Сноп зажыналі, песнямі радавалі

Сноп зажыналі, песнямі радавалі

IMG_5073

IMG_0649  IMG_5109
Кожны куточак жабінкаўскай зямлі адметны, непаўторны, дзе жывуць людзі, надзеленыя своеасаблівымі талентамі, здольнасцямі. Адны славяць малую радзіму вытворчымі рэкордамі, іншыя трапным гумарам, шанаваннем традыцый продкаў, каларытнымі галасістымі спевамі, заліхвацкімі скокамі…
Колькі жыву і працую на Жабінкаўшчыне, памятаю, што залуззеўцы з пакалення ў пакаленне перадавалі традыцыі і абрады даўніны, што шануюцца да цяперашняга часу. Моладзь цікавіцца імі, і гэта радуе. Асабліва прывабліваюць жніўныя абрады: зажынкі, жніво і дажынкі, якія каранямі адыходзяць у глыбіню вякоў і абумоўлены ўборкай збожжа. Іх асноўнымі выканаўцамі з’яўляюцца жанчыны. Дарэчы, да абраду зажынак яны рыхтаваліся як да вялікага свята, ішлі ў поле звычайна ў суботу, таму што гэты дзень у народзе лічыўся шчаслівым. Паводле народнай традыцыі на ніву трэба выходзіць да ўзыходу сонца ці на змярканні, зажынае старэйшая з жанчын, але спачатку вітаецца з хлебнай нівай паклонам.
Зажыначны сноп, які лічыўся імянінным, упрыгожвалі кветкамі, неслі ў хату з песнямі і ставілі ў кут пад абразы. Збожжа з яго лічылася гаючым для людзей і птушак пасля асвячэння снапа ў царкве на Успенне Прасвятой Багародзіцы. Пасля гэтага яго абмалочвалі. Жменю зярнятак кідалі ў засекі, дзе захоўвалася прадуктовае ці насеннае збожжа і гаючымі сіламі напаўнялася ўсё.
Залуззеўскія жанчынкі-спявачкі аб’ядналі ўсе тры абрады ў канцэртна-тэатралізаванае відовішча і паказалі адпачываючым санаторыяў “Буг” і “Надзея”, вяскоўцам, якія завіталі на агеньчык абраднасці ў Залуззеўскі дом народнай творчасці.
Жніўныя песні, што суправаджалі дзеянні жней, выконвалі слынныя спявачкі Кацярына Кірылаўна Валасюк, якую залуззеўцы лічаць скарбонкай народных песень, у яе цудоўная памяць, жартам кажуць: “Усё памятае, што адбывалася вакол пасля трохгадовага ўзросту”; Ніна Аляксандраўна Яшчук, Ірына Дзмітрыеўна Сакалова і Людміла Іванаўна Пышынская пад акампанемент Івана Мар’янавіча Пышынскага. Моцныя галасы цудоўных спявачак далёка разносілі па наваколлі сапраўды народныя матывы, якія зліваліся са спевамі птушак і шапаценнем спелай збажыны.
Тыя, хто ўпершыню, а можа й не, знаёміліся са жніўнымі абрадамі і песнямі, былі ўражаны народнай іх самабытнасцю і прыгажосцю.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top