Untitled-13Суботнія дыялогі ўлады

У мінулую суботу на “прамой тэлефоннай лініі” з жабінкаўцамі быў старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук. Скарысталі магчымасць звярнуцца да яго са сваімі праблемамі два чалавекі. Л.Я.Гусева з Багдзюкоў заўважыла, што ў вёсцы неабходны пажарны вадаём, і таму пацвярджэнне нядаўні пажар, што прайшоў побач. Яна прасіла пасадзейнічаць у вырашэнні пытання. Калі будзе заасфальтавана вуліца Спартака ў Жабінцы, хвалюе Л.С.Калішук. Свой запыт яна адрасавала кіраўніку раёна. Звароты, што паступілі ў гэты дзень, будуць разгледжаны адпаведнымі службамі, і людзі атрымаюць канкрэтныя адказы.
Загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама А.А.Акуліч адзначыла, што з пачатку года кіраўніцтвам райвыканкама і райсавета дэпутатаў у суботы праведзена 30 “прамых тэлефонных ліній”, у час якіх 41 чалавек змог задаць сваё пытанне. Пераважаюць у асноўным тыя, што датычацца камунальнай гаспадаркі і землекарыстання. Іх больш усяго і ў пісьмовых зваротах грамадзян. Гэтыя ж тэмы гучаць на асабістых прыёмах, якія ладзяцца з кіраўнікамі мясцовай улады. Важна, што такія штотыднёвыя суботнія дыялогі з прадстаўнікамі выканаўчых і распарадчых органаў раёна павышаюць эфектыўнасць работы са зваротамі, здымаюць праблемныя пытанні жыхароў.

Ёсць 51 тысяча тон!

Хлебаробы Жабінкаўшчыны завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых культур. Намалочана 51085 тон збожжа.
Апасенні скептыкаў, якія напярэдадні жніва гаварылі аб значным недаборы зерня, не апраўдаліся. Яго сабрана столькі, што дастаткова для выканання дзяржзаказу, патрэб жывёлагадоўлі, на насенне.
Шчодра аддзячылі хлебаробам за клопат палеткі СВК “Вазнясенскі” — тут атрымалі 60,2 цэнтнера з кожнага гектара (сярэднераённая ўраджайнасць – 40,2 ц/га). Найбольш намалацілі рупліўцы СВК “Маціевічы” (7691 т), ААТ “Жабінкаўскі” (7691 т), СВК “Вазнясенскі” (6883 т), СВК “Рагазнянскі” (5975 т), ААТ “Ракітніца” (5896 т). Завяршае раённую зводку СВК “Арэпічы” (2182т). Праўда, пад каласавыя у іх было адведзена толькі 643 гектары , у той час як у ААТ “Жабінкаўскі” — 1869 .
Цяпер на многіх палях, дзе яшчэ нядаўна каласілася збажына, працуюць прэс-падборшчыкі, лушчыльнікі, звозіцца салома, а тэхніка рыхтуецца да сяўбы азімага рапсу. Земляробы ўжо жывуць клопатамі аб будучым ўраджаі.

У азяцкіх фермераў
добры ўраджай

Як паведаміла старшыня Азяцкага сельвыканкама Л.У.Харс, зараз на тэрыторыі сельсавета працуюць шэсць фермерскіх гаспадарак, найбольш паспяховыя з іх — “Кукеты” ў в.Пералум’е і “Карнішон” у в.Сычова. Нават у сённяшні засушлівы год на іх палетках добры ўраджай. Ужо больш дзесяцігоддзя радуе сваёй сельскагаспадарчай прадукцыяй гаспадарка Людмілы Кукета, якая спецыялізуецца на вырошчванні буякоў. Накірунак дзейнасці “Карнішона” Міхаіла Махамета — агародніна, найперш вырошчванне агуркоў, таматаў, пазней будуць морква, капуста, буракі. Акрамя таго, падкрэсліла Ларыса Уладзіміраўна, фермерскія гаспадаркі пад час сезона збору ўраджаю дазваляюць мець заробак усім, хто згодны дапамагчы на ўборцы, таму на іх палетках у летнюю пару шчыруюць студэнты, школьнікі, многія жыхары сельсавета.

ТраЎміраваны веласіпедыст

Увечары 10 жніўня аўтамабіль “Рэно Лагуна” рухаўся па вуліцы Міру ў Жабінцы ў бок Кобрынскай. На іх скрыжаванні пры выездзе на галоўную дарогу вадзіцель не заўважыў жанчыну-веласіпедыста і наехаў на яе. З атрыманымі траўмамі пацярпелая дастаўлена ў Жабінкаўскую ЦРБ.
Сёлета гэта першае ДТЗ у раёне з удзелам веласіпедыстаў. Усяго на Жабінкаўшчыне на 19 жніўня адбылося 5 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх адзін чалавек загінуў і пяцёра былі траўміраваны.

Сямейны адпачынак на Белым возеры

Прафкам цукровага завода прапанаваў работнікам прадпрыемства сямейны адпачынак на Белым возеры ў мінулыя выхадныя дні. Прычым, частку выдаткаў узяў на сябе. Жадаючых назбіраўся цэлы аўтобус. У маляўнічым куточку ля вады яны цудоўна правялі вольны час: да іх паслуг былі лодкі, катамараны, веласіпеды, можна было пагуляць у валейбол, уволю купацца і загараць, а вечарам чакала дыскатэка. Уражанняў прывезлі шмат, словы падзякі выказвалі арганізатарам. Таму не дзіўна, што на гэтыя суботу і нядзелю едуць цукравары ізноў на аблюбаванае месца сямейнага адпачынку.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top