Прэс-аўтаклуб

Прэс-аўтаклуб

p_53632_1_gallerybig

Беражыце дзяцей,  перавозьце іх правільна

У Брэсцкай вобласці з пачатку года адбыліся 24 дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам непаўнагадовых. У выніку адно дзіця загінула, 23 атрымалі раненні. Акрамя 11 дзяцей-пешаходаў і аднаго веласіпедыста, пацярпелі 12 дзяцей-пасажыраў, з іх чацвёра перавозіліся з парушэннямі.
Дзяржаўтаінспекцыя не раз заклікала вадзіцеляў, каб тыя клапаціліся пра бяспечную перавозку малых у асабістым транспарце. Напрыклад, трагедыя з удзелам дзіцяці, якая адбылася 9 чэрвеня ў Кобрынскім раёне, паказала, што, калі б яно было прышпілена рамянём бяспекі, вынікі былі б не такімі трагічнымі.
Паважаныя дарослыя, захоўвайце правілы перавозкі дзяцей у аўтамабілі! Не перавозьце іх у люльках, знятых з каляскі, або на каленях. Вы павінны разумець, што ў сілу сваіх фізічных асаблівасцяў малое можа вельмі цяжка пакалечыцца або загінуць нават у нязначнай аварыі, якую дарослыя перанясуць без сур’ёзных наступстваў.
Якія ж месцы ў аўтамабілі ўяўляюць пагрозу і могуць быць смяротна небяспечныя для дзіцяці:
1. Пярэдняе сядзенне — самае небяспечнае месца ў машыне. Справа ў тым, што практычна ва ўсіх сучасных легкавых аўтамабілях ёсць падушкі бяспекі, якія прызначаны для дарослага чалавека. Калі здарыцца аварыя, дзіця атрымае сур’ёзную траўму ці загіне, прыціснутае падушкай бяспекі, нават калі яно будзе ў аўтакрэсле ці на руках у дарослага.
2. Яшчэ адна небяспечная для дзіцячага жыцця памылка — яно знаходзіцца на заднім сядзенні, не прышпіленае рамянём бяспекі. Дастаткова, каб адбылося нязначнае сутыкненне, — і малое па інерцыі вылеціць у лабавое шкло. Шанцу выратавацца ў маленькага чалавечка практычна няма.
3. Калі дзіця сядзіць на заднім сядзенні аўтамабіля і прышпілена рамянём бяспекі, а побач з ім непрышпілены дарослы або ён трымае дзіця на руках, то ў гэтых выпадках пры аварыі дарослы можа прыціснуць дзіця. Таму ў большасці краін свету строга забаронена перавозіць дзяцей на каленях у бацькоў.
Такім чынам, для бяспечнай перавозкі маленькіх пасажыраў самым надзейным з’яўляецца спецыяльнае дзіцячае аўтакрэсла, сканструяванае з улікам усіх асаблівасцяў дзіцячага арганізма і падабранае ў адпаведнасці з вагой і ростам дзіцяці.
Груднічкоў неабходна перавозіць у спецыяльнай “аўталюльцы” спіной па накірунку руху, (але абавязкова павінен быць адключаны механізм франтальнай падушкі бяспекі).
Дзяцей да 5 гадоў — у дзіцячых утрымліваючых устройствах (крэслах). Дзеці ад 5 да 12-ці гадоў могуць перавозіцца ў машыне ў спецыяльным дзіцячым аўтамабільным крэсле ці з дапамогай іншых сродкаў (бустараў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядушак).
Дзяцей, якія дасягнулі 12-гадовага ўзросту і рост якіх перавышае 150 сантыметраў, можна перавозіць на пярэднім сядзенні і без утрымліваючага ўстройства, але абавязкова прышпільваць рамянём бяспекі.
Толькі выконваючы гэтыя правілы, вы можаце спадзявацца, што ў любой аварыйнай сітуацыі ваша дзіця застанецца жывым і здаровым. Калі вы сапраўды любіце сваіх сына ці дачку, перавозьце іх правільна.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЬ, начальнік АДАІ Жабінкаўскага РАУС.

 

Да ўвагі падлеткаў

Парады, як паводзіць сябе ў самых розных сітуацыях на дарозе, асабліва актуальныя ў час летніх канікулаў, калі дзеці знаходзяцца адны дома ці на вуліцы.

