Спадчына: захоўваць і аднаўляць

Спадчына: захоўваць і аднаўляць

IMG_1121

24 жніўня старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук правёў чарговае пасяджэнне выканкама.
На парадак дня былі вынесены пытанні аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да пачатку 2015-2016 навучальнага года і аб арганізацыі падвозу дзяцей. Дакладвала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Г.С.Бурко.
Якая работа наладжана ў раёне па захаванні і аднаўленні гісторыка-культурных каштоўнасцяў у рамках рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Н.В.Куракевіч. Яна паведаміла, што на Жабінкаўшчыне на ўліку знаходзяцца 78 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку воінскія пахаванні, брацкія магілы, помнікі воінскай славы, архітэктуры, археалогіі, абразы, прыроды. У Дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўваходзяць 44 помнікі, на якія выраблены пашпарты новага ўзору, падпісаны ахоўныя абавязацельствы.
Арганізуе работу па захаванні, аднаўленні, ахове і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны аддзел ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама сумесна з зацікаўленымі аддзеламі райвыканкама, а таксама сельвыканкамамі і ўласнікамі гэтых каштоўнасцяў. Штоквартальна праводзяцца пасяджэнні каардынацыйнага савета райвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Рэгулярна ў ходзе маніторынгаў адсочваецца стан гэтых аб’ектаў.
Да слаўных юбілеяў 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя Вялікай Перамогі ўласнікі адрамантавалі, дзе гэта было неабходна, помнікі, добраўпарадкавалі тэрыторыю ля іх. Летась на гэтыя мэты было расходавана 645,8 млн. руб., сёлета — больш чым 178 млн.
Ніна Віктараўна адзначыла таксама, што супрацоўнікі аддзела правялі камісійнае абследаванне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой славы і масавай гібелі грамадзянскага насельніцтва, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Немалаважна, што пасля вайны прайшло столькі гадоў, а нашчадкі памятаюць пра подзвігі бацькоў і дзядоў. Таму не спыняецца работа па ўстанаўленні прозвішчаў невядомых воінаў, якія пахаваны на тэрыторыі раёна, выяўляюцца няўлічаныя пахаванні.
У нашым раёне ёсць 7 помнікаў археалогіі. У прыватнасці, на адным з іх — “Рэшткі Крыўлянскага замка” летась былі праведзены навуковыя даследаванні, зроблены навуковы пашпарт, устаноўлена ахоўная дошка. Як паведаміла Н.В.Куракевіч, у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” на 2012-2018 гады прадугледжана штогадовае фінансаванне гэтага аб’екта. Праект ахоўнай зоны накіраваны на зацвярджэнне ў Міністэрства культуры Беларусі. Сёлета навукова абследаваны пяць курганных могільнікаў ранняга сярэднявякоўя, бронзавага і жалезнага вякоў, што знаходзяцца на тэрыторыі раёна.
10 жабінкаўскіх праваслаўных храмаў з’яўляюцца помнікамі архітэктуры. Разглядаецца пытанне аб унясенні Свята-Мікітаўскай (в.Здзітава), Свята-Міхайлаўскай (аг.Сцяпанкі) і Свята-Праабражэнскай (аг.Хмелева) цэркваў у намінацыйнае дасье на ўключэнне аб’ектаў драўлянага культавага дойлідства ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Усе культавыя збудаванні ў раёне ўтрымліваюцца ў належным санітарным стане.
Выканкам адзначыў, што аддзел ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі праводзіць пэўную дзейнасць у выкананні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” і, у прыватнасці, даручыў і надалей кантраляваць захаванне заканадаўства ў гэтай важнай справе.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top