Пад увагу падпадаюць усялякія прабелы

Пад увагу падпадаюць усялякія прабелы

16big
СЁЛЕТА ў першым паўгоддзі пракуратурай раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі, кантралюючымі органамі праведзена пэўная работа па ўмацаванні законнасці і правапарадку, абароне інтарэсаў грамадзян, грамадства на Жабінкаўшчыне. Аналіз сведчыць, што ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года адбылося павелічэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў з 67 да 103 ці на 35%, раскрывальнасць іх склала 73,7%. Павялічылася іх колькасць на тэрыторыях Жабінкі з 33 да 39, Жабінкаўскага сельсавета — з 11 да 19, Ленінскага — з 4 да 14, Ракітніцкага — з 6 да 12, Азяцкага з 2 да 7 і Хмелеўскага — з 1 да 6, што сведчыць пра недастатковую прафілактычную работу. Зменшылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў на тэрыторыях Крыўлянскага і Сцяпанкаўскага сельсаветаў.
З ліку зарэгістраваных — 9 цяжкіх злачынстваў, 73 менш цяжкіх і 21 не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі. Павялічылася сёлета колькасць крадзяжоў, згвалтаванняў, грабяжоў, угонаў аўтатранспарту, хуліганстваў. Не было зарэгістравана забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія б выклікалі смерць пацярпелага, разбояў, махлярстваў і вымагальніцтваў. Менш наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Адбыўся рост з 15 да 17 злачынстваў, што здзейснены ў грамадскіх месцах, а таксама з 4 да 5 — у сферы сямейна-бытавых адносін. Рост хуліганстваў найперш праз упушчэнні ў рабоце аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па ахове грамадскага парадку. Патрэбна значная карэкціроўка дыслакацыі сіл і сродкаў з прыцягненнем добраахвотных дружын і іншых грамадскіх фарміраванняў.
Са 103 зарэгістраваных злачынстваў крадзяжы маёмасці склалі 44,7%, якіх сёлета адбылося на 37% больш, чым у аналагічны перыяд мінулага года. Удвая павялічыліся крадзяжы з кватэр і жылых дамоў. Раскрывальнасць іх склала 65,2% (у першым паўгоддзі 2014 года — 65,5%). Найбольш крадзяжоў адбылося ў райцэнтры (15), на тэрыторыі Жабінкаўскага сельсавета (12), Ленінскага (6), Ракітніцкага (5) і Хмелеўскага (4). Як вядома, эфектыўным сродкам прафілактыкі іх, нароўні з інфармаваннем насельніцтва аб магчымых злачынствах, з’яўляецца абсталяванне кватэр ахоўнай сігналізацыяй, а таксама ўстаноўка камер назірання. Праведзеныя пракуратурай раёна праверкі і аналіз інфармацыйна-аналітычных дадзеных сведчаць пра тое, што суб’ектамі прафілактыкі, іншымі ўстановамі, арганізацыямі праводзіцца пэўная работа ў барацьбе з безнагляднасцю, правапарушэннямі і іншымі антыграмадскімі дзеяннямі непаўнагадовых, выяўленні і ўхіленні іх прычын і ўмоў, ахове правоў і законных інтарэсаў падлеткаў, а таксама сямейнага нядобрабыту. За шэсць месяцаў сёлета колькасць злачынстваў, якія здзейснілі непаўнагадовыя, засталася на тым жа ўзроўні, што і ў аналагічны перыяд мінулага года (2). Праўда, адбылося адно цяжкое злачынства, летась ніводнага.
У ПЕРШЫМ ПАЎГОДДЗІ сёлета выяўлены факты неналежнага выканання дзяржаўнымі органамі заканадаўства, якое накіравана на прафілактыку правапарушэнняў. Так, у Ленінскім сельскім выканаўчым камітэце прымаемыя рашэнні па прафілактыцы незмястоўныя, у іх адсутнічаюць канкрэтныя прапановы, якія б папярэдзілі правапарушэнні і злачынствы. Справаздача ўчастковага інспектара не ўтрымлівае глыбокага аналізу стану крымінагеннай сітуацыі на тэрыторыі сельсавета, а рашэнні носяць аднатыпны неканкрэтызаваны характар. Справаздачы старастаў таксама не ўтрымліваюць інфармацыі пра асобаў, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, доўгі час не працуюць, сямейных скандалістаў. Рашэнні, прынятыя на пасяджэннях савета грамадскага пункта не кантралююцца і застаюцца нявыкананымі. Ёсць фармалізм у рабоце, што ў сваю чаргу негатыўна ўплывае на стан крымінагеннай сітуацыі ў раёне.
