Неспартыўныя разборкі

Неспартыўныя разборкі

Untitled-12

Нават для вялікіх каманд з сусветнымі імёнамі даўно сталі вялікай праблемай неспартыўныя паводзіны (а папросту — хуліганствы) іх прыхільнікаў-фанатаў. Усё ж найчасцей даводзіцца пра такое чуць з тэлевізара. Аднак “арэнай разборак” восенню мінулага года нечакана стаў і наш райцэнтр.
Гэтая гісторыя, вынік якой быў падведзены сёлета ў судзе Жабінкаўскага раёна, пачыналася ў Брэсце. У той вечар вялікая група маладых людзей знаходзілася ў кінатэатры “Беларусь”, калі пазванілі з Жабінкі мясцовыя футбольныя балельшчыкі “Дынама-Брэста”. Аматары берасцейскай каманды паскардзіліся: фанаты клуба “МТЗ-РИПО” гатовыя пабіць іх за тое, што яны падтрымліваюць не тую каманду. А, значыць, прасілі неадкладна аб дапамозе: маўляў — нашых б’юць!..
Берасцейцы сабраліся імгненна. Знайшоўся вадзіцель, які пагадзіўся завезці ў Жабінку, прыхапілі для абароны ці, лепей сказаць, для нападзення электрашокер і бейсбольную біту.
Аднак прыехалі ўсё ж са спазненнем. МТЗаўскія балельшчыкі пакуражыліся, пакрычалі ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Бадзёрасць” і падаліся ў цэнтр горада. Бойкі не было.
Такі зыход, мусіць, не ўстройваў “гасцей” з горада над Бугам, і яны паехалі на гарадскую плошчу, дзе сустрэлі групу маладых жабінкаўцаў. М.Юдчыц і А.Борыс падышлі да іх і спыталі, каго тыя падтрымліваюць. В.Міхнюк адказаў, што зараз нікога, а раней — “МТЗ-РИПО”. Адзін з берасцейцаў стаў патрабаваць, каб той даў паглядзець яму свой мабільны тэлефон і ён мог бы пераканацца, што той гаворыць праўду, але Міхнюк адмовіўся.
Сталі падыходзіць іншыя жабінкаўцы. А.Борыс паклікаў яшчэ двух сваіх хлопцаў, што сядзелі ў машыне, а сам стаў уключаць і выключаць дзеля запалохвання электрашокер. Нехта гукнуў:
— У іх жа зброя!” — і маладыя хлопцы з Жабінкі сталі ўцякаць. За імі кінулася ў пагоню чацвёрка з Брэста.
Нехта пабег за будынак гарадскога Дома культуры, а Сяргей Якімавец — да кацельні. Спускаючыся ўніз, ён паслізнуўся і ўпаў. Тут яго дагналі А.Борыс з А.Клімовічам і сталі біць нагамі. Затым першы ўключыў электрашокер і нанёс электрычны разрад у вобласць левай кісці “праціўніка”.
Пасля гэтага “госці” гатовыя былі пакінуць наш горад, але дарогу іх іншамарцы перагарадзіў машынай А.Літошык. Тады А.Борыс, які быў найбольш актыўным у гэтай справе, дастаў бейсбольную біту і прыгразіў раскалаціць аўтамабіль, але гэта не спалохала А.Літошыка: ён выклікаў міліцыю.
Брэсцкія хлопцы, за выключэннем вадзіцеля машыны, уцяклі. Выклікалі таксі і з’ехалі ў Брэст. Адшукаць іх для супрацоўнікаў праваахоўных органаў не склала ніякіх цяжкасцей…
На лаве падсудных сядзелі двое: Андрэй Борыс і Артур Клімовіч. А.Борыс адмаўляў, што біў прыхільніка іншай каманды нагамі, хаця астатнія сведкі сцвярджалі зусім адваротнае.
На дзень здарэння Андрэй быў непаўнагадовым. Гэта прызнана судом у якасці змякчальнай акалічнасці для абвінавачанага. На аснове часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь А.Борысу вынесена пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тры гады. Суд прызнаў мэтазгодным прымяніць у адносінах да непаўнагадовага частку 2 артыкула 77 Крымінальнага кодэкса і назначыў адтэрміноўку пакарання на два гады пры адначасовым ажыццяўленні прафілактычнага назірання за ім.
Абвінавачаны А.Клімовіч меў ужо судзімасць за здзейсненае наўмыснае злачынства. Зараз суд на аснове часткі 2 артыкула 339 назначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін у два гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Рэчавы доказ па гэтай справе — электрашокер канфіскаваны і перададзены ў камісію па рабоце з маёмасцю, што накіравана ў даход дзяржавы.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top