Три поколения педагогов

Три поколения педагогов

Тры пакаленні педагогаў
Сёлета першы клас у Маціевіцкай базавай школе набрала Аксана Генадзьеўна Лугоўская (у дзявоцтве Бжоска). Яна шчыра любіць сваіх першакласнікаў, якія таксама адказваюць ёй узаемнасцю. Урокі Аксаны Генадзьеўны напоўненыя творчасцю, энтузіязмам. Пра яе можна сказаць: “Дзе нарадзілася, там і згадзілася”. На пытанне “Якой прафесіі вы аддалі б перавагу, калі б пачыналі ўсё спачатку?” яна не задумваючыся, адказала: “Ёсць прафесіі, якія не зменіць бег жыцця, не спыніць плынь любога часу. Пераканана, што вечная прафесія на зямлі ў настаўніка. Наш прагматычны век цісне на сэрца і душу, і толькі педагог вучыць быць адкрытым дабру і чалавечнасці”. Вось такая яна настаўніца з трэцяга пакалення дынастыі Дыдзікаў-Бжоска. Яна навечна прапісана ў краіне дзяцінства. Яе крэда: быць з дзецьмі ў радасці і ў горы.
Яшчэ ў школе ведала, што абавязкова стане настаўнікам, як дзядуля Якаў Гаўрылавіч і бацькі. Пасля школы паспрабавала паступіць у педінстытут на геаграфічны факультэт. Спроба была няўдалай. Каб не сядзець без справы, уладкавалася піянерскай важатай у Маціевіцкую школу. У 1991 годзе стала студэнткай-завочніцай Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна. Замужжа і нараджэнне дачкі не перашкодзілі ёй паспяхова адвучыцца і атрымаць дыплом з прысваеннем кваліфікацыі — настаўнік пачатковых класаў. Менавіта па гэтай спецыяльнасці пачынала працаваць у Сяхновіцкай базавай школе, дзе навучала хлопчыкаў і дзяўчынак сем гадоў.
Цяпер Аксана Генадзьеўна ўжо настаўніца вышэйшай катэгорыі, творчы і адукаваны спецыяліст. Яшчэ некалькі адметных фактаў з яе жыцця: у 2005-ым годзе ўдзельнічала ў раённым аглядзе-конкурсе “Настаўнік года”, а ў 2007-ым у сям’і Лугоўскіх нарадзіўся сын Ілля. Так што спраў у настаўніцы многа і дома. Дбайная гаспадыня, клапатлівая маці, якая разам з мужам гадуе двух дачок і сына. Многае пераймаюць дзеці ад яе. У гэтай сям’і любяць святы, калі за гасцінным сталом збіраюцца блізкія і знаёмыя, якія жыццё звязалі з педагогікай.
Раскажу пра некаторых з гэтага вялікага настаўніцкага роду. Старэйшына Якаў Гаўрылавіч Дыдзік закончыў польскую школу, настаўніцкія курсы, да вайны выкладаў у Рэчыцкай, быў загадчыкам Канатопскай пачатковай школы. Усе ягоныя планы зблытала вайна. Змагаўся за вызваленне Польшчы, Чэхаславакіі, Германіі, мае медаль “За адвагу”. Пасля ваеннага ліхалецця закончыў бухгалтарскія курсы і перакваліфікаўся — пэўны час працаваў рахункаводам у Маціевіцкай сямігодцы. “Якава Гаўрылавіча вызначалі дабрыня, працавітасць, дапытлівасць. У вёсцы лічыліся з яго думкай, з ім было цікава гутарыць, таму што многа чытаў, быў у курсе ўсіх падзей у свеце”, — успамінаюць тыя, хто працаваў побач.
У сям’і Якава Гаўрылавіча раслі дзве дачкі: Ніна і Галіна. З дзяцінства дзяўчаты захапляліся мастацкай літаратурай, часопісамі. Дайшлі да нашчадкаў звесткі, што ў іх сям’і была самая багатая падпіска на перыядычны друк у пяцідзесятыя гады. Дочкі прадоўжылі настаўніцкую справу бацькі. Ніна закончыла Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, стала фізікам, працоўную дзейнасць пачынала на Лунінеччыне ў Вялікіх Чучавічах. Яе муж Мікалай Пятровіч Ляскоўскі выкладаў інфарматыку, фізіку, працоўнае навучанне. Абодва яны ўдзячныя лёсу за тое, што лепшыя гады свайго жыцця аддалі развіццю адукацыі. Пасля пераезду сям’і Ляскоўскіх у Жабінку Мікалай Пятровіч працаваў у раённым аддзеле адукацыі, а Ніна Якаўлеўна — кіраўніком гуртка ў Доме піянераў. Іх дачка Таццяна, як і бацькі, стала фізікам, закончыла педінстытут у Брэсце, выкладала ў адной з мінскіх школ, а цяпер працуе ў Міністэрстве замежных спраў.
Другая дачка Я.Г.Дыдзіка Галіна (па мужу Бжоска) спецыяльнасць таксама атрымала ў педінстытуце Брэста, стала настаўніцай пачатковых класаў. Там навучылася іграць на скрыпцы і па заканчэнні яго два гады працавала ў Пінскім раёне. У 1964 годзе прадоўжыла справу ў роднай Маціевіцкай школе ажно да выхаду на пенсію, дзе выкладала рускую мову і літаратуру. Яе муж Генадзь Аляксандравіч Бжоска таксама сем гадоў адпрацаваў у Маціевіцкай базавай школе настаўнікам фізкультуры, выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання.
Каб назваць усіх з педагагічнай дынастыі Дыдзік-Бжоска-Ляскоўскія-Лугоўскія скажу, што родныя сёстры Генадзя Аляксандравіча таксама педагогі. Святлана — настаўніца рускай мовы і літаратуры выкладала ў адной са школ Мінска. Галіна — педагог пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі, больш трыццаці гадоў адпрацавала ў Бабруйскай школе. Сярод стрыечных братоў і сясцёр Бжоскаў былі педагогі. Адна з іх Елізавета Генадзьеўна — прафесар Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Яна і сёння энергічная, поўная аптымізму, бадзёрая, па-ранейшаму не цураецца працы, хоць ёй пад шэсцьдзесят. Піша навуковыя артыкулы, публікуецца, у яе многа творчых прац.
Згаданую педагагічную дынастыю складаюць адзінаццаць чалавек — тры пакаленні, а агульны працоўны стаж перавышае 255 гадоў. Гэта адзін з прыкладаў, калі развіццю адукацыі аддаюць сваю сілу і энергію цэлыя сем’і ў некалькі пакаленняў. Яны выклікаюць павагу, таму што застаюцца вернымі сваёй справе.
Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top