Дэпартацыя

Дэпартацыя

Untitled-12

Жыхар Рэспублікі Узбекістан Зуфаржон Мірзаахмедаў дзейнічаў па прынцыпе: як выганяць у дзверы, то лезь у акно. У лістападзе 2014 года ён прыехаў у Беларусь і зарэгістраваўся ў аграгарадку Пелішча Камянецкага раёна. Па месцы рэгістрацыі, аднак, не жыў, бо хацеў зарабіць грошай і раз’язджаў па гарадах і вёсках з сябрамі, прадаючы рэчы.
29 снежня на рынку ў Гомелі да яго падышоў работнік міліцыі і папрасіў паказаць дакументы. Высветілася, што каля трох тыдняў Зуфаржон не жыў там, дзе быў зарэгістраваны. На яго ў аддзяленні грамадзянства і міграцыі аддзела міліцыі Чыгуначнага раёна Гомеля склалі пратакол, згодна з якім ён павінен быў пакінуць добраахвотна ў трохдзённы тэрмін Рэспубліку Беларусь. Яму забараняўся ўезд у нашу краіну да 31 снежня 2016 года.
30 снежня мінулага года купіў у Гомелі білет да Чарнігава, адкуль, як заявіў на судзе, збіраўся ехаць у Адэсу, а адтуль ужо дадому ва Узбекістан.
Прыехаўшы на пункт пропуску “Новая Гута”, Зуфаржон Мірзаахмедаў атрымаў адзнаку аб выбыцці з Беларусі. Ва ўкраінскім жа пункце пропуску атрымаў штамп аб транзіце. Яму растлумачылі, што на працягу трох дзён ён абавязаны пакінуць краіну. На гэта Зуфаржон адказаў, што пакуль не збіраецца выязджаць з Украіны, пасля чаго пагранічнік паставіў адзнаку аб адмове ва ўездзе. Прыйшлося вярнуцца ў Беларусь. Пры гэтым рашыў насіць з сабой копію пашпарта, каб не было бачна адзнакі аб дэпартацыі.
2 студзеня 2015 года пункт пропуску “Новыя Юркавічы”. Мірзаахмедаў перайшоў на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, атрымаў новую міграцыйную карту і вярнуўся назад. Колькі ён яшчэ гуляў бы па Беларусі, невядома, калі б напачатку сакавіка ні “пракалоўся” ў Жабінцы.
Незадоўга да гэтага, калі Зуфаржон дабіраўся ў наш райцэнтр, яго падвёз выпадковы вадзіцель. Разгаварыліся. Пасажыр прызнаўся, што ў дарозе ён абязгрошыўся, папрасіў 100 тысяч беларускіх рублёў у займы, абяцаючы аддаць, як толькі мецьме, і кіроўца пазычыў.
Зараз Зуфаржон меў грошы і вырашыў вярнуць доўг. Ён пазваніў свайму ратавальніку ў цяжкую хвіліну, і той назначыў спатканне ў мікрараёне цукровага завода. Калі Мірзаахмедаў чакаў яго, падышоў работнік міліцыі і папрасіў прад’явіць дакументы…
У канцы мая быў суд, які назначыў З.Мірзаахмедаву (артыкул 371-2 Крымінальнага кодэкса) пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін тры месяцы. Пасля гэтага ён абавязаны пакінуць межы Рэспублікі Беларусь.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ,
суддзя суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top