“Тысяча”, памножаная на каханне і згоду

“Тысяча”, памножаная на каханне і згоду

_DSC7646

Валянціна Церашкова пакарыла зорныя прасторы, а яе цёзка з аграгарадка Ленінскі — хлебную ніву
Маладой увішнай Валянціне Канцэвіч, здаецца, усё пад сілу. Яна ўсюды паспявае, любую работу выконвае з задавальненнем. Суседзі здзіўляюцца, адкуль яна чэрпае аптымізм і радасць, жаданне змяніць жыццё да лепшага. Двор патанае ў кветках, у двухпавярховым “прэзідэнцкім” доміку ўтульна і цёпла мужу Уладзіміру і сынам-падлеткам Арцёму і Руслану. Мабыць, яе сакрэт — простае жаночае шчасце, быў бы мілы побач?
— Апошнія тры тыдні муж быў побач кожную хвіліну, — расказвае Валянціна. — Пры гэтым мы зусім не стаміліся адзін ад аднаго. Нас аб’яднала… праца. Так-так, нялёгкая, пачэсная праца хлебароба, калі сямейным экіпажам убіралі хлеб, вырашчаны на палетках СВК “Рагазнянскі”.
А стаць памочнікам камбайнера Валянціне Канцэвіч прапанаваў старшыня гаспадаркі Аляксандр Семянюк. Ён бачыў, як спрытна і акуратна яна кіруе “сямейным экіпажам” — “Опель-Зефіра”, і мінулай вясной, да таго ж, атрымала пасведчанне трактарыста-машыніста. Пад пільным наглядам мужа яна малаціла азімыя не горш за вопытных камбайнераў-мужчын.
Валянціна на жніве вяла сябе мужна і трывала: дзень у дзень у кабіне, гнала загонкі, рамантавала камбайн (дакладней, выконвала загады Уладзіміра), чапляла цялежку, чысціла жняярку, стойка пераносіла спёку і пыл. Пры гэтым умела захоўвала жаноцкасць: на прывабным твары — з густам нанесеная касметыка, валасы — укладзеныя ў прычоску. І яшчэ — абавязкова добры настрой, цярпенне і каханне.
Зразумела, Уладзімір жонцы давяраў руль КЗС-1218 на лягчэйшых, роўных палях. Больш складаныя, скажам, авёс або палегліцу, “браў” на сябе. Бярог жончыны сілы.
— Ёй жа вечарам яшчэ трэба паспець прыбрацца, вопратку памыць, ежу прыгатаваць, пакарміць свойскую жыўнасць, — тлумачыць гаспадар. — Жаночую работу ёй ніхто не адмяняў… А ў 5 гадзін раніцы пад’ём, падрыхтоўка камбайна і зноў выхад у поле да гадзін дзесяці вечара. Добра, сыны нашы вялікія, пакуль мы жалі, клапаціліся, як маглі, у гаспадарцы.
Жанчына прызнаецца, што сёлетнюю ўборку ніколі не забудзе. “Трэба, каб жонка падтрымлівала мужа, каб радаваліся ра-зам поспеху”, — кажа Валянціна.
І радаваліся. Запоўніў бункер і ўключыў “мігалку” хутчэй, чым Краўчукі ці Сяргей Кікаеўскі — значыць, хутчэй высыпле гарачае ад сонца збожжа, апярэдзіць калег на новай загонцы. Бывала, выдавалі па 60, 70 тон у дзень, рэкорд — 89. “Эх, быў бы колас больш важкім, то і намалоты былі б вышэйшыя”, — рэзюмуе Уладзімір.
— Памятаю, як спяшаліся намалаціць 800 тон, — расказвае Валянціна. — Хацелася спяваць у кабіне, калі “дайшлі” да 900 тон. Ну, а калі ўзялі “тысячную” планку, здаецца, былі самымі шчаслівымі людзьмі ў свеце. У Сяргея Качаноўскага з Уладзімірам Яшчуком намалот крыху лепшы — 1162. Нас яны апярэдзілі ўсяго на 63 тоны.
Уладзімір Канцэвіч, праўда, за 15 гадоў працы ў гаспадарцы прывык да тытулаў “тысячніка” і пераможцы, нават на рэспубліканскія “Дажынкі” на ўзнага-роджанне ездзіў. Жонка і сыны ганарацца Уладзімірам, разважлівым, вытрыманым рупліўцам, бяруць з яго прыклад.
Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top