Сітуацыя 1
Пад’язджаеш
на веласіпедзе
да дарогі

Калі табе няма 14 гадоў, то на веласіпедзе можна ездзіць толькі па веладарожках, тратуарах або закрытых пляцоўках. Не ўздумай выязджаць на праезную частку! Асабліва небяспечна катацца ў вёсцы па дарогах і абочынах, дзе для веласіпедыстаў месца наогул не прадугледжана. Не рызыкуй, у любым населеным пункце ёсць стадыён, лепш ганяй на веласіпедзе там.
Дарэчы, калі парушыш правілы і цябе заўважаць супрацоўнікі ДАІ, бацькоў чакае штраф — ад 180 да 540 тысяч. А цябе за правапарушэнне выклічуць на камісію па справах непаўнагадовых. Хіба адна паездка вартая таго? Ідэальна, калі ў цябе ёсць веласіпедны шлем. Ён у нас не абавязковы, як у некаторых еўрапейскіх краінах, але купіць яго варта. Як паказвае практыка, часцей за ўсё веласіпедысты гінуць ад траўмаў галавы.
Такім чынам, правілы паўтарылі, падстрахавалі сябе шлемам і можна ўжо круціць педалі. Да першага пешаходнага пераходу. А што далей? Далей абавязкова трэба спешвацца і каціць веласіпед у руках. Пры гэтым усё роўна — пешаходны пераход рэгулюемы ці не. Адзінае выключэнне: пераход можна перасякаць на “двухколавым сябры”, калі па ім праходзіць веласіпедная дарожка.
Факты. Летась у Брэсцкай вобласці загінулі двое дзяцей, якія перасякалі дарогу на веласіпедах, сёлета яшчэ адзін. Следства прызнала, што ў першых двух выпадках дзеці былі вінаватыя самі.

Сітуацыя 2
Гуляеш з гучнай музыкай
у навушніках

З навушнікамі падлеткі не расстаюцца ні ў метро, ні ў парках і нават на веласіпедзе. Не хочацца нікога палохаць, але ў апошні час адбыўся не адзін няшчасны выпадак з-за навушнікаў. Ты можаш быць ідэальным пешаходам, веласіпедыстам, выконваць усе правілы, але ўсё адно трапіць у бяду. Нядаўна дзяўчынка пераходзіла дарогу па нерэгулюемым пешаходным пераходзе ў Брэсце , ішла ў навушніках, слухала сабе музыку. У вадзіцеля, які тым часам пад’язджаў да пераходу, адмовілі тармазы, ён стаў сігналіць, аднак з-за гучнай музыкі школьніца нічога не пачула і патрапіла з траўмамі ў бальніцу.
Неспадзяваных сітуацый можа быць шмат: з-за вугла выскачыць п’яны ліхач або вадзіцелю можа стаць дрэнна за рулём. Якое выйсце? Музыку ніхто не забараняе слухаць, але з адной умовай. Як толькі ты выходзіш на дарогу ў двары, падыходзіш да пешаходнага пераходу ці пад’язджаеш да яго на веласіпедзе, абавязкова даставай з вушэй навушнікі! Няхай гэта стане для цябе законам.

Сітуацыя 3
Ганяеш на роліках хутчэй за вецер

Самае галоўнае правіла: не катайся на роліках у двары. З-за прыпаркаваных аўтамабіляў вадзіцель можа цябе не заўважыць, а ўлічваючы тваю хуткасць, зрэагаваць будзе складана. Дарэчы, цяпер ролеры займаюць першае месца па траўматызме. Як сябе застрахаваць? Абавязкова апранаць абарону на рукі і на ногі, а калі ты любіш паліхачыць, тады і пра шлем не забудзься. Без падзення наўрад ці абыдзецца — калі гэта адбудзецца, дзейнічай так: пастарайся падаць наперад, на рукі і на ногі. Найбольш небяспечна перакуліцца назад, бо можна пашкодзіць пазваночнік.

Сітуацыя 4
Пераходзіш пешаходны пераход

Будзь вельмі ўважлівым пры пера-ходзе нерэгулюемага пешаходнага пераходу. Упэўніся, што аўтамабілі спыніліся і прапускаюць цябе. Калі ёсць магчымасць, прайдзі лішнія 100-200 метраў да рэгулюемага. Пара лішніх хвілін ужо дакладна для цябе нічога не вырашаць, затое пазбегнеш сітуацыі, калі няўважлівы ці няветлівы кіроўца не паспее затармазіць перад “зебрай”.
Калі падыходзіш да пераходу, спыніся. Не ступай на яго адразу, нават калі загарэлася зялёнае святло. Бывае, што ў машыны няспраўныя тармазы, і яна можа нечакана выехаць на пераход. Агледзься, перасякай дарогу спакойна. Пераходзь, а не перабягай! Дайшоўшы да сярэдзіны праезнай часткі, спыніся, паглядзі направа і, калі нічога не замінае, пераходзь далей.
Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты! Выкананне гэтых нескладаных правілаў захавае вам жыццё. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!
Раман КРУПКО, старшы дзяржаўтаінспекар АДАІ Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top