Не павінна быць абмежаванняў у грамадстве

Не павінна быць абмежаванняў у грамадстве

IMG_0019 IMG_5280 IMG_5282

Сучаснае імклівае жыццё нават для здаровага чалавека тоіць у сабе нямала неспадзевак. А што рабіць, калі вы фізічна абмежаваны інвалід у сваіх дзеяннях, каб супарцьстаяць псіхалагічнаму ціску шэрых і маркотных будняў, што датычаць усіх сфер вашага жыцця — асабістага, духоўнага і матэрыяльнага? Асабліва адчувальныя ў гэтым інваліды па зроку. Давялося чытаць, што 90% інфармацыі чалавек атрымлівае менавіта дзякуючы зроку. Дый час не стаіць на месцы, а дыктуе новыя патрабаванні.
БЯССПРЭЧНА, шмат добрых спраў робіцца ў накірунку паляпшэння ўмоў жыцця нязрачых інвалідаў праўленнем Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”.
На днях адбыўся справаздачна-выбарны сход Жабінкаўскай раённай арганізацыі, якая аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах 63 чалавекі. З іх 27 маюць першую і другую групы інваліднасці, ветэранамі грамадскай суполкі з’яўляюцца Г.М.Асіпук, П.А.Жыгман, Г.Д.Пятручык, М.В.Ануфрыюк і В.Р.Цаль. Самыя маладыя сябры арганізацыі Хрысціна Кузьміцкая і Марыя Быкава (студэнткі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна) і Настасся Бутрым (вучаніца Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната).
З ДАКЛАДАМ “Аб рабоце праўлення раённай арганізацыі інвалідаў па зроку” выступіла яго старшыня Раіса Сцяпанаўна Ліскова. Яна адзначыла, што сваю працу праўленне цесна звязвае з планамі работы абласной арганізацыі, упраўленнем працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Асноўнымі накірункамі дзейнасці з’яўляюцца наведванне інвалідаў зроку дома з мэтай выяўлення праблем і аказання сацыяльнай дапамогі; забеспячэнне іх сродкамі рэабілітацыі; прыцягненне да ўдзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах; распаўсюджванне інфармацыі пра дзейнасць арганізацыі; забеспячэнне гуманітарнай дапамогай; стварэнне безбар’ернага асяродку ў раёне.
Раіса Сцяпанаўна Ліскова, у прыватнасці, сказала: “Сваю работу праўленне праводзіць згодна з планам, які зацвярджаецца на яго пасяджэнні. Рэспубліканская праграма “Аб безбар’ерным асяродку жыццядзейнасці фізічна аслабленых асобаў” прадугледжвае комплексны падыход да вырашэння пытанняў стварэння ўмоў незалежна, дзе жыве чалавек. Быў праведзены маніторынг аб’ектаў, абсталяваных у 2011-2015 гадах элементамі для бесперашкоднай арыентацыі інвалідаў.
Згодна з прапановамі арганізацыі зроблена кантраснае пакрыццё прыступак пры ўваходзе і ўнутры, нанесена маркіроўка на ўваходныя дзверы будынкаў раённага вузла паштовай сувязі, ААБ “Беларусбанк” і яго аддзяленняў, магазінаў №15, 2 і 10, цэнтральнай аптэкі. Нанеслі кантрасную афарбоўку на бардзюрах на прыпынках грамадскага транспарту ў горадзе, пафарбаваны прыступкі ў дамах, дзе жывуць інваліды, укладзены някоўзкія пакрыцці ля ўваходаў у сацыяльна значныя аб’екты. Цяпер распрацоўваюцца прапановы, што будуць унесены ў праект раённых мерапрыемстваў на 2015-2020 гады ў стварэнні безбар’ернага асяродку ў грамадскіх будынках на тэрыторыі раёна.
Для вырашэння працоўнай і сацы-яльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. У справаздачным перыядзе 12 чалавек прайшлі навучанне па курсе “Прасторавая арыенціроўка і сацыяльна-бытавая”. Праводзіліся заняткі з псіхолагам, пасля заканчэння іх слухачам уручылі сертыфікаты. Нашым інвалідам дапамагаюць сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму, у пункце сродкаў рэабілітацыі цэнтра яны таксама атрымліваюць іншыя прыстасаванні, што дапамагаюць ім у жыццядзейнасці.
Мы стараемся забяспечваць інвалідаў тэфлатэхнічнымі сродкамі, якія аблягчаюць умовы быту. Так, за спонсарскія сродкі, выдаткаваныя прадпрыемствам “Белспецзнештэхніка”, былі закуплены палкі складныя, ніткаўдзявальнікі, з сінтэзатарам мовы: наручныя гадзіннікі, два тэрмометры для вымярэння тэмпературы цела і адзін танометр для вызначэння ціску крыві. Жабінкаўскія інваліды атрымліваюць тэфлатэхнічныя сродкі і ад абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ”: паступілі нам пяць наручных гадзіннікаў, два будзільнікі, лупа і палка, сем рыдыёпрыёмнікаў.
Сябры раённай арганізацыі штогод удзельнічаюць у абласным конкурсе “Я — самы рэабілітаваны”; летась разам з ДАІ правялі акцыю “Сляпы пешаход”, якая датычылася бяспечнага руху на нерэгулюемым пешаходным пераходзе; былі актыўнымі таксама ў трэнінгу, што адбыўся ў Брэсце, з мэтай навучання карыстанню мабільным тэлефонам “Нокія”.
