Моладзь Жабінкаўшчыны: дзень сённяшні з перспектывай на заўтра

Моладзь Жабінкаўшчыны: дзень сённяшні з перспектывай на заўтра

З сесіі раённага Савета дэпутатаў

21 жніўня прайшла 9 сесія Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ХХVII склікання. Удзел у ёй прыняў старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук, а таксама яго намеснікі, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, сельсаветаў, якія не з’яўляюцца дэпутатамі. На парадак дня сесіі было вынесена пытанне аб рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў раёне ў рамках правядзення Года моладзі. З дакладам выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Н.В.Куракевіч. У спрэчках прынялі ўдзел начальнік РАУС, дэпутат ад Прыбужскай выбарчай акругі №17 А.Я.Лагота, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.У.Тарасевіч, першы сакратар РК ГА “БРСМ” В.М.Плавух. Дэпутаты таксама ўнеслі змяненні ў адно са сваіх ранейшых рашэнняў і разгледзелі пытанне аб продажы дзяржаўнай маёмасці.

Прапаноўваючы ўдзельнікам сесіі абмеркаваць моладзевае пытанне, старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк адзначыў, што моладзевая паліты-ка з’яўляецца адным з важных накірункаў сацыяльнай і эканамічнай палітыкі. І галоўнай яе мэтай з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для рэалізацыі патэнцыялу юнакоў і дзяўчат у розных сферах жыццядзейнасці. Што ж уяўляе сабой моладзь Жабінкаўшчыны? Ці зможа яна праявіць сябе, зрабіць нашу родную зямлю багацейшай і прыгажэйшай, з моцнай эканомікай і высокім інтэ-лектуальным і духоўным узроўнем развіцця? Ці апраўдае спадзяванні сваіх бацькоў, старэйшых пакаленняў? І ў той жа час якія захады робяцца, якія ўмовы ствараюцца, каб маладыя людзі былі здаровымі і фізічна, і маральна?
Гэтыя пытанні заўжды былі актуальнымі, бо ва ўсе часы рабілася стаўка на моладзь — будучае, надзею і апору краіны. А тым больш цяпер, у Год моладзі.

Што за лічбамі?

Н.В.Куракевіч прывяла ў дакладзе наступную статыстыку: на 1 студзеня 2015 года ў раёне 4731 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года (19,2% ад агульнай колькасці насельніцтва). З іх 21,5% — навучэнцы, 33% — працуючыя, занятыя ў вытворчасці, у 0,7% — статус беспрацоўных, астатнія — вучацца ці працуюць за межамі раёна. Дынаміка колькасці моладзі мае адмоўны баланс. У параўнанні з 2010 годам паменшылася на 5%. Па-ранейшаму больш гараджан, чым вяскоўцаў (адпаведна 59 і 41%).
На Жабінкаўшчыне зарэгістраваны і дзейнічаюць раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, а таксама раённае аддзяленне Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.
РА ГА “БРСМ” аб’ядноўвае 997 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года ў 49 пярвічках (771 — вучні школ, астатнія — працуючая моладзь). Першы сакратар РК ГА “БРСМ” В.Плавух сярод асноўных накірункаў дзейнасці моладзевай арганізацыі вызначыла грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, другасную занятасць, валанцёрскі рух “Добрае сэрца”, культуру і адпачынак, работу ў інтэрнэт-прасторы і са сродкамі масавай інфармацыі.