Індывідуальная прафілактычная работа з’яўляецца асноўнай формай дзейнасці ў прафілактыцы правапарушэнняў, таму што заклікана аказваць карэкцыйнае ўздзеянне на грама-дзян, схільных да супрацьпраўных паводзін. Так, ва ўлікова-прафілактычных справах Курапаты С.П. ёсць тры рапарты ўчастковага інспектара аб тым, што ім непасрэдна па месцы жыхарства правяраўся ўліковец. Сам характар рапартаў паказвае, што афармляліся яны ў адзін і той жа час, не захоўваўся парадак і тэрміны вынясення і аб’яўлення афіцыйных папярэджанняў, як прадугледжваецца арт. 26 і 27 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. Асобы, якім аб’яўляюцца афіцыйныя папярэджанні, у РАУС пісьмова не выклікаюцца. У журнале ўліку афіцыйных папярэджанняў, ахоўных прадпісанняў і прафілактычных спраў няправільна пазначаны асновы для вынясення афіцыйнага папярэджання. Аб фармальнасці такой працы сведчыць адсутнасць подпісу кіруючай асобы, якая вынесла яго Марозу А.В. сёлета ў красавіку. Працяглы час не прымаюцца меры для накіравання людзей, якія пакутуюць на алкагольную залежнасць і ім патрэбна лячэнне ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. З 17 чэрвеня мінулага года да цяперашняга часу Адамюк Ю.Р. у стане алкагольнага ап’янення здзейсніў 4 адміністрацыйныя правапарушэнні. Мераў для накіравання яго, хоць знаходзіцца на прафілактычным уліку, для медыка-сацыяльнай рэадаптацыі ў лячэбна-працоўным прафілакторыі не прынята.
Нічога не было зроблена для папярэджання правапарушэнняў і злачыўстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. З часу дзеяння закона Жабінкаўскім РАУС не вынесена ніводнага абароннага прадпісання. Разам з тым пры правядзенні праверкі сёлета ў чэрвені ўстаноўлена, што былі ўсе перадумовы для прымянення такога прадпісання ў адносінах Барысюка П.В., які 6 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў адносінах сужыцелькі, прадугледжаныя арт. 9.1, 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь.
Недастаткова эфектыўна райаддзел унутраных спраў райвыканкама выкарыстоўвае кантрольныя функцыі, накіраваныя на ўхіленне кіраўнікамі арганізацый выяўленных парушэнняў заканадаўства.
ВЫНІКІ ПРАВЕРАК сведчаць, што кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання прымаюць арганізацыйна-практычныя меры, накіраваныя на эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных рэсурсаў, захаванасць уласнасці, гаруча-змазачных матэрыялаў і іншай маёмасці. Аднак ёсць факты безгаспадарчасці, незахавання патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 і №3. Недастаткова надаецца ўвагі папярэджанню правапарушэнняў і злачынстваў, звязаных з кіраваннем службовым транспартам: на лінію ён выпускаецца без пройдзенага дзяржаўнага тэхнічнага агляду, без правядзення медыцынскага агляду кіроўцы… Такія парушэнні былі ўстаноўлены ў СВК “Маціевічы” і “Хмелева”, КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”.
Выяўлены недахопы ў ахове працы, рэалізацыі арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў, якія накіраваны на бяспеку работнікаў у СВК “Шпіталі”, ААТ “Ракітніца” і “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Сёлета наймальнікі ААТ “Ракітніца” і СВК “Шпіталі” парушылі заканадаўства па своечасовай выплаце заработнай платы.
Некаторымі кіраўнікамі не прымаюцца дастатковыя меры па скарачэнні дэбіторскай запазычанасці. Парушэнні ў арганізацыі і ажыццяўленні разлікова-дагаворнай і прэтэнзійна-іскавай рабоце выяўлены ў ААТ “Ракітніца” і “Жабінкаўская сельгастэхніка”.
Аналіз эфектыўнасці прафілактыкі карупцыі сведчыць аб прынятых праваахоўнымі і дзяржаўнымі органамі прававых і іншых арганізацыйна-практычных мерах у барацьбе з ёю, праўда, не ў поўным аб’ёме выконваюцца мерапрыемствы. Кіраўнікамі арганізацый і кантралюючымі органамі недастаткова прымаюцца меры ў ажыццяўленні кантролю за эфектыўным расходаваннем бюджэтных грошай, за падборам і расстаноўкай кадраў, адсутнічае належны кантроль пры ажыццяўленні падведамаснымі органамі і арганізацыямі раёна дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг).
Да цяперашняга часу не прыняты пэўныя меры ў выключэнні выпадкаў незаконнага налічэння і выплаты заработнай платы работнікам, якія адсутнічаюць на рабочых месцах і вырашаюць асабістыя пытанні.
Паводле вынікаў праверак суб’ектаў гаспадарання, якія размешчаны на тэрыторыі раёна, выяўлена 7 асобаў, што здзейснілі правапарушэнні, якія стварылі ўмовы для карупцыі. Недастаткова эфектыўна ажыццяўляюць свае функцыі камісіі супрацьдзеяння ёй у некаторых арганізацыях, гэта не садзейнічае своечасоваму выяўленню карупцыйных правапарушэнняў. У арганізацыях раёна дапускаюцца парушэнні Дырэктывы №2 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта незахаванне парадку рэгістрацыі зваротаў грамадзян і юрыдычных асобаў, павярхоўны разгляд іх, не тлумачыцца парадак абскарджвання прынятых рашэнняў. Такое выяўлена ў Жабінкаўскай раённай ветэрынарнай станцыі, ААТ “Жабінкаўскі” і “Ракітніца”.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top