Яе жывыя лекі для душы

Яе жывыя лекі для душы

IMG_4470 IMG_4472 IMG_4479
Спатканню з гаспадарамі Маёравымі з завулка Спартыўны ў Вялікіх Якаўчыцах паспрыяла старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Г.С.Акуліч.
— Вам проста неабходна пабываць на падворку ў Маёравых, — з непадробным захапленнем гаварыла Галіна Сцяпанаўна. — Газета ваша расказвае часта пра дбайных гаспадароў, руплівых вяскоўцаў, таму людзі павінны ведаць пра ўтульны падворак, створаны працавітымі рукамі, каб прыклад браць, як жыць сярод прыгажосці!
Найбольш захапляе старшыню сельвыканкама, што амаль усё навокал дабротнага дома ў Якаўчыцах уласнаручна зроблена гаспадыняй — Тамарай Мікалаеўнай, якая часцінкі сваёй душы ўкладвае ў свае краскі. Відаць, яны і прыгожыя такія — бо душа ў яе прыгожая?!
Адказ на гэтае рытарычнае пытанне атрымалі неўзабаве. Хоць Тамару Мікалаеўну адшукалі не ў хаце, а на працы. Сорак гадоў таму, пасля Брэсцкага медвучылішча, яна ўладкавалася ў Якаўчыцкі фельчарска-акушэрскі пункт, цяпер працуе фельчарам у Залуззі. І словам, і справай заўсёды дапамагае людзям, карыстаецца вялікай павагай сярод вяскоўцаў.
Нават у абедзенны перапынак, калі ўжо завіталі ва ўтульны дом на Спартыўным завулку, размову не-не ды перарываў патрабавальны званок, і медык адказвала з разуменнем:
— Буду хутка — дачакайцеся. І не хвалюйцеся: усё ў нас будзе добра… (Заўважым, сказана: “у нас” — нібыта медык міжволі перадавала суразмоўцы сігнал: “Я падзяляю ваш боль, які кранае, і зусім мне не чужы”).
Медыцынская адукацыя і выхаванне даўно наклалі адбітак на характар: паўсюль Тамара Мікалаеўна стараецца падтрымліваць прыгажосць, парадак, чысціню. Усё гэта найлепшым чынам спалучаецца для яе ў “царстве кветак”. Ёсць тут і прыгожыя “каралевы-аднагодкі”, і краскі, што адраджаюцца з году ў год.
Асабліва прыемна, прызнаецца гаспадыня, выгадаваць сваю кветачку самастойна — з насення. Таму радасць адчувае ўсялякі раз, калі высявае ў падатлівую, добра апрацаваную глебу астры альбо аксаміткі. Вырошчвае іх не толькі для сябе, але і для дзяцей, унучкі Ангеліны, якая любіць даглядаць бабуліны кветкі.
Так, усялякага госця ў летні дзянёк сустрэнуць тут сульфініі і лабеліі, цудоўныя лілеі, іншыя расліны, што сваімі шматкаляровымі вочкамі ад раніцы да развітання з сонцам глядзяць навокал, ствараючы свой непаўторны каларыт. Той каларыт, што адчувае кожная істота — ад пчолкі, занятай нястомным медазборам, да чалавека, што зайшоў на ўтульны падворак, каб шчыра павітацца.
Адкуль жа вытокі таго захаплення? Пэўным чынам, для Тамары Мікалаеўны развядзенне кветак не проста нейкае хобі, але важная часцінка жыцця. Таму і прызнаецца:
— Заўжды любіла і люблю кветкі. Чаму? Яны нясуць замілаванне і спакой. Бывае, лепш за лекі здымаюць цяжар працоўнага дня. Гэта ж Божыя стварэнні, рассыпаныя па зямлі не проста, каб людское вока замілоўваць. Яны прыносяць у сэрца радасць і праганяюць скруху прэч… А гэта вельмі важна, бо, як агорне чалавека душэўны неспакой, дык могуць “прычапіцца” і невылечныя хваробы. Менавіта дзеля таго — каб упрыгожваць і лекаваць свет — здаецца мне, і стварыў Гасподзь такую разнастайную прыгажосць.
…На падворку “піль-нуюць” вясковы спакой фігуркі мудрай савы і гордага арла, дагледжаныя і кветнікі, і багаты агарод. Паўсюль — адзнакі працавітых чалавечых рук. Каб жанчына магла займацца сваімі зялёнымі гадаванцамі, неацэнная дапамога мужа. Уладзімір Аляксеевіч усё больш захапляецца тэхнікай. Некалі імя вядомага ў раёне земляроба-ардэнаносца не аднойчы, асабліва ў жніўную пару, з’яўлялася на старонках “Сельскай праўды”.
— І цяпер, бывае, заўважаю, — расказвае жанчына, — як з цеплынёй паглядае ён на збожжа ў полі. Перад уборачнай абавязкова спыніцца ў дарозе і, кранаючы беражліва рукой налітыя багаццем каласы, відаць, прыгадвае часы, калі і сам шчыраваў на ўборцы ўраджаю…
Захапленні гаспадыні не абмяжоўваюцца вырошчваннем кветак. Пра тое зноў нагадала старшыня сельвыканкама Галіна Акуліч:
— Тамара Мікалаеўна неаднаразова адзначалася на свяце вёскі як лепшая домаўладальніца. Яна любіць гатаваць, усё (асабліва яе мясныя стравы) — проста пальчыкі абліжаш! Хто пакаштаваў іх на свяце — надоўга запомніў тую смакату.
Сама Тамара Мікалаеўна Маёрава расказала яшчэ пра адзін свой талент, які прачнуўся амаль нечакана. Жанчына прызнаецца: некалі адчула — усё прыгожае ў гэтым, зусім невыпадковым, свеце нібыта магнітам, прыцягвае новую прыгажосць.
Аднойчы нават не заўважыла, як словы складваюцца ў рыфмы і пачынаюць з-пад пяра павольна нара- джацца вершы, напоўненыя пяшчотай да жыцця. Чатырох-радкоўем з верша “Ляцяць чарадою гады”, як чалавек веруючы, Тамара Мікалаеўна дасылае чытачам нашай газеты:

Пошли же, Господи,
всем крепкого здоровья,
Каждому дому —
уюта, тепла,
Каждому сердцу —
любви бесконечной,
Веры, Надежды,
Терпенья, Добра.

…Толькі дачытала сваё пажаданне, як зноў заспяшалася на працу. Бо ў Залуззі свайго фельчара ўжо чакаюць вяскоўцы, якім патрэбныя не толькі лекі, але і добрыя словы, што заўжды гучаць з яе вуснаў.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: утульныя куточкі на падворку Маёравых у аграгарадку Вялікія Якаўчыцы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top