Чым жа шчасце вымяраецца?

Чым жа шчасце вымяраецца?

IMG_9958

На ўсё ў жыцці ёсць свая мера. Каб вызначыць яе, даўно ўжо існуюць надзейныя прыборы, якія без усялякае памылкі адлічваюць і хуткасць, і адлегласць, і вагу… Але ж ці дастаткова іх (хоць і дакладных, ды бяздушных), каб расказаць аб простым чалавечым шчасці, што складаецца са шчырасці пачуццяў і прыцягальнасці паміж людзьмі, аздобленых павагай добразычлівых слоў?..
Відаць, для шчасця патрабуецца не просты “вымяральнік”. Мо — гэта дзеці, што клопатам і радасцю напоўняць сэрца, думкі маці? Як гэта адбываецца амаль штодня з Аксанаю Ляўковіч. Калі ўсё так, і мы не памыліліся ў “прыборы”, дык шчасця ў жанчыны “больш, чым пальцаў на адной руцэ!”
— Ніколі і не думала раней, што стану я матуляй для шасці дзяцей, — даверліва гаворыць Аксана Міхайлаўна. — Хоць добры прыклад заўжды быў перад вачамі: у мамы Валянціны Пятроўны і таты Міхаіла Міхайлавіча Катовічаў нас было трое. Спачатку, як гаворыцца, “нянька” нарадзілася, а потым і “лялькі” — мае малодшыя брат Вячаслаў ды сястра Ірына. Дарэчы, у Славы цяпер сям’я таксама шматдзетная, у ёй гадуюцца трое любых маіх пляменнікаў.
Аднак размова, як нейкі штучны спадарожнік на арбіце, усё ж круцілася ўвесь час вакол родных Аксаніных дзяцей. І адчувалася: ад іх яна ў захапленні і ў іх бачыць сэнс свайго жыцця. На шчасце, сыны і дочкі пакуль прыносяць толькі добрыя эмоцыі.
Найстарэйшаму Арцёму вось-вось дваццаць. Сур’ёзны і адказны малады чалавек. Ён ва ўзросце станаўлення, калі наперадзе сто дарог, а трэба адшукай сваю! Сёлетні год для юнака зноў вырашальны: “новаспечаны” тэхнік-будаўнік пасля Брэсцкага політэхнічнага каледжа асвойвае сваё першае месца працы. Пры гэтым не забываецца і пра далейшае навучанне. Таму адразу пасля сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы падаў дакументы ў вышэйшую — адразу на трэці курс тэхнічнага ўніверсітэта ў горадзе над Бугам. У планах — стаць інжынерам-будаўніком. А каб збылася Арцёмава мара, патрэбна прайсці праз гарачую экзаменацыйную пару. За старэйшага трымае кулачкі ўся ягоная вялікая сям’я. З такой падтрымкай — многае зможацца! Дый сам ён мэтанакіраваны і адказны. Бо галоўны свой экзамен — на працавітасць, на думку маці, даўно здаў на “выдатна”.
Старэйшая дачка Аліна рухаецца братавай дарогай і ўжо залічана на апошні, чацвёрты курс політэхнічнага каледжа. Захопленая вучобай, дзяўчына лёгка асвоіла найноўшую камп’ютарную тэхніку, стварае складаныя і цікавыя праекты. На іх — макеты будынкаў. Хоць пакуль і віртуальна, яе рукамі ўзводзіцца жытло будучага, у якім — так хочацца паверыць! — абавязкова будзе мець прапіску шчасце. Асабліва падабаецца Аліне “маляваць” гістарычныя будынкі, што неўзабаве пад наглядам архітэктараў і рэстаўратараў атрымаюць сваё другое жыццё. Калі бацькі ўладкоўвалі ўласны дом, на плечы дзяўчыны ўсклалася няпростая ноша — догляд за самымі малодшымі. І з гэтым, заверыла матуля, старэйшая дачка выдатна справілася. Пры гэтым дадала з усмешкай:
— Цяпер у Аліны — стопрацэнты вопыт, каб неўзабаве стварыць уласную сям’ю!
