Паасобны збор смецця: карысць прыродзе і чалавеку

Паасобны збор смецця: карысць прыродзе і чалавеку

razdelnyy_sbor

Не сакрэт, што з кожным годам аб’ём адходаў у нашых гарадах і вёсках павялічваецца. І ўсё заканамерна: чым вышэй узровень дабрабыту чалавека, тым больш смецця ён за сабой пакідае. Трапляючы на звалкі, адходы наносяць вялікую шкоду навакольнаму асяроддзю, забруджваюць паветра, глебу, грунтовыя воды, адмоўна ўплываюць на здароўе людзей. Тэрміны гніення адных дасягаюць некалькіх соцень гадоў, а іншыя наогул не раскладаюцца. Скараціць колькасць адходаў, якія падлягаюць захаванню, магчыма, прымяняючы паасобны збор і другасную перапрацоўку смецця. Пры такім падыходзе больш палавіны іх можна выкарыстоўваць паўторна.
На тэрыторыі Жабінкаўскага раёна актыўна наладжваецца паасобны збор смецця. Для гэтага КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” выкарыстоўвае некалькі накірункаў, асноўнымі з якіх з’яўляюцца збор другасных матэрыяльных рэсурсаў з кантэйнерных пляцовак, а таксама ад арганізацый, устаноў і гаражных кааператываў. Ёсць 37 кантэйнерных пляцовак, з якіх 24 — у сельскай мясцовасці. Распрацаваны дакладны графік збору і вывазу другасных матэрыяльных рэсурсаў у горадзе, аграгарадках і вёсках спецыяльным транспартам камунгаса.
У Жабінцы і некаторых сельскіх населеных пунктах устаноўлены кантэйнеры рознага колеру для паасобнага збору камунальных адходаў: сінія — для макулатуры, жоўтыя — для пластыка, зялёныя — для шкла. Усяго 83 скрынкі, у тым ліку — 43 у горадзе. Для поўнага забеспячэння такімі кантэйнерамі неабходна немалая сума фінансавых сродкаў, таму работа ў гэтым накірунку вядзецца паэтапна.
Асноўная мэта паасобнага збору камунальных адходаў у тым, каб іх па максімуме сартавалі менавіта ў месцах утварэння, у тым ліку і самі жыхары. Гэта — рэальная дапамога ў вырашэнні экалагічнай задачы, у зніжэнні колькасці смецця. А пра эфектыўнасць у арганізацыі паасобнага збору можна зрабіць выснову па лічбах. За шэсць месяцаў сёлета было сабрана 18,9 тоны макулатуры, 10 — палімераў і 49,4 тоны — шкла.
Сабраныя асобна адходы яшчэ дадаткова сартыруюцца, перш чым паступяць на перапрацоўчыя заводы. Сартаванне — ручная праца, у сувязі з гэтым вялікая просьба да жыхароў раёна пастарацца, каб кожны від адходаў “трапляў” у прызначаную для яго скрыню. Неабходна разумець, што паасобна сабраныя для паўторнага выкарыстання адходы — гэта не смецце, а крыніца сыравіны і энергіі. Выкарыстоўваючы іх другі раз, мы зберагаем і эканомім прыродныя рэсурсы. Толькі сістэмны падыход да праблемы перапрацоўкі адходаў дасць свае вынікі, а калі не прымаць мераў па іх паасобным зборы і перапрацоўцы сёння, дык недалёкі і той час, калі ўсе мы зразумеем сутнасць фразы “патануць у смецці”.
Алеся КРУПКО, начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top