Мікітаў — трэк, Яўгенаў — рэп

Мікітаў — трэк, Яўгенаў — рэп

IMG_0091

У сярэдзіне жніўня ў Кобрыне адбыўся V Міжнародны марафон моладзевай творчасці “Лета-2015”. Маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года спаборнічалі ў розных намінацыях на дзевяці пляцоўках горада. Свае таленты і майстэрства прадэманстравалі вакалісты і інструменталісты, цыркачы і ілюзіяністы, аматары актыўнага і экстрэмальнага відаў спорту, трэйсеры (паркуршчыкі), рэперы, бітбоксеры, вулічныя танцоры з Беларусі, Польшчы і Украіны — усяго больш за 200 удзельнікаў. Творчыя калектывы прыехалі ў Кобрын з Брэста, Пінска, Бярозы, з украінскага Ковеля, з польскіх Мендзыжаца-Падляскага і Бельска-Падляскага, іншых гарадоў.
Прыемна, што ў самым крэатыўным моладзевым праекце года прынялі ўдзел і жабінкаўцы Мікіта Бышэвіч і Яўген Гараднічук. І не проста паўдзельнічалі, але й вярнуліся з узнагародамі. Мікіта паказаў сваё майстэрства ды-джэя і атрымаў дыплом ІІ ступені, статуэтку і флэш-карту ў падарунак, Яўген чытаў рэп і ў выніку заслужыў прыз глядацкіх сімпатый. Дарэчы, арганізатары адзначылі, што сярод рэпераў упершыню з’явіўся ўдзельнік з Жабінкі.
Пасля паездкі на марафон моладзевай творчасці Мікіта Бышэвіч і Яўген Гараднічук завіталі ў рэдакцыю раёнкі і расказалі пра сябе і свае выступленні.
Мікіта вучыцца ў 11 класе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, Яўген — 10-класнік Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната. Музыкай хлопцы захапляюцца даўно, абодва скончылі Жабінкаўскую дзіцячую школу мастацтваў. Там жа і пазнаёміліся, выступаючы ў аркестры, а з цягам часу пасябравалі.
Думаю, менавіта любоў да музыкі, сяброўства юнакоў і ўзаемападтрымка, а таксама пастаянныя рэпетыцыі і паспрыялі поспеху на міжнародным моладзевым фестывалі ў Кобрыне.
Цікаўлюся ў юнакоў, дзе вучаць на ды-джэяў і рэпераў.
— Тата з дзяцінства прымушаў мяне пісаць вершы, — расказвае Жэня Гараднічук. — Не здзіўляйцеся. Я з лёгкасцю рыфмаваў словы, ён гэта заўважыў. Мне, канечне, не падабалася пісаць “з-пад палкі”, але зараз я вельмі ўдзячны бацьку. Складанне вершаў перайшло ў напісанне песень, рэпавых тэкстаў. Заўсёды стараюся, каб яны былі змястоўныя. Рэп падабаецца моладзі. Гэта складаныя рыфмы, не дзеяслоўныя. Спачатку мяне праслухалі ў Жабінцы, у Доме культуры, ацанілі маё чытанне рэпу як “нешта новае” для райцэнтра і накіравалі на моладзевы фестываль у Кобрын. Выступалі чытальнікі рэпу на пляцоўцы ля кінатэатра “Вясёлка”. Сапернікі былі вельмі дастойныя. Асабіста мне спадабалася выступленне берасцейца Дзмітрыя Нагавіцына. У выніку ж перамаглі кобрынскія рэперы. Наконт майго выступлення журы выказалася, што для такога юнага выканаўцы, як я (а Жэню 16 гадоў. — Заўвага аўт.), тэкст быў даволі складаны. Яшчэ адзначу вялікую колькасць гледачоў. Адчувалася ўзаемадзеянне: балельшчыкі заўсёды зацікаўлены, каб ты выступіў як мага лепш, выступоўца зацікаўлены, каб балельшчыкам спадабалася.
Шкада, што мінусоўку мне ставіў не Мікіта: ён ведае, дзе музыка пад час майго выступлення павінна быць гучнейшая, дзе цішэйшая. Ён сапраўдны прафесіянал ды-джэйскай справы.
Мікіта Бышэвіч у гэты час сціпла ўсміхаецца.
— Гады два таму назад я пачаў ствараць трэкі на камп’ютары, — кажа ён. — Сябры паслухалі, сказалі, што нешта ў гэтым ёсць. З паступленнем у брэсцкі ліцэй пачаў выступаць у арт-клубе “Цагліна”, пазнаёміўся са шматлікімі ды-джэямі Беларусі, у якіх многаму навучыўся. Бацькі з разуменнем ставяцца да маіх захапленняў музыкай і задаволены маім поспехам, аднак пастаянна нагадваюць, каб не забываў пра вучобу.
Пад час ўдзелу ў міжнародным музычным марафоне Мікіта Бышэвіч і Яўген Гараднічук не толькі атрымалі сваю “хвіліну” славы, але й пазнаёміліся з аднадумцамі з роднай Беларусі, а таксама з Украіны і Польшчы. Дарэчы, статус міжнароднага музычны фестываль у Кобрыне атрымаў сёлета, у Год моладзі. Яго арганізатары ўпэўнены, што правядзенне марафона стане добрай традыцыяй і што гэта не толькі спаборніцтвы, але і магчымасць новых знаёмстваў, зносінаў і сяброўства.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: сябры Мікіта Бышэвіч і Яўген Гараднічук задаволены сваімі выступленнямі ў Кобрыне.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top