Еўрапейскае “серабро” наблізіла да мэты

Еўрапейскае “серабро” наблізіла да мэты

IMG_0038На мінулым тыдні ў балгарскім Самокаве завяршыўся чэмпіянат Еўропы па боксе. З яго 24-гадовы жабінкавец Павел Кастрамін, які выступаў у вагавай катэгорыі да 69 кілаграмаў, вярнуўся з сярэбраным медалём. Два гады таму Павел ужо станавіўся бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы, які праходзіў у Мінску. І вось новы поспех — наш зямляк пераўзышоў свой вынік і падняўся сёлета на п’едэстале на адну прыступку вышэй.

Шлях да срэбра быў няпростым. На пачатку турніру Павел выйграў у бельгійца Анаса Месаўдзі, пасля гэтага ў 1/8 фіналу перамог албанца Албі Сору, у 1/4 — баксёра з Ірландыі Адама Патрыка Нолана. У паўфінале Кастрамін сустрэўся са шведам Кларэнсам Гоерамам — і зноў жа перамога. Сапернікам Паўла ў фінале стаў літоўскі баксёр Эймантас Станіоніс, якому наш зямляк прайграў.
Днямі Павел пабываў у рэдакцыі і падзяліўся сваімі ўражаннямі ад праведзеных паядынкаў, сваіх сапернікаў, чэмпіянату ўвогуле. Спарт-смен расказаў таксама, чаму фінальны бой яму не ўдалося правесці да канца.
— Усе паядынкі сур’ёзныя, адказныя, бо, каб ісці далей, патрэбна было перамагаць, — пачаў гаворку Павел. — Баксёры ўсе розныя, са сваімі асаблівасцямі, да кожнага падбіраў пэўную тактыку вядзення бою, так званы “ключык”.
Першы паядынак з бельгійскім баксёрам прайшоў напружана, адчувалася празмернае хваляванне. Чаму? Складана пачынаць, ты павінен прывыкнуць да залы, балельшчыкаў. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць, а тут — чужая краіна, дзе твайго калегу, да прыкладу, могуць падтрымліваць больш. Цяжка псіхалагічна. Але, нягледзячы ні на што, тактыка была выбрана правільна адразу ж, яна і прынесла перамогу.
Албанец вылучаўся тэхнічнасцю, баксіраваў стрымана, дакладна. З ім прыйшлося складаней, чым з папярэднікам.
Каб выйсці ў паўфінал, патрэбна было перамагчы ірландца Адама Патрыка Нолана. Ён вопытны, на яго рахунку да нашай сустрэчы ўжо была перамога над расійскім баксёрам Раджабам Бутаевым, які з’яўляўся галоўным прэтэндэнтам на “золата” ў вагавай катэгорыі да 69 кілаграмаў. Лічу, што гэты паядынак быў самым складаным і напружаным для мяне ў сёлетнім чэмпіянаце Еўропы, тактыку я мяняў неаднаразова.
А вось у паўфінале бой са шведам прайшоў лёгка, як кажуць, на адным дыханні. Пасля першага раўнда зразумеў, як патрэбна весці сябе з сапернікам, што і прывяло да перамогі.
Не думаў, што ў фінале будуць складанасці. У параўнанні з моцным ірландцам літоўскі баксёр быў значна слабейшым, але… Яшчэ ў паядынку са шведам я атрымаў траўму брыва. Спартсмен з Літвы ведаў пра рассячэнне і пад час бою накіроўваў свае ўдары ў траўміраваную вобласць. Пасля аднаго з такіх пападанняў пайшла кроў. Я імкнуўся атакаваць, але было складана. Некалькі разоў рэферы прыпыняў паядынак, каб мне аказалі неабходную дапамогу. На трэцім раўндзе суддзі ўсё ж такі вымушаны былі спыніць бой і аддаць перамогу літоўцу Эймантасу Станіонісу. Шкада, што рашаючы паядынак не ўдалося правесці да канца і я не змог паказаць сябе на ўсю моц.
“Серабро” на чэмпіянаце Еўропы — гэта сур’ёзны поспех, яшчэ адзін крок да мэты, якую Павел Кастрамін паставіў перад сабой у дзяцінстве — стаць алімпійскім чэмпіёнам. Гэтым медалём ён забяспечыў сабе месца ў ліку ўдзельнікаў чэмпіянату свету, які прой-дзе ў кастрычніку ў сталіцы Катара, дзе і будуць разыграны алімпійскія ліцэнзіі.
Падрыхтоўку да яго наш зямляк плануе пачаць у бліжэйшы час. Зараз Павел займаецца лячэннем траўміраванага брыва і адпачывае. Вось-вось пачнуцца сур’ёзныя трэніроўкі.
За перамогамі Паўла сочаць родныя, блізкія, сябры. Ганарацца сынам бацькі: мама Наталля Фёдараўна, тата Алег Мікалаевіч, сястрычка Дзіяна. Дарэчы, бацька сам у мінулым быў баксёрам. Азам кулачных баёў Павел вучыўся менавіта ў яго.
Задаволены выхаванцам і трэнеры: былы — Юрый Аўчыннікаў і цяперашні — Уладзімір Вышынскі.
Калі Павел на рынгу, за яго “трымае кулачкі” ўся Жабінка і я, як яго былы класны кіраўнік, таксама.
Верым у твае сілы і магчымасці, не сумняваемся, што менавіта яны дапамогуць дайсці да тваёй жаданай мэты.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы па боксе Павел Кастрамін.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top