Патрыятычнае выхаванне

І ў дакладзе, і ў выступленнях у спрэчках адзначалася, што нязменным прыярытэтам дзяржаўнай моладзевай палітыкі з’яўляецца выхаванне патрыятызму, нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці. На рэалізацыю гэтых мэтаў накіравана дзейнасць мясцовай улады, устаноў адукацыі, дзіцячых і моладзевых аб’яднаняў.
У першым паўгоддзі сёлета праведзена больш чым 20 мерапрыемстваў духоўна-маральнага і патрыятычнага накірунку. Самымі масавымі сталі: прыём у рады ГА “БРСМ” і ГА “БРПА” з удзелам кіраўніцтва раёна, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў грамадскасці; акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “За Беларусь!”, абаронна-спартыўная гульня “Арляня-2015”, творчы конкурс да 70-годдзя Перамогі “Мы памятаем пра вайну і пра Перамогу” і інш.
Так, мэта згаданага конкурсу — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне маладых людзей на прыкладах гераічнага мінулага беларускага народа. Яго пераможцамі ў старэйшай узроставай групе сталі Таццяна Апановіч і Дзмітрый Масальскі (СШ №3), Дар’я Шлык (Падлескі СДК), Уладзімір Тарасевіч і Алена Баброва (ліцэй).
Безумоўна, адметнай рысай Года моладзі з’яўляецца тое, што ён прыпадае на слаўны юбілей 70-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Н.В.Куракевіч паведаміла, што моладзь Жабінкаўшчыны ў рамках гэтай знамянальнай даты прыняла ўдзел у многіх акцыях і праектах. Сярод іх — усебеларускі праект “Дзякуй за Перамогу”, вела- і аўтапрабегі па месцах баявой славы, акцыя па догляду за помнікамі і месцамі пахавання загінулых воінаў. У школах пашыраецца дзейнасць атрадаў міласэрнасці і валанцёрскі рух. У цэнтры ўвагі дзіцячага клопату знаходзяцца людзі, што жывуць самі, пажылыя, ветэраны вайны і працы, інваліды.

Навучыць і замацаваць маладых спецыялістаў

Штогод на Жабінкаўшчыну прыбываюць на працу маладыя спецыялісты. За апошнія два гады — 130, з якіх на 1 жніўня засталося працаваць 114 чалавек. У жніўні-верасні ізноў чакаецца новае папаўненне, найбольш — у сельгасарганізацыі і ўстановы адукацыі.
Работа з маладымі спецыялістамі заўжды была і застаецца ў цэнтры ўвагі мясцовай улады. Н.В.Куракевіч падрабязна спынілася на асноўных момантах. Так, для навучання і замацавання маладых кадраў укаранёна ў практыку сістэма настаўніцтва. Каб ведаць іх праблемы, штогод у кастрычніку-лістападзе ладзіцца сустрэча з кіраўніцтвам раёна. Кандыдатуры тых, хто добра працуе, ініцыятыўны і актыўны, уключаюцца ў перспектыўны кадравы рэзерв. Напрыклад, сёлета моладзь у ім складае 20%.
“У жніўні 2015 года ва ўстановы адукацыі раёна прыбылі 14 маладых спецыялістаў, — гаварыла І.У.Тарасевіч — у тым ліку тыя, хто навучаўся за ўласныя сродкі. З імі заключаны кантракты, у якіх прадугледжана павышэнне тарыфнай стаўкі на 20%. Як правіла, усе яны працуюць больш чым на стаўку. Надбаўкі выплачваюцца ў памеры не менш чым 10% службовага акладу”. Як паведаміла Іна Уладзіміраўна, у раённым навучальна-метадычным кабінеце для маладых спецыялістаў працуе школа стажора. Традыцыйным стала напярэдадні навучальнага года ва ўрачыстай абстаноўцы праводзіць пасвячэнне ў педагогі з уручэннем сувеніраў.
Маладыя людзі, якія зарэкамендавалі сябе ў прафесіі і грамадскім жыцці, заахвочваюцца маральна і матэрыяльна як на месцы працы, так і кіраўніцтвам раёна. У мэтах стымулявання кваліфікаванай і эфектыўнай працы моладзі ў раёне штогод праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства. Упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама сумесна з прафсаюзам работнікаў АПК арганізуецца спаборніцтва сярод моладзевых экіпажаў і маладых вадзіцеляў, якія прымаюць удзел на жніве і нарыхтоўцы кармоў. У сёлетняй уборачнай кампаніі працавалі 3 моладзевыя экіпажы камбайнераў і 5 маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа.
З 2014 года праводзіцца раённы конкурс “Малады чалавек года”. Сёлета вырашылі пасапернічаць і заявілі аб сабе 12 юнакоў і дзяўчат. Пераможцамі ў чатырох намінацыях былі названы хормайстар клуба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Аляксандр Чарнушыч, аператар па штучным асемяненні жывёлы СВК “Хмелева” Сяргей Кірылюк, прараб ДУБП “Жабінкаўская ПМК-10” Андрэй Северанюк і вучань 11 “Б” класа ДУА “СШ №3 г.Жабінка” Сяргей Дзятлаў.
У нашай краіне існуе яшчэ такая матэрыяльная падтрымка маладых людзей, як ільготныя крэдыты. Карыстаюцца імі і жабінкаўцы. Ніна Віктараўна Куракевіч, дарэчы, паведаміла, што з ліпеня прапанаваны іх новыя віды — “Упэўнены старт” і “Сур’ёзныя планы”. Крэдытныя сродкі можна атрымаць на індывідуальнае будаўніцтва і па дзяржаўным заказе. За 2013 — першае паўгоддзе 2015 гг. у ЦБП №109 філіяла №100 БАУ ААТ “ААБ Беларусбанк” у г.Жабінка было заключана 30 крэдытных дагавораў з маладымі сем’ямі на 10 мільярдаў 234,8 млн. руб.

