Калі паманіць “Сілуэт”

Калі паманіць “Сілуэт”

IMG_4953

Менш за год таму на вуліцы Кірава з’явіўся банер, што запрашае наведацца ў новы салон “Сілуэт”, размешчаны ў будынку Жабінкаўскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання.

Гаспадыні салона Людміле Бурак пасля заканчэння школы хацелася мець гандлёвую адукацыю. Але ж, так склалася, лёс накіраваў яе па іншай дарозе.
— Захацелася ствараць прыгажосць для іншых! — даверліва гаворыць Людміла Зіноўеўна. — Вырашыла для сябе: няма таго ў жыцці, чаго нельга асвоіць. Галоўнае, каб было жаданне навучыцца!
Гэта і прывяло ў 2011-ым на курсы масажыстаў у родным для яе горадзе над Бугам. Дарогу да прыгожага падказалі для Людмілы Бурак заняткі спортам: з юнацтва шмат часу прысвячала лёгкай атлетыцы, хадзіла ў трэнажорную залу. Таму добра ведала, наколькі патрэбна чалавеку мець прыгожае цела, яркую
здаровую фігуру. Неяк  падумалася: “Калі мне гэта падабаецца, чаму не зрабіць сваёй прафесіяй стварэнне гожага цела для іншых?”

Пасля курсаў, каб набрацца ўменняў і вопыту, папрацавала ў масажным салоне ў Брэсце, а з мінулага лістапада пачала практыкаваць у нашым райцэнтры.
Вельмі доўга разважала, якое імя будзе насіць яе салон. Не хацелася назваў складаных і мудрагелістых, аднак адшукаць патрэбнае ёмістае слова адразу не атрымалася. Пакуль не з’явілася думка: “Усё ж проста! Мы ж будзем старацца кліентам рабіць прыгожую фігуру — таму і “Сілуэт”.
З першага дня адчувала падтрымку ва ўсіх сваіх пачынаннях з боку каханага мужа. Той добра валодае алоўкам, таму і банер, што месціцца на вуліцы Кірава, — ягоных рук справа.
Галоўная спецыяльнасць, якою ганарыцца майстар, — роліка-вакуумны масаж. Ад звычайнага (альбо ручнога) ягонае адрозненне істотнае, паколькі дазваляе карэкціраваць фігуру. Канечне, у асноўным гэта прызначаецца для прадстаўніц прыгожага полу. Прычым любога ўзросту, найчасцей ад 20 гадоў і вышэй, калі жанчына пачынае больш крытычна пазіраць на сябе ў люстэрка. І хоць тое, як у знакамітай пушкінскай казцы, яшчэ супакойвае, усё ж прыродная цяга “спадчыніц Евы” да хараства падштурхоўвае калі-нікалі звяртацца да спецыялістаў. Бо быць прыгожымі хочацца ўсім — не толькі жыхаркам шумлівых мегаполісаў і значных гарадоў, але і такіх невялікіх, як наша Жабінка. Тады, бясспрэчна, і можа паманіць да сябе “Сілуэт”.
— Вынік не заставіць сябе доўга чакаць, — запэўнівае Людміла Зіноўеўна, — дастаткова прайсці дзесяць працэдур, каб стала прыкметна, што цела амаладзілася.
Найбольш часу займае карэкціроўка ўсяго цела. Спатрэбіцца 45 хвілін, каб з дапамогаю айчыннага апарата “B-flexy”, была “заведзена” лімфатычная сістэма, што стымулюе абмен рэчываў у арганізме. Магчыма зменшыць і лішнія аб’ёмы цела, зняць цэлюліт (або дабіцца так званага “эфекта апельсінавай коркі”). У выніку, запэўнівае майстар, пераадоль-ваецца няправільны абмен і скура становіцца такой, як патрэбна — эластычнай і гладкай.
У салоне заўсёды атмасфера ўтульнасці, гучыць ціхая лірычная музыка — усё спрыяе прымаць з камфортам сеансы. Сярод паслуг — правядзенне педыкюру, манікюру, што робіць кваліфікаваная майстар Юлія Уладзіміраўна Бялюк. Ёсць і “інфрачырвоныя штаны” — для тэрматэрапіі, апеляцыя воскам і г.д.
IMG_4975
Міжволі пацікавіліся, ці не баяцца ў “Сілуэце” канкурэнцыі. Усё ж у райцэнтры не толькі тут аказваюцца падобныя паслугі. На тое гаспадыня салона адказала з усмешкай:
— Да канкурэнтаў не хаджу. А вось яны да мяне — бывае. Паколькі такі, як у нас роліка-вакуумны масаж у Жабінцы пакуль адзіны. Хоць маем і выдатнага майстра ручнога масажу. Ён наведваецца час ад часу, калі з’яўляюцца заказы на ягоную паслугу.
На думку Людмілы Зіноўеўны, самаадчуванне — важная рэч. Сваё цела патрэбна “песціць ды мілаваць”, прыслухоўвацца да ягоных пажаданняў, а да працэдур усё ж адносіцца ўдумліва, з асцярогай, не грэбуючы рэкамендацыямі ўрачоў. Бо нельга, каб арганізм атрымоўваў празмерныя над сабой маніпуляцыі, што могуць пашкодзіць. Наадварот, сеансы павінны прыносіць задавальненне і адчуванне лёгкасці, здаровага ўздыму.
— Хочацца пажадаць, каб наш “Сілуэт” не абміналі тыя, каму не абыякава ўласная фігура, — сказала напрыканцы Людміла Бурак. — А свой галоўны абавязак выканаем абавязкова і арганізуем якаснае абслугоўванне для ўсіх, хто цягнецца да прыгажосці і здароўя.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: загадчыца салона “Сілуэт” Л.З.Бурак робіць роліка-вакуумны масаж; майстар па манікюру Ю.В.Бялюк за работай.
Фота Ірыны ЖУК.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top