Вялікі і прыгожы дом на вуліцы Касманаўтаў — асаблівы гонар і радасць для Аксаны Міхайлаўны і яе вялікай сям’і. Ён вырас літаральна за год. У гэтым перш-наперш мужава заслуга. Каб мара стала яваю, Сяргей Мікалаевіч разам са сваім бацькам Мікалаем Мікалаевічам Прыступам прыклалі і розум, і рукі. Тут для кожнага — і дарослага, і дзіцяці — ёсць свой куток, аднак найбольш любяць яны збірацца разам. Бо сакрэтаў паміж роднымі амаль няма, а вось навінаў, якімі хочацца дзяліцца, — безліч.
Расказвае, напрыклад, пра свой актыўны летні адпачынак сямікласніца Ліза. Падручнікі да восені ў адпачынку, але хапае ёй заняткаў па душы! Згадвае, як амаль штодня спяшаецца ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Сярод сяброў, такіх жа ўлюбёных у мастацтва, гатова Лізавета бавіць увесь свой вольны час. Захапленняў у юнай умеліцы шмат. Прыслухоўваецца да парадаў вопытных выкладчыкаў Тамары Міхайлаўны Казловай і Алены Мікалаеўны Філіповіч, калі шчыруе над пляценнямі з саломкі, гожымі карцінамі з семак ды рознымі спосабамі малюнка. І вось ўжо ўвесь дом на вуліцы Касманаўтаў — нібыта першая асабістая Лізіна выстава.
Следам за дзяўчынкай — па сцяжынцы, што вядзе да творчасці, — пацягнуўся і Мацвей. Ён таксама любіць нешта майстраваць, а найбольш — займацца лепкай. Зусім нядаўна, у сярэдзіне ліпеня, Мацвейкаў сёмы дзень нараджэння святкавалі, як склалася даўно ў дружнай іх сям’і, “усім светам”. Як заўсёды, пачэснае месца сярод гасцей займала “старэйшая бабуля” — Надзея Сцяпанаўна Ляўковіч. Яе дапамога для ўсіх неацэнная. Бо нельга ні на якіх шалях узважыць бабуліны пяшчоту і любоў да ўнукаў, яе вялікі клопат, дапамогу.
Аднак вернемся да маленькага імянінніка. Родныя даўно заўважылі, наколькі (нягледзячы на зусім “дробны” ўзрост) хлопчык цягнецца да працы. Бывае, за сваімі заняткамі забываецца нават пра абед ці вячэру.
— Так, не толькі для старэйшых кожны дзень важны, праходзіць у працы, вучобе, захапленнях, — гаворыць маці. — І ў малых увесь час распісаны. Кожны ведае: мама сама з усім не справіцца, таму наводзяць чысціню наўкола. Мо таму і не стае паміж імі вялікіх спрэчак і канфліктаў. Мне радасна, калі я бачу, як весела гуляюць і робяць справы разам Мацвей, Назарка і Давід.
Назар ужо рыхтуецца да свайго апошняга “дзетсадаўскага” года. Відаць, і ў ім калісь прачнецца будучы канструктар? Гэткім пытаннем міжволі задаешся пасля нядоўгага назірання за Назаркам. Рухавы хлопчык увесь час пры нейкім занятку, нешта складае са шматлікіх сваіх канструктараў, пры гэтым мае добрую фантазію. Яна дапамагае хутка з’явіцца з-пад яго маленькіх рук то хаткам, то караблям, то нейкім дзіўным сродкам тэхнікі.
Самы малодшы жыхар дома на вуліцы Касманаўтаў, трохгадовы Давід, як і ўсе дзеці ў ягоным узросце, у вялікім пошуку. Нездарма вельмі даспадобы яму шырокі падворак, дзе сярод акуратных газонаў, створаных дарослымі на радасць сваім дзецям, прапіску атрымала непадзельнае і ўзважанае шчасце.
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Сям’я Аксаны Ляўковіч і Сяргея Прыступы — нібыта поўная чаша, дзе гадуюцца шасцёра дзяцей.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top