яўляецца месцам сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Знакаміты Курган Сяброўства — крайні паўночна-заходні пункт Беларусі, знаходзіцца ў маляўнічым кутку Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. У памяць пра баявую садружнасць партызан Беларусі, Латвіі, Расіі ў 1959 годзе паводле ініцыятывы Пятра Машэрава ён быў насыпаны з зямлі, прынесенай з магіл партызан, пахаваных у розных месцах. На вяршыні расце дуб, сімвалізуючы добрасуседскія адносіны трох народаў.
Сёлета арганізатарамі злёту стала Латвія. У 2016-ым, юбілейным, споўніцца 25 гадоў Міжнароднаму лагеру, адказнасць за правядзенне возьме на сябе Беларусь.
А зараз вернемся да таго, што ўбачылі ўдзельнікі нашай дэлегацыі. На працягу чатырох дзён моладзь змагалася ў розных творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах: у футболе, валейболе, дартсе, перацягванні каната, у конкурсе “Лепшая пара лагера”. Апошні арганізатары зрабілі інтэрнацыянальным. Хлопцы і дзяўчаты толькі пад час жараб’ёўкі даведаліся, што партнёры ім дастануцца з дэлегацый іншай краіны. З Брэсцкай вобласці ўдзельнічала маладая сям’я Кацярыны і Юрыя Сегенюкоў. Яны праявілі кемлівасць, прыдумалі прыгожую гісторыю сваіх герояў, жарты — і ў выніку занялі 3-е месца, а яшчэ Юрый Сегенюк атрымаў дыплом у намінацыі “Містар лагера”.
Нельга не сказаць пра выдатную гульню валейбольнай каманды Брэсцкай вобласці. Яна ўвайшла ў фінал і гуляла з латвійскімі валейбалістамі. На жаль, зусім крыху не хапіла, каб узяць кубак, — і ў выніку 2-е месца. Тым не менш, балельшчыкі актыўна падтрымлівалі сваю каманду.Вельмі спадабаўся ўсім флэшмоб, у якім прымалі ўдзел усе госці свята.
Хочацца адзначыць, што Міжнародны лагер наведаў кампазітар Эдуард Ханок. Ягоныя знакамітыя хіты “Столь ледзяная”, “Самурай”, “Ты вазьмі мяне з сабой”, “Я ў бабулі жыву”, “Лягу-прылягу” гучалі над лясной палянай нібы прывітанне з савецкага мінулага. Яшчэ над “Бе-La-Руссю” “плыў” блюз у выкананні латвійскай групы “The Twins Peek”. Спявалі песні на латышскай, рускай і беларускай мовах. Няма чаго здзіўляцца, бо ў складзе латвійскай дэлегацыі ўдзельнічала моладзевая група беларускага таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса.
І вядома, у год 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне арганізатары не абышлі патрыятычную тэматыку. “Мы за мір, за сяброўства” — такі быў дэвіз лагера. Наша дэлегацыя і іншыя ўдзельнікі каманд наведалі музей баявой славы ля Кургана Сяброўства, пагутарылі з ветэранамі. Паводле традыцыі маладыя людзі ўсклалі сплеценыя з хваёвых галінак гірлянды да манументаў на беларускай і расійскай тэрыторыях.
Дарэчы, у лагеры ёсць і свае цікавыя традыцыі. Самыя запамінальныя і вясёлыя — пасвячэнне навічкоў, “хрышчэнне” іх дубовымі галінкамі, “Трубка міру”, развітальны “Арляцкі круг”.
Такім чынам, Міжнародны лагер “Бе-La-Русь” з’яўляецца месцам, куды заўсёды хочацца вярнуцца, дзе застаюцца самыя лепшыя ўспаміны.
Марына КАРЖУК, актывіст Жабінкаўскай РА ГА “БРСМ”.
На здымку: каманда Брэсцкай вобласці — удзельнікі Міжнароднага лагера на памежжы Беларусі, Латвіі і Расіі.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*