… Я бы в медики пошел

… Я бы в медики пошел

… Я ў медыкі пайшоў
Яны паселі на канапе, як верабейчыкі на галінцы, гатовыя выпархнуць з ардынатарскай пры першым вокліку медсястры або ўрача. Шэсць студэнтаў — Наталля Наканечная, Яўгенія Федарцова, Кацярына Скачыкоўская, Юрый Глебік, Андрэй Арлавец і Лілія Бычук — некалькі тыдняў праходзілі медыцынскую практыку ў хірургічным аддзяленні райбальніцы. Усе яны вучацца ў вышэйшых навучальных установах (у Віцебскім або Гродненскім дзяржаўных універсітэтах) і мараць стаць урачамі. А каб пяці- і трэцякурснікам адчуць увесь “смак” абранай прафесіі, даводзіцца штогод праходзіць практыку. У кожнага — свае памкненні, жаданні, мары, мэты. Галоўнае, каб за час вучобы не загубілася галоўне: адчуваць боль хворых, як сваю, захаваць чуласць і чалавечнасць.
Здаецца, з гэтым у Ліліі Бычук не будзе праблем:
— Спачатку я марыла стаць кардыёлагам або пульманолагам, — кажа дзяўчына. — А цяпер цвёрда вырашыла — хачу быць педыятрам. Калі праходзіла практыку ў Брэсцкім абласным  радзільным доме, слёзы наварочваліся, калі мы, практыканты, назіралі за немаўляткамі; адны, здаровенькія, ціхенька ляжалі ля парадзіх ці гучна смакталі малако маці. А іншыя, з рознымі паталогіямі, ляжалі ў “інкубатарах” і нават не мелі сіл плакаць. Бачыць слёзы і пакуты іх матуль — немагчыма. А задача ўрачоў — выхадзіць такіх дзетак. Праўда, мяне больш цікавіць малеча, якая поўзае і пачынае размаўляць. З такімі пацыентамі трэба быць абавязкова ветлівым, умець жартаваць і адцягнуць увагу ад непрыемных працэдур — тых жа ўколаў. Увогуле, дзіцячы ўрач павінен быць не толькі выдатным спецыялістам у сваёй справе (бо не заўжды малое можа правільна растлумачыць, што і дзе баліць), але і псіхолагам, каб выклікаць прыхільнасць юнага пацыента. А вось пужаць сына або дачку, якія не слухаюцца, уколамі — вельмі і вельмі няправільна. Урач —ён выратаўнік у цяжкую хвіліну, а не пудзіла накшталт Бабая… Мая мама — медсястра, мяне гэтаму заўжды вучыла…
— Я таксама з сям’і медыкаў, — кажа Юрый Глебік. — Мая мама, родная сястра, дзядзька ў Віцебску — дактары, дзядуля ганаровым донарам быў. Хацеў удасканальваць веданне замежнай мовы, аднак з хіміяй прасцей было… Сумненні адпалі, калі аднойчы давялося рабіць укол дзядзьку. Ён жартаўліва падставіў “месца” для ін’екцыі, пацёр яго і сказаў мне, старшакласніку: “Не здраджвай дынастыі, тваё месца — у медыцыне”. Пакуль не адчуваю сябе ў гэтай сферы староннім чалавекам.
— А я з будучай прафесіяй вызначыўся, як зараз памятаю, яшчэ ў першым класе, — падхапіў размову Андрэй Арлавец. — Вельмі падабалася, што тата, хаця і часта быў стомлены, расказваў пра хворых, іх праблемы, не пазбягаў медыцынскіх тэрмінаў. Таму, калі вывучалі лацінскую мову, вельмі многае было зразумела. Вучыцца на медыцынскіх факультэтах — няпроста, аднак “жывая” практыка дае вельмі многа.
— Вельмі здорава, што нам давяраюць многае рабіць у аддзяленні, — дзеліцца ўражаннямі Яўгенія Федарцова. — Уколы зрабіць, перавязку, кропельніцу паставіць, быць асістэнтам на аперацыі — нам заўжды “зялёнае святло”. Прыемна, калі пацыенты самі просяць: няхай, маўляў, маладзенькія са шпрыцамі прыходзяць. Праўда, браць кроў з вены мне яшчэ страшнавата…
— Пах бальнічных калідораў мне з дзяцінства падабаўся, — прызнаецца Наталля Наканечная. — Магчыма, таму, што бабуля Кацярына працавала ў санстанцыі. Вагалася, куды паступаць — на замежныя мовы ці ў медыцыну. Вучылася на падрыхтоўчых курсах, “падцягнула” біялогію, хімію, рускую мову і неўзабаве стала студэнткай. Шчыра кажучы, калі першы раз нам далі скальпель і загадалі разрэзаць “вучэбнае” цела ў моргу, хацелася ўсё кінуць і бегчы ў іншую прафесію, менш крывавую і пакутлівую. Аднак стрымалася. І не шкадую.
… Наша размова перабівалася выклікамі то аднаго, то іншага практыканта: кропельніцу паставіць, патрымаць перапалоханага і заплаканага хлопчыка, які разбіў сківіцу і руку, падаваць інструменты пад час гнойнай перавязкі. Кароткае абмеркаванне чарговай падзеі — і — ніякай агідлівасці і жаху, толькі жывы інтарэс і падрабязнасці, і тэрміны, незразумелыя далёкаму ад медыцыны чалавеку. Мне падалося, што гэтыя маладыя людзі абралі правільны шлях, і будуць верныя клятве Гіпакрата ўсё жыццё. Верыцца, што наша бальніца праз некалькі год атрымае ўжо не зацікаўленых практыкантаў, а спецыялістаў, улюбёных у сваю справу.
С.КІСЛАЯ.
На здымку: у хірургічным аддзяленні праходзілі практыку Наталля Наканечная, Яўгенія Федарцова, Кацярына Скачыкоўская, Юрый Глебік, Андрэй Арлавец, Лілія Бычук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top