Выбарчая кампанія праходзіць спакойна

Выбарчая кампанія праходзіць спакойна

209046-01

У ЦВК БЕЛАРУСІ не паступала ні адной скаргі наконт работы ініцыятыўных груп. Аб гэтым у сваім відэазвароце на сайце vybory2015.by паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
«Выбарчая кампанія праходзіць спакойна. У Цэнтральную камісію не паступіла ні адной скаргі наконт работы ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Такія скаргі таксама не паступалі і ў праваахоўныя органы», — заявіла яна.
Паводле яе слоў, гэта сведчыць аб тым, што мясцовымі ўладамі прыняты ўсе неабходныя меры для таго, каб работа па зборы подпісаў праходзіла ў максімальна ліберальных умовах, а ініцыятыўныя групы выконваюць закон і таксама дзейнічаюць карэктна, улічваючы інтарэсы грамадзян і іншых ініцыятыўных груп.
«У краіне працягваецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Ініцыятыўныя групы працуюць незалежна і не даюць справаздачу нікому, у тым ліку Цэнтральнай камісіі. Тым не менш, мы маем інфармацыю, што дзве групы ўжо здалі частку падпісных лістоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Я магу сказаць, што больш як 100 тыс. подпісаў ужо здадзена ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі і больш як 500 подпісаў здадзена ў падтрымку вылучэння Анатоля Лябедзькі», — расказала Лідзія Ярмошына.
Усяго Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Для таго, каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.
«У ТЭРЫТАРЫЯЛЬНЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯХ, Цэнтральнай камісіі (а ў нас 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі) акрэдытавана ўжо 188 нацыянальных наглядальнікаў. Больш за ўсё яны прадстаўлены ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Восем нацыянальных наглядальнікаў, якія прадстаўляюць асноўныя палітычныя партыі і грамадскія рухі, ужо маюць акрэдытацыю ў Цэнтрвыбаркаме і назіраюць за нашай работай», — паведаміла Лідзія Ярмошына.
Кіраўнік ЦВК звярнула ўвагу, што выбарчае заканадаўства прадугледжвае магчымасць абскарджання ў судзе рашэнняў выканаўчых і прадстаўнічых органаў аб утварэнні выбарчых камісій.
У Беларусі таксама працягваецца навучанне арганізатараў выбараў. Так, абласныя семінары па навучанні актыву тэрытарыяльных выбарчых камісій прайшлі па ўсёй краіне.
РАБОТА ПА ФАРМІРАВАННІ СПІСАЎ ВЫБАРШЧЫКАЎ павінна быць праведзена максімальна якасна. Так сказала старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ў Гомелі на семінары-вучобе з кіруючым складам тэрытарыяльных выбарчых камісій рэгіёна.
«Часта асноўная прэтэнзія выбаршчыкаў датычыцца таго, што яны не знаходзяць сябе ў спісах або запрашэнні для ўдзелу ў выбарах накіроўваюцца сваякам, якіх ужо няма ў жывых. Таму мы разлічваем, што работа па фарміраванні спісаў будзе праведзена максімальна якасна», — выказала патрабаванне кіраўнік ЦВК.
Яна нагадала, што фарміраваннем спісаў выбаршчыкаў займаюцца мясцовыя выканаўчыя органы ўлады, выкарыстоўваючы пры гэтым спісы, якія прымяняліся ў ходзе ранейшай выбарчай кампаніі, звяраючыся папярэдне з ваенкаматамі, загсамі, абыходзячы пакватэрна дамы і гэтак далей. Іх карэкціроўкай займаюцца выбарчыя камісіі, утвораныя на тэрыторыі кожнага ўчастка для галасавання. «Спісы выбаршчыкаў вывешваюцца за 15 дзён да даты выбараў, у бягучым годзе гэта будзе 26 верасня. Да гэтай даты яны павінны быць поўнасцю сфарміраваны», — дадала Лідзія Ярмошына.
Старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына паведаміла, што літаральна ўчора была прааналізавана работа новых інфармацыйных рэсурсаў, створаных для асвятлення важных падзей кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі 2015 года. «Магу сказаць, што сайты выканкамаў і мясцовых адміністрацый аператыўна размяшчаюць інфармацыю аб дзейнасці тэрытарыяльных камісій, працуючы ў цеснай узаемасувязі з ідэалагічнымі і аргаддзеламі. Гомельская вобласць у гэтым выпадку не выключэнне. Усё гэта сведчыць аб тым, што мясцовыя ўлады сур’ёзна падышлі да гэтай работы і актыўна рэалізуюць вельмі важны пры правядзенні выбараў прынцып галоснасці», — канстатавала Лідзія Ярмошына.
Таксама Лідзія Ярмошына дала станоўчую ацэнку рабоце СМІ ў перыяд выбарчай кампаніі. «У мяне няма прэтэнзій. Прынамсі, усё праходзіць асцярожна, няма яўнай агітацыі за каго-небудзь з патэнцыяльных прэтэндэнтаў, няма перагібаў. У нас у законе ёсць палажэнне, згодна з якім СМІ павінны падаваць інфармацыю аб’ектыўна, не аддаючы перавагу якой-небудзь з асоб, што балатуецца. Спадзяюся, што так будзе і ў далейшым», — сказала яна.
«МЫ ЗАПЛАНАВАЛІ СРОДКІ на адкрыццё 45 выбарчых участкаў. Аднак дакладную лічбу сказаць пакуль немагчыма, паколькі паслы павінны зноў правесці ўлік беларускіх грамадзян, якія зарэгістраваны або нейкім іншым чынам лічацца ў пасольстве», — сказала кіраўнік ЦВК.
Яна растлумачыла, што ўчастак адкрываецца там, дзе на консульскім уліку знаходзяцца больш як 20 грамадзян. «Улічваючы вопыт папярэдніх выбарчых кампаній, не думаю, што колькасць участкаў для галасавання значна зменіцца», — дадала Лідзія Ярмошына.
«ПАСЛЯ АТРЫМАННЯ афіцыйнага запрашэння прыняць удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь, якія пройдуць 11 кастрычніка 2015 года, на падставе вынікаў і вывадаў місіі па ацэнцы патрэб 14-17 ліпеня 2015 года, а таксама ў адпаведнасці з мандатам, БДІПЧ АБСЕ рыхтуецца да разгортвання місіі назірання за выбарамі», — гаворыцца ў размешчаным паведамленні.
У прыватнасці, размова ідзе аб пошуку знешніх кансультантаў на наступныя пасады: кіраўніка місіі, яго намесніка, аналітыка па выбарах, палітычнага і прававога аналітыкаў, медыяаналітыка, а таксама каардынатара доўгатэрміновых наглядальнікаў.
Пры гэтым адзначаецца, што ўсе назначэнні часовыя, па кантракце, і працягласць іх будзе каля васьмі тыдняў (у выпадку, калі спатрэбіцца правядзенне другога тура прэзідэнцкіх выбараў, назначэнні могуць быць прадоўжаны прыкладна на тры тыдні). Кандыдаты павінны быць грамадзянамі любой дзяржавы — удзельніцы АБСЕ, за выключэннем Беларусі. Адно з асноўных патрабаванняў — яны павінны быць зарэгістраваны ў базе дадзеных экспертаў па выбарах БДІПЧ.
Кандыдаты павінны быць гатовы падключыцца да маніторынгавай місіі па першым патрабаванні ў канцы жніўня. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 10 жніўня.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top