На вальс запрасіла маладосць

На вальс запрасіла маладосць

 _DSC7206

Міхаіла Ісакавіча Міхайлоўскага аднавяскоўцы паважаюць. Суседзі любяць зайсці да былога воіна, пагаманіць, узгадаць маладыя гады, абмеркаваць вясковыя навіны.
У мінулыя выхадныя Міхаіл Ісакавіч з Барздзілаў чакаў гасцей з абласнога цэнтра: павінны былі прыехаць пасівелыя ўжо дзеці і дарослыя ўнукі-студэнты. Нагода прыемная — разам адзначыць 90-гадовы юбілей.
З найлепшымі вінша-ваннямі да юбіляра ў вясковую хатку завіталі таксама госці з райцэнтра і мясцовай гаспадаркі. Былы воін, якому неаднойчы на палях баявых дзеянняў у патыліцу дыхала смерць, прыкметна разгубіўся, сустракаючы візіцёраў.
Першым павіншаваў з такім знакавым юбілеем і ўручыў грашовы падарунак старшыня раённага Савета ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц. Ён пажадаў доўгажыхару, абаронцу Айчыны, каб жыццё яго было сагрэта любоўю блізкіх людзей, падзякаваў віноўніку сустрэчы за тое, што набліжаў Перамогу, у мірны час плённа працаваў, вырасціў трох дзяцей. Таксама В.М.Шышчыц перадаў юбіляру вусныя віншаванні ад ваеннага камісара раёна А.М.Ануфрыюка і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Н.В.Куракевіч, якім у гэты дзень не выпала трапіць да ветэрана. Ад Ніны Віктараўны былы воін атрымаў падарунак — СD-дыск з запісанымі чатырма фільмамі на ваенную тэматыку.
Ад імя нашчадкаў, якім выпала нарадзіцца і жыць у мірны час, уручыў ветэрану ружы старшыня Крыўлянскага сельскага Савета дэпутатаў Анатоль Фёдаравіч Марчук. Ён пажадаў, каб кожны пражыты дзень прыносіў радасць, не падводзіла здароўе і сустрэў 75-ую гадавіну вызвалення краіны ад фашысцкай навалы.
Старшыня СВК “Вазнясенскі” Надзея Рыгораўна Кандрацюк, у сваю чаргу, сказала:
— У кожнага чалавека самае каштоўнае — жыццё. Прачнуцца раніцай, пабачыць неба, пачуць спевы птушак, удыхнуць водар кветак. Усё гэта дасталося нам ад вас, ветэранаў. Вы не шкадавалі сябе, здабылі перамогу. Мы, нашчадкі, атрымліваем асалоду ад свабоды. Мы шчырай працай плацім за гэта.
Надзея Рыгораўна свае віншаванні “падмацавала” ружамі і “канверцікам”, а яшчэ запрасіла Міхаіла Ісакавіча… на вальс. Як і ў маладосці, ён выпрастаўся, сабраўся. Даўно, вельмі даўно танцаваў былы салдат на ганку ля роднай хаты. Пад гукі вальса на вочы шчымліва набеглі слёзы. Слёзы радасці і ўдзячнасці — не забываюць яго. Значыць, трэба жыць.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: віншаванні з 90-годдзем прымае юбіляр М.І.Міхайлоўскі.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*