Untitled-13Больш зваротаў па пытаннях камунальнай гаспадаркі

Як паведаміла ў рэдакцыю загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Жабінкаўскага райвыканкама А.А.Акуліч, у першым паўгоддзі 2015 года колькасць зваротаў да мясцовых улад нязначна, але скарацілася, у параўнанні з леташнім перыядам. Пераважна яны вусныя (42% ад усіх, што паступілі). Гэта паказвае на ўпэўненасць грамадзян у станоўчым рашэнні пытанняў, а таксама пацвярджае давер іх да кіраўніцтва раёна. Тым больш, знізілася і колькасць зваротаў жабінкаўцаў у аблвыканкам і Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усё часцей грамадзяне выкарыстоўваюць магчымасці сучаснай сувязі і дасылаюць электронныя звароты.
Асноўныя праблемы, якія хвалююць людзей, — будаўніцтва і рамонт дарог (асфальтаванне), газіфікацыя, аплата жыллёва-камунальных паслуг, будаўніцтва сетак каналізацыі. Жабінкаўцы сталі часцей узнімаць у зваротах пытанні добраўпарадкавання і санітарнага стану населеных пунктаў. У першую чаргу гэта звязана з выкананнем летась вялікіх аб’ёмаў работ у гэтым накірунку і навядзенні належнага парадку на дваровых тэрыторыях горада. У тэматыцы зваротаў дамінуюць пытанні камунальнай гаспадаркі.

Стваралі настрой
на “Мотальскіх прысмаках”

У суботу, 8 жніўня, у аграгарадок Моталь, што ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, на кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі” з розных куткоў нашай краіны і блізкага замежжа з’ехаліся прыхільнікі беларускай кухні і народнай творчасці.
Ад Жабінкаўшчыны на ім выступала кавер-група “Баян-дай”. Яе салістка Ганна Макавецкая расказала, што жабінкаўскія артысты давалі паўтарагадзінны сольны канцэрт, які суправаджаўся светлавымі эфектамі і скончыўся лазерным шоу. Гледачоў і слухачоў не пакінулі абыякавымі музычныя кампазіцыі гурта, а найбольшая танцавальная актыўнасць пачалася з наступленнем цемры пад “Бугі-вугі”, “Бачылі ноч” і песню “Пра каханне”.
Удзельнікі кавер-групы ўпершыню прысутнічалі на фестывалі ў Моталі і былі прыемна ўражаны і шырынёй яго размаху, і колькасцю народных майстроў, якія выстаўлялі свае вырабы, і прысмакамі, якія можна было паспрабаваць на свяце.

Музей штодзень
сустракае гасцей

Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей усё лета прымае турыстаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і блізкага замежжа. Яго супрацоўнікі штотыднёва сустракаюць гасцей. Едуць яны з Польшчы, Украіны, Прыбалтыкі, Расіі, Швейцарыі, Германіі. Цікавасць да гісторыі беларускага краю, да асобы Тадэвуша Касцюшкі ўзрастае з кожным годам. За першае паўгоддзе музей наведала 817 чалавек, было арганізавана 5 выстаў, праведзена 34 экскурсіі, прачытана 9 лекцый. У канцы ліпеня ў Малыя Сяхновічы наведалася дэлегацыя з Польшчы на чале са старшынёй фундацыі Касцюшкаўскай Лешакам Маракам Кшасняком. Яе суправаджаў вядомы беларускі гісторык Леанід Несцярчук, кандыдат гістарычных навук. А 1 жніўня супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея сустракалі калону з удзельнікаў клуба рэтра-аўтамабіляў “Берасцейскі тракт”. Парадавала сваім візітам у музей і госця са Швейцарыі Ханна Слісінска, нашчадак роднага брата нацыянальнага героя Беларусі Тадэвуша Касцюшкі Юзафа.

Пажар разгуляўся на даху

У аўторак, прыкладна ў 11.20 раніцы, жыхары Жабінкі сталі сведкамі пажару, які “разгуляўся” на даху пяціпавярхоўкі па вул.Савецкая, 3. Языкі полымя і слуп чорнага дыму пажарным удалося аператыўна ўтаймаваць. На шчасце, абышлося без чалавечых ахвяр.
Што стала прычынай узгарання — высвятляецца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top