Нягледзячы на праблемы са здароўем, сябры нашай арганізацыі актыўныя ў культурна-масавай рабоце: ушаноўвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жанчын, абаронцаў Айчыны; удзельнічалі ў абласным конкурсе эсэ “Слова за намі” (Марыя Быкава і перамагла), у рэспублікнскім конкурсе на лепшага журналіста інтэрнэт-радыё “Мазаіка жыцця” (Андрэй Шыманскі), іншых мерапрыемствах”.
Асаблівую ўдзячнасць напрыканцы выступлення Раіса Сцяпанаўна выказала кіраўнікам ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” В.К.Волку, ПМК-19 П.У.Вайноўскаму, ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” В.Р.Міронаву, старшыні раённага аддзялення “Беларускі фонд міру” Л.І.Ярмашук за разуменне праблем і фінансавую падтрымку.
Затым слова ўзяла рэвізор раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Галіна Васільеўна Дзяркач, якая паведаміла, што асноўнымі паступленнямі на разліковы рахунак (за справаздачны перыяд яны склалі 35 мільёнаў 38 тысяч рублёў) з’яўляюцца членскія ўзносы і мэтавыя фінансавыя выдаткі ад абласной арганізацыі, дабрачынныя ахвяраванні іншых арганізацый; на 34 мільёны 931 тысячу рублёў было атрымана гуманітарнай рэчавай дапамогі. І фінансавыя сродкі, і гуманітарка размеркаваны мэтава і паводле прызначэння.
Пасля справаздач старшыні праўлення Р.С.Лісковай і рэвізора раённай арганізацыі Г.В.Дзяркач, выказванняў інвалідаў, быў выбраны новы састаў праўлення і старшыня. Дарэчы, усе аднагалосна даверылі ўзначальваць яго зноў Раісе Сцяпанаўне Лісковай.
У РАБОЦЕ сходу прымалі ўдзел шматлікія госці: намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк, начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Л.Ф.Селівонік, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” І.Л.Юрэня, іншыя.
Першай з гасцей выступіла намеснік старшыні райвыканкама Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк. Яна сказала: “У нашым раёне працуюць сямнаццаць грамадскіх арганізацый. Прыемна, што ў вашай пануе шчырасць, сяброўства, узаемапаразуменне. Думаю, што яшчэ не ўдалося прыцягнуць да працы ў арганізацыі ўсіх, хто мае праблемы са зрокам. Новаму праўленню трэба актыўней працаваць у гэтым накірунку, пашыраць шэрагі сяброў. Вядома, што ёсць і нявырашаныя праблемы, якія б дапамагалі вам адчуваць сябе ў грамадстве карыснымі. Паведамляйце пра іх, райвыканкам і іншыя арганізацыі дапамогуць вырашыць сацыяльна-працоўныя пытанні, медыцынскай рэабілітацыі, абароняць вашы правы і законныя інтарэсы”.
З захапленнем госці і ўдзельнікі сходу слухалі выступленне старшыні абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Ірыны Леанідаўны Юрэні. Яна ўзгадала, што справаздачна-выбарная кампанія ў вобласці пачалася 1 красавіка, завершыцца яна 1 кастрычніка; 5 лістапада адбудзецца ХХV справаздачна-выбарная канферэнцыя Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ”, а затым расказала, чым напоўнена жыццё інвалідаў вобласці, якія з’яўляюцца сябрамі суполкі (налічваецца 2050 чалавек у ёй); што значыць стварэнне безбар’ернага асяродку для інвалідаў; якія сацыяльныя праекты рэалізуюцца ў краіне для людзей са слабым зрокам (закупляюцца кнігі, што гавораць; некаторыя інваліды забяспечваюцца аналагічнымі навігатарамі, у цэнтральным праўленні ёсць міні-друкарня, дзе выпускаецца літаратура па Брайлю, створана інтэрнэт-радыё, шведы навучаюць нашых маладых людзей, якія слаба бачаць, прадпрымальніцтву і г.д.).
Ірына Леанідаўна таксама паведаміла, што ў вобласці клапоцяцца аб навучанні і працаўладкаванні моладзі са слабым зрокам. Напрыклад, у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна вучыцца 12 студэнтаў-інвалідаў па зроку, якіх абласное праўленне стараецца забяспечыць неабходнымі сродкамі для паўнацэннага атрымання ведаў. За паўгоддзе было працаўладкавана ў вобласці 19 людзей са слабым зрокам (масажысты, прадаўцы і г.д.).
У заключэнне выступоўца зазначыла, што скараціліся шэрагі абласной арганізацыі, што тлумачыцца змяншэннем праблем у такіх людзей. “Асноўная наша задача, — дадала яна, — у тым, каб у чалавека з абмежаванымі магчымасцямі не было абмежаванняў у грамадстве, трэба, каб кожны мог праявіць сябе ў працы, спорце, творчасці.”
Завяршыўся сход на музычнай ноце. Песні, найгрышы, жартоўныя вершы дарылі ўдзельнікі народнага хору “Тонус”
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top