Падарункі героям жніва

Падарункі героям жніва

_DSC7688У чацвер, як і звычайна, усе работнікі СВК “Рагазнянскі” ў 7.40 раніцы былі на мехдвары на планёрцы. Праўда, на гэты раз да абмяркоўвання планаў на дзень далучылася прыемная навіна: з райцэнтра прыехалі госці, каб павіншаваць лепшых рупліўцаў на жніве.
Старшыня кааператыва Аляксандр Васільевіч Семянюк з задавальненнем адзначыў, што сёлетняя ўборачная кампанія прайшла надзвычай зладжана і спакойна. Намалацілі, нягледзячы на капрызы надвор’я, з 1747 гектараў без малога 6 тысяч тон збожжа, што больш, чым летась, на 170 тон, пры ўраджайнасці 34,2 цэнтнера на круг. Амаль уся збажына ўбіралася сухой, што дазволіла без дасушвання адразу праводзіць пярвічную ачыстку і закладку насення. Так што і ў спякоце ёсць свае “плюсы”. Затым старшыня даў слова гасцям.
Ніна Уладзіміраўна Калыбская, старшыня Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, у прыватнасці, падкрэсліла:
— Задаволена, што радасныя твары ў механізатараў, вадзіцеляў, спецыялістаў. Прыемна віншаваць камбайнераў вашай гаспадаркі. Сёлета ўсе шэсць экіпажаў камбайнаў намалацілі звыш тысячы тон кожны. Няхай гэта стане добрай традыцыяй.
Яна пажадала перадавікам жніва здароўя, дабрабыту,  поспеха, сямейнага цяпла.
Да яе віншаванняў далучылася і Наталля Львоўна Карпук, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Яна зазначыла:
— Шчыры дзякуй вам за нялёгкую, аднак пачэсную працу хлебарба. Менавіта ад вас залежыць, ці будзе хлеб на стале. Вы вырошчваеце збожжа, з якога пасля перапацоўкі выпякаецца хлеб. Валавы намалот збожжа ў вобласці перавысіў 1,3 мільёна тон. У гэтым агульным караваі ёсць і ваш унёсак.
З рук Наталлі Львоўны падарункі атрымалі экіпажы-“тысячнікі” у складзе: І.В.Небельчука і М.А.Швека, С.М.Кікаўскага і У.М.Каменкі, А.І.Краўчука і Г.Д.Балтрамеюка, У.В.Страдзіньша і В.В.Бенедзесюка, У.У.Канцэвіча і В.В.Канцэвіч і вадзіцель В.М.Здзярук. Аналагічныя падарункі, толькі раней, былі ўручаны таксама камбайнерам С.Ф.Качаноўскаму і У.С.Яшчуку.
У тую раніцу віншаванні і падарункі прымалі  і вадзіцелі-“тысячнікі” ў ПУАП “Азяты” М.М.Ігнацюк, В.Ф.Гажык, А.М.Сахарчук, М.Ф.Пшык.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: падарунак прымае пераможца жніва У.М.Каменка.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top