Нічога выпадковага не бывае

Нічога выпадковага не бывае

IMG_2250

Наш зямляк паэт Васіль Сахарчук пісаў: “Усё на свеце выпадкова, апроч дарогi той, што стала сэнсам, i асновай,
i сутнасцю маёй”. Гэтыя радкі можна ў поўнай меры дастасаваць да былой загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Людмілы Аляксандраўны Астроўскай. Спачатку ёй здавалася, што на прафесійную дарогу бібліятэкара яна стала выпадкова. Скончыла Гродзенскае тэкстыльнае вучылішча па спецыяльнасці “ткачыха” з “чырвоным” дыпломам, і ўсе прарочылі маладой майстрысе працу ў лёгкай прамысловасці. Але, калі лепшая сяброўка расказала, наколькі цікава вучыцца ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, Людміла Аляксандраўна “спакусілася”.
— Тэхнікум сапраўды даў мне многае, — кажа яна. — Нас вучылі, як праводзіць мерапрыемствы, ставілі маўленне і г.д. Пашанцавала нашай групе і з куратарам — Лідзіяй Аляксееўнай Тарасенка, якая разумела моладзь, падтрымлівала, давала каштоўныя парады. Я ўдзячна не толькі ёй, але і ўсім сваім выкладчыкам.
Дарэчы, яшчэ ў школьныя гады, якія папярэднічалі вучобе ў бібліятэчным тэхнікуме, педагогі ў Людмілы Астроўскай былі творчыя і ініцыятыўныя. Рускую мову і літаратуру ў СШ №1 г.Жабінка, выкладала, напрыклад, заслужаны настаўнік Беларусі Валянціна Апанасаўна Талокіна. Пад яе кіраўніцтвам у школе праводзілася шмат тэатралізаваных касцюміраваных пастановак, тэматычных вечароў, конкурсаў.
Такія настаўнікі, сцвярджае Людміла Астроўская, захаплялі дзяцей сваімі прадметамі, фарміравалі іх сапраўднымі асобамі.
…У памятным 1981 годзе Людміла Аляксандраўна прыйшла на працу ў цэнтральную раённую бібліятэку ў Жабінцы — якраз вызвалілася месца загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі.
З першых дзён працы маладога спецыяліста падтрымлівалі добрыя настаўнікі: дырэктар ЦБС Таццяна Антонаўна Япішка, бібліятэкар Вольга Кірылаўна Голад, Ала Аляксееўна Асінская, якая працавала ў аддзеле камплектавання. Кожны патроху дапамагаў. Увогуле, успамінае Людміла Аляксандраўна, калектыў быў вельмі дружны. Яна кожны дзень спяшалася на працу, з задавальненнем прапагандавала чытанне кніг, любіла абслугоўваць людзей, размаўляць з імі.
— Дальнабачны загадчык аддзела культуры Алег Іванавіч Храмцоў настойваў, каб мы вучыліся далей, сцвярджаў, што вышэйшая адукацыя абавязкова спатрэбіцца, — расказвае Людміла Аляксандраўна.
Яна паступіла на завочнае аддзяленне ў інстытут культуры ў Мінску і скончыла яго ў 1991 годзе. Атрыманыя веды сапраўды спатрэбіліся ў жыцці.
— Вельмі задаволена сваім прафесійным выбарам, — прызнаецца Людміла Аляксандраўна. — Ніколі не думала, што вось так выпадкова можна абраць працоўны шлях, які будзе прыносіць радасць і задавальненне. Нездарма кажуць: нічога выпадковага не бывае. Мне падабаецца, як пра бібліятэку напісаў беларускі паэт Уладзімір Мазго:

Бібліятэка — для душы
аптэка.
Адчулі гэта добра
чытачы:
Ёсць многа кніг, нібы
дзівосных лекаў,
Што здольны нашы
душы палячыць,
Ачысціць іх ад блуду і ад
бруду,
Каб не зрабіць духоўных з
нас калек,
Каб змог адрозніць
кніжную атруту
Ад кніжнага лякарства
чалавек.

