Праверкі, маніторынгі, аналіз

Праверкі, маніторынгі, аналіз

КГК

У сёлетнім справаздачным перыядзе Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці асаблівую ўвагу надаваў кантролю за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы. На 1 ліпеня г.г. на кантролі было 156 даручэнняў прэзідэнта, што ўтрымліваюцца ў нарматыўных актах, 258 — у пратаколах даручэнняў, 67 — у рэзалюцыях. План асноўных мерапрыемстваў выкананы ў поўным аб’ёме. Праведзена 54 праверкі, у тым ліку 25 планавых. Комплекс планавых мерапрыемстваў значна дапаўняўся пазапланавымі кантрольна-аналітычнымі, што праводзіліся як паводле даручэння кіраўніцтва дзяржкантролю Беларусі, так і паводле ініцыятывы абласнога Камітэта.
Агульны эканамічны вынік дзейнасці абласнога Камітэта склаў за справаздачны перыяд 470,8 млрд. руб., у разліку на аднаго супрацоўніка — 8,4 млрд. руб. (на 32% больш, чым за аналагіны мінулагодні перыяд). У бюджэт паступіла 55,8 млрд. руб., што ў 2,3 раза больш сумы грашовых сродкаў, якія былі пералічаны ў бюджэт за студзень-чэрвень 2014 года; сэканомлена, спынена выплат дзяржаўных сродкаў на суму 223,1 млрд. руб. (114%); прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 449 чалавек на 385 млн. руб. (130%).
Працягвалася работа ў павышэнні эфектыўнасці ўзаемадзеяння з праваахоўнымі органамі, куды за паўгоддзе Камітэтам было накіравана 46 матэрыялаў, паводле якіх узбуджана 54 крымінальныя справы, з іх органамі фінансавых расследаванняў — 28.
Асаблівую ўвагу надавалі пытанням выканання ўмоў дзяржпадтрымкі, захавання заканадаўства ў сферы дзяржаўных закупак, прынцыпаў эканоміі і беражлівасці ў арганізацыях, а таксама стану працоўнай дысцыпліны ў калектывах. Праведзена 52 маніторынгі па найбольш важных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Пад час іх абследаваны 641 аб’ект, скарочана фінансаванне і спагнана ў бюджэт грашовых сродкаў у суме 11,2 млрд. руб., падрыхтавана 175 рэкамендацый і прапаноў, з якіх 73 рэалізавана, 77 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Спецыялістамі Камітэта праведзены аналіз выканання мясцовых бюджэтаў, выкарыстання сродкаў пазабюджэтных фондаў і працягвалася работа па вяртанні пратэрмінаваных бюджэтных пазык (займаў). Сёлета ажыццяўляўся дзейсны кантроль за захаваннем дзяржаўных інтарэсаў пры рэалізацыі рэспубліканскіх, галіновых і рэгіянальных праграм, важнейшых інвестыцыйных праектаў, а таксама за ходам мадэрнізацыі і рэканструкцыі прадпрыемстваў. Вынікі кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў паказалі, што ёсць праблемы не толькі з абгрунтаванасцю разлікаў неабходнага аб’ёму інвестыцый пад канкрэтны праект мадэрнізацыі, але і ў цэлым з мэтазгоднасцю іх рэалізацыі. Сумесна з пракуратурай Брэсцкай вобласці ў справаздачным перыядзе праверана якасць выпускаемай сельскагаспадарчай тэхнікі ААТ “Бярозаўскі маторарамонтны завод” і ААТ “Баранавіцкі завод станкапрыбораў”.
Спецыялісты праверылі эфектыўнасць выкарыстання дзяржаўных сродкаў на будаўніцтве аб’ектаў. Паводле вынікаў кантрольных мерапрыемстваў выяўлена завышэнне кошту выкананых будаўніча-мантажных работ на 2206,1 млн. руб., да адміністрацыйнай адказнасці за гэта прыцягнута 7 юрыдычных асобаў на 192,5 млн. руб., 11 кіруючых асобаў на 18,9 млн. руб., да дысцыплінарнай адказнасці — 16 работнікаў прадпрыемства, узбуджана 1 крымінальная справа. На шасці будаўнічых аб’ектах завышаўся іх кошт, у тым ліку аплачаных з бюджэту, на 887,8 млн. руб.
У вобласці штогод не выконваюцца мерапрыемствы дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі. Праверка Брэсцкага райвыканкама паказала, што ў раёне фармальна адносяцца да выканання гэтай праграмы ў пытаннях рэканструкцыі МТФ, пад час падрыхтоўкі сельгасарганізацый да вясенне-палявых работ пад ураджай 2015 года, у выкананні задання па назапашванні мінеральных угнаенняў і іх захаванасці. Вынікі разгледжаны на калегіі Камітэта, дзе адзначана нездавальняючая работа Драгічынскага, Жабінкаўскага, Іванаўскага, Кобрынскага, Камянецкага, Бярозаўскага, Лунінецкага і Івацэвіцкага райвыканкамаў у назапашванні тукаў.
Надавалася ўвага і рабоце прадпрыемстваў у аказанні бытавых паслуг. Праведзеныя маніторынгі аб’ектаў бытавога абслугоўвання насельніцтва Драгічынскага і Пінскага раёнаў паказалі, што ў асобных аграгарадках зачынены комплексныя прыёмныя пункты.
І колькі слоў пра звароты, якія паступілі ў дзяржкамітэт вобласці. За паўгоддзе іх было 491, пісьмовых ад грамадзян — 242, вусных — 213, ад юрыдычных асобаў — 36. Адзначаецца значны рост зваротаў ад жыхароў Столінскага і Брэсцкага раёнаў. Большасць з іх датычыцца вытворчай дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый, узнімаюцца камунальна-бытавыя праблемы, добраўпарадкавання населеных пунктаў, грамадзянска-прававых адносін, ёсць пытанні паводле працы і заработнай платы, жыллёвыя. Ад агульнай колькасці зваротаў яны складаюць 74,6%.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top