Даваць магчымасць праявіць сябе

Пры абмеркаванні пытання не абмінулі дэпутаты і негатыўныя праяўленні ў моладзевым асяродку: ад камп’ютарнай залежнасці да п’янства, парушэнняў грамадскага парадку, распаўсюджвання наркатычных сродкаў і спайсаў. Эмацыянальным было выступленне начальніка РАУС А.Я.Лаготы і не толькі як дэпутата райсавета, “чалавека пры пагонах”, а проста як нераўнадушнага грамадзяніна, якому не ўсё роўна, якім будзе будучае краіны.
Здаецца, гэта ўсё так далёка ад нас, але ж не: затрыманы жыхар раёна, малады чалавек, які наладзіў гандаль спайсамі; развіццё нефармальнага моладзевага руху, што прывяло да “разборак” жабінкаўскіх і кобрынскіх фанатаў… За 7 месяцаў у раёне назіраецца рост практычна па ўсіх катэгорыях злачынстваў, сярод непаўнагадовых колькасць іх павялічылася з 2 да 3. Як сказаў А.Я.Лагота, на яго суб’ектыўны погляд, аддзелу па рабоце з моладдзю райвыканкама патрэбна ўкараняць новыя формы і метады работы, нават падумаць над стварэннем новага моладзевага руху.
Сапраўды, на рытарычнае пытанне “Што рабіць?” немагчыма адказаць адназначна. Тут усе сродкі важныя: і прапаганда здаровага ладу жыцця, і прафілактычная дзейнасць. “Мы хочам, каб наша моладзь была такой, як мы, — гаварыў старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук, — але патрэбна зразумець, што такімі яны не будуць, у іх сваё ўспрыманне, іншыя захапленні, погляды. Ясна адно: трэба дапамагаць правільна накіроўваць іх”.
Маладым людзям неабходна даваць магчымасць праявіць сябе ў творчасці, спорце. Як заўважыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Н.В.Куракевіч: “У Год моладзі мы стараемся арганізаваць паболей мерапрыемстваў для маладых. Сёлета для гэтай катэгорыі іх было праведзена каля 300”. Так, у Дзень моладзі ў Жабінцы маглі прадэманстраваць сваю творчасць прадстаўнікі розных моладзевых субкультур, з якіх найбольшай папулярнасцю карыстаюцца ў раёне рокеры, рэперы (звязаныя з музыкай), ролеры, скейтэры, стрыт-байкеры (спорт), геймеры (камп’ютарныя тэхналогіі), графітары, брэйк-дансеры (мастацтва). Павышэнне прэстыжу сям’і з дзецьмі — галоўная мэта конкурсу калясак “ЦудаДзяцінства”, які ладзіўся на Дзень горада. У ім прынялі ўдзел 7 сямей з дзецьмі да 6 гадоў. Новыя праекты і пачынанні, цікавыя мерапрыемствы дапамогуць уключыць маладых жабінкаўцаў у грамадскае і культурнае жыццё раёна. І тады лозунг “Здаровая нацыя — гэта мы” будзе менавіта пра нашых дзяўчат і юнакоў.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

 

IMG_0112

Сёлета настаўніцкая сябрына зноў папоўнілася новымі спецыялістамі. У раён прыбыла 14 выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў краіны. Сярод тых, для каго Жабінкаўшчына стане месцам іх першай працы фізік-інфарматык Ленінскай сярэдняй школы Яўген Веруш, настаўніца матэматыкі другой гарадской школы Ірына Гацкевіч і фізік-інфарматык, інжынер-праграміст СШ №1 Віктар Чарнак. Усе яны нашы землякі, таму пасля заканчэня Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна працаўладкаваліся на малой радзіме. Пажадаем маладым настаўнікам плённай творчай працы, добрых і разумных вучняў, шчасця ў жыцці.
На здымку: маладыя настаўнікі Я.В.Веруш, І.Г.Гацкевіч і В.М.Чарнак.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top