Гідравузел “Залуззе” “перайшоў” у 5 “А” клас

Гідравузел “Залуззе” “перайшоў” у 5 “А” клас

IMG_5042 IMG_4996

У мінулую пятніцу адбылося ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі гідравузла “Залуззе №8” на Днепра-Бугскім канале.
Усе гідразбудаванні на гэтым участку воднага шляху, які ўваходзіць у склад міжнароднай транспартнай магістралі Е-40, цяпер адпавядаюць еўрапейскаму класу 5 “А”, што дазваляе прымаць судны “рака-мора”.

— Еўрасаюз зацікаўлены ў аднаўленні воднай магістралі Е-40. У перспектыве па Днепра-Бугскаму каналу з Чорнага мора ў Балтыйскае будуць хадзіць круізныя лайнеры і грузавыя судны. Дарэчы, на 1 тысячу 100 кіламетраў карацейшы Дунайскага. У гэтым яго перавага, — адзначыў вядучы інжынер-энергетык РУЭСП “Днепра-Бугскі водны шлях” Іван Лінко.
Рэканструкцыя гідравузла “Залуззе №8”, які знаходзіцца на рацэ Мухавец, пачалася ў верасні 2012 года згодна з дзяржаўнай праграмай развіцця ўнутранага воднага і марскога транспарту на 2011-2015 гады. На яго будаўніцтва з рэспубліканскага і інвестыцыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый выдаткавана амаль 55,9 мільярдаў рублёў. Замест старога драўлянага шлюза пабудаваны сучасны бетонны, сістэма яго кіравання стала поўнасцю аўтаматычнай.
— З сённяшняга дня шматтонныя вароты шлюзавай камеры адчыняюцца націскам усяго адной кнопкі, — каменціруе судапрапускнік гідравузла “Залуззе” з 15-гадовым стажам Анатоль Астапук. — На праходжанне самога шлюза неабходна нямногім больш за 30 хвілін, “малюнак” выводзіцца на экран дыспетчару. Працаваць тут адно задавальненне.
Дарэчы, у Брэсцкай вобласці на тэрыторыі Днепра-Бугскага канала ўстаноўлена дзевяць шлюзаў. Рэканструкцыя яго гідразбудаванняў праводзіцца з 1998 года. Так, у 2003 годзе мадэрнізаваны суднаходны шлюз “Навасады”, у 2006 годзе — “Дубой”, у 2009 — “Кобрын” і ў 2011 — “Трышын”. Напрыканцы бягучага года плануецца пачаць рамонтныя работы на гідравузле ў Іванаўскім раёне.
Пераразаючы чырвоную стужку, госці адзначалі, што прысутнічаюць на падзеі, якая важная не толькі ў межах нашай краіны: рэканструкцыя шлюзаў дазволіць уліцца ў агульнаеўрапейскія водныя шляхі.
— Гэта ўжо частка не толькі Днепра-Бугскага канала, але і частка міжнароднага воднага шляху, — адзначыў начальнік упраўлення марскога і рачнога транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Андрэй Чарнобылец. — З гэтага моманту заходні схіл Днепра-Бугскага канала, а, значыць, і воднага шляху з “вараг у грэкі”, адпавядае самым высокім сусветным стандартам, і гатовы да прыёму не толькі грузавых, але і пасажырскіх суднаў. Ідзе работа над аднаўленнем цэльнага воднага шляху не толькі Днепра-Бугскага канала, але і Чорнага мора з Балтыйскім.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: пад час адкрыцця пасля рэканструкцыі гідравузла “ Залуззе” №8.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top