Сапраўды, бібліятэкі па праву называюць скарбніцамі ўсіх багаццяў чалавечай душы. А задача бібліятэкараў — раскрыць іх для чытачоў.
Акрамя таго, што Людміла Аляксандраўна Астроўская дапамагала людзям атрымліваць веды і заахвочвала да чытання кніг, яна была нязменным кіраўніком клуба “Суразмоўнік”, якому сёлета ў жніўні спаўняецца 25 гадоў.
— Спачатку пры бібліятэцы быў арганізаваны моладзевы клуб, — вяртаецца ў думках на чвэрць веку назад Людміла Аляксандраўна. — Потым утварыўся клуб пажылых людзей. Першапачаткова ў яго ўваходзіла чалавек дзесяць. Мы вырашылі, што асноўным накірункам нашай дзейнасці будзе краязнаўства, сустрэчы з цікавымі людзьмі, тэматычныя. Колькі пазнавальных экскурсій, тэматычных вечароў, творчых сустрэч з паэтамі і пісьменнікамі, музыкамі і мастакамі, са святарамі і медыкамі адбылося за час існавання клуба!
Запамінальнымі былі паездкі ў Залуззеўскі дом народнай творчасці, у Кобрынскі гарадскі парк імя А.В.Суворава, у Пружанскі раён па мясцінах вайны 1812 года, цікава прайшлі “Гароднінны баль”, сустрэча хору ветэранаў “Тонус”, які ўваходзіць у склад клуба “Суразмоўнік”, і ансамбля “Багуслаўка”.
Удзячна былому начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлане Мікалаеўне Янусік, якая ніколі не адмовіла, калі патрабаваўся аўтобус для паездак і экскурсій. У іх абавязкова прысутнічала ўрач — Ангеліна Дзмі-трыеўна Чарнейка: усё-такі сябры клуба — людзі пажылыя, крый Божа, каму-небудзь стане дрэнна.
Аднойчы Раіса Міхайлаўна Маргевіч, краязнаўца, прапанавала зрабіць экскурсію па Жабінцы. Нам было настолькі цікава, як быццам упершыню наведаліся ў райцэнтр. Да прыкладу, ехалі па вуліцы Леніна, а Раіса Міхайлаўна расказвала, хто ў якім доме жыў, хто з’ехаў у Аргенціну, у Германію. Як кажуць, век жыві, век пазнавай новае.
У жніўні плануецца паездка “суразмоўнікаў” у аграсядзібу Шадрыных у Залуззе па сувеніры і натхненне.
— Сябры клуба настолькі цікавыя людзі, што кожнаму можна было б прысвяціць асобнае пасяджэнне “Суразмоўніка”, — дзеліцца Людміла Аляксандраўна. — Гэта вельмі надзейныя людзі, якія ні разу мяне не падвялі. Заўсёды адчувала іх дапамогу і падтрымку, падпітвалася іх энергіяй, пазітывам. Шкада было расставацца са сваім клубам, са сваім “дзецішчам”.
Месяц як Людміла Аляксандраўна на заслужаным адпачынку. З задавальненнем займаецца садам, агародам, кветнікамі. Сярод кветак любімыя — касачы.
— Мне, відаць, ад мамы перадалася цяга да прыгожага, — кажа яна. — У яе быў добры густ, любіла ствараць вакол сябе прыгажосць: што-небудзь клеіць, майстраваць, вязаць. Нядаўна мінуў год, як яе не стала.
— Унучку Вікторыю дапамагаю гадаваць, — з пяшчотай працягвае Людміла Аляксандраўна. — Гэта мая любіміца, разумнічка, прыгажунька. Хоць і дзяўчынка, а вельмі любіць вудзіць рыбу ў нашым прудзіку каля дома. Сын Віктар — мой гонар, працуе слесарам на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, яго фотаздымак “красуецца” на Дошцы гонару прадпрыемства.
Людміла Аляксандраўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, адзначае, што ў жыцці ёй пашанцавала на цікавых выкладчыкаў, на цікавых людзей, на надзейных сяброў.
Ад гэтай сімпатычнай жанчыны вее пазітывам, спакоем і дабрынёй, і прыходзяць у галаву радкі з песні: “На земле хороших людей немало, сердечных людей немало…”. Гэтыя словы не толькі пра мам, але і пра Людмілу Аляксандраўну Астроўскую — чулага, шчырага чалавека, які ўсё жыццё прысвяціў любімай справе — служэнню вечнаму і мудраму храму кнігі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: Л.А.Астроўская ўсё жыццё прысвяціла любімай справе.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top