Каб вяскоўцы жылі дастойна

Каб вяскоўцы жылі дастойна

IMG_9941 IMG_5185
Мясцовыя Саветы дэпутатаў разам з выканаўчай уладай і пры цесным узаемадзеянні з вясковымі старастамі вырашаюць пытанні па забеспячэнні дастойнага ўзроўню жыцця лю-дзей на падведамасных тэрыторыях.
Старшыню Хмелеўскага сельвыканкама Сяргея Лявонцьевіча Прылуцкага складана застаць у кабінеце. Ён увесь час у паездках па тэрыторыі сельсавета. Сёння вырашае бягучыя пытанні, размаўляе з людзьмі, заўтра прымае ўдзел у свяце вёскі, паслязаўтра — у складзе камісіі па кантролі за падрыхтоўкай устаноў адукацыі да новага навучальнага года.
Аднак старшыня знаходзіць у сваім напружаным графіку “акно”, каб правезці карэспандэнтаў раёнкі па некаторых вёсках сельсавета і расказаць пра работу сельскай улады.
Прыязджаем у Падлессе. Днямі тут памянялі старыя драўляныя платы на вуліцы Цэнтральная на новую бетонную агароджу.
— Яе кошт склаў 43 мільёны, — расказвае Сяргей Лявонцьевіч, — 50% аплаціў сельскі Савет дэпутатаў, 50% — самі жыхары.
Старшыня тлумачыць, што на бягучы год сельвыканкаму было выдзелена 60 мільёнаў рублёў на добраўпарадкаванне, 53 мільёны ўжо асвоены. Закупілі бетонныя агароджы для ўстаноўкі іх на вуліцы Цэнтральная ў Падлессі, ліквідавалі шэсць аварыйных дрэў (яшчэ восем чакаюць сваёй чаргі), неаднаразова звярталіся ў Жабінкаўскую ПМК-19, каб яе работнікі выкошвалі траву на грамадскіх тэрыторыях сельсавета.
Жыхары Падлесся, безумоўна, задаволены цяперашнім выглядам цэнтральнай вуліцы. Мікалай Міхайлавіч Старынскі, які ўлетку прыязджае сюды з Брэста, адным з першых пачаў фарбаваць агароджу. Любуецца абноўленым выглядам двара і пра стары драўляны плот нават узгадваць не жадае.
Непадалёку ад яго сядзібы — дом старасты вёскі Галіны Паўлаўны Бурбіловіч. У многім дзякуючы яе старанням і з’явілася гэтая агаро-джа ў Падлессі.
— Пад ляжачы камень вада не цячэ. Трэба хадзіць, прасіць, “выбіваць” агаро-джы для вяскоўцаў, магазін новы патрэбен, пытаннем газіфікацыі вёскі неабходна заняцца, — дзеліцца яна. — 23 жніўня — свята нашай вёскі, зараз старанна рыхтуемся да яго.
Галіну Паўлаўну вяскоўцы паважаюць, давяраюць набалелае, звяртаюцца з просьбамі, праблемамі. Актыўная, ініцыятыўная, яна вырашае многія з іх.
…Едзем далей. Наступны прыпынак робім ля абноўленага Падлескага ФАПа, дзе нас сустракае яго загадчыца Алена Іванаўна Крыцкая. У адрамантаванай за сродкі раённага бюджэту амбулаторыі — чысціня і прахалода, і заходзіць сюды — адна асалода. На абслугоўванні Алены Іванаўны 490 жыхароў Падлесся, Дзяменічаў, Лясотаў, Багдзюкоў. Аднак, на момант нашага прыезду на прыёме нікога няма: абедзенны перапынак.
Вяртаемся ў Жабінку праз Дзяменічы, Сакалова, Сакі. С.Л.Прылуцкі расказвае, што некаторыя жыхары гэтых вёсак звярталіся ў сельсавет з просьбамі спілаваць старыя дрэвы, пакасіць траву. Усе гэтыя пытанні былі своечасова вырашаны.
Адчуваецца, што старшыня Хмелеўскага сельскага Савета дэпутатаў — чалавек справы і слова, неабыякавы да людзей і іх праблем. А сельскія органы ўлады нездарма называюць самымі блізкімі да лю-дзей — і па сутнасці, і па ўзаемадзеянні.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: аператар машыннага даення фермы “Падлессе” Л.Ф.Кавальчук, стараста вёскі Падлессе Г.П.Бурбіловіч і старшыня Хмелеўскага сельвыканкама С.Л.Прылуцкі абмяркоўваюць новы выгляд вуліцы Цэнтральная ў Падлессі; М.М.Старынскі фарбуе новую агароджу.

 Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top