Калі дзіця баіцца цемры, а муж — кінуць смаліць

Калі дзіця баіцца цемры, а муж — кінуць смаліць

_DSC6497

Студыя развіцця “Час перамен”, якая вясной адчыніла дзверы для юных жабінкаўцаў у цукразаводскім Доме культуры, пашырае спектр паслуг. Так, у жніўні тут будуць арганізаваны заняткі па падрыхтоўцы да школы не толькі з дашкалятамі, але і вучнямі першых, другіх і трэціх класаў.
Таксама ў студыі пройдуць разнапланавыя семінары для дарослых. Напрыклад, маладым людзям будзе цікава даведацца, як можна развіваць дзіцятка, калі яно яшчэ… у мамы пад сэрцам. Творчыя заняткі для цяжарных дапамогуць палепшыць ім самаадчуванне і настрой, зняць лішнюю нервовасць і хваляванні. А калі сямейная пара, на думку медыкаў, здаровая, а жаданая цяжарнасць не наступае — гавораць аб псіхалагічнай бясплоднасці. Разабрацца ў гэтай праблеме пад час індывідуальнай кансультацыі дапаможа спецыяліст Алена Ціхамірава.
Дзіцятка ў сям’і — гэта вялікая радасць і шчасце. Малюпасікі падрастаюць, здзіўляюць бацькоў першымі ўменнямі, адкрыццямі. Неўзабаве аказваецца, што мілае стварэнне, якое ціхенька спала ў калясцы, праз год-другі за некалькі хвілін можа размаляваць сцены і падлогу, “арганізаваць” кавардак і вельмі хутка вучыцца дабівацца ўсяго вісгам і слязьмі. Карапуз — гэта таксама асоба, толькі маленькая, са сваімі жаданнямі, эмоцыямі, страхамі. Адкуль яны бяруцца? Як паводзіць сябе з дзіцём, якое панікуе, да роспачы баіцца цёмнага пакою, маланкі, суседскага сабакі або незнаёмага чалавека. Многія медыкі адзначаюць, што прычынай нервовасці, заікання, энурэзаў становяцца… страхі. Як іх пераадолець, бацькам пад час семінара ў студыі “Час перамен” раскажа псіхолаг-педагог Іна Мартынюк.
Ну, а калі ў вашай сям’і складанасці ва ўзаемаадносінах паміж бацькамі і дзецьмі, няма паразумення з мужам (жонкай), перыядычна “накатвае” дэпрэсія, пастаянна адчуваеце трывогу, смутак, віну, не адпускаюць хваробы, на рабоце канфлікты з калегамі, у крытычных сітуацыях хапаецеся за цыгарэту, чарку або нешта салодкае, не можаце знайсці выхад з матэрыяльных праблем — абавязкова раім наведаць у жніўні семінар “Сувязь пакаленняў”. Тэрапеўт Іна Мартынюк мае багаты вопыт правядзення аналагічных семінараў на базе сістэмных сямейных расстановак па Берту Хелінгеру ў Віцебску і Брэсце. Яна дапаможа высветліць прычыну праблем, падкажа шляхі і выхад з іх.
Так што не апускайце рукі, калі ваша малое вішчыць пры адным узгадванні страху, муж пускае клубы дыму ад чарговай цыгарэты і абяцае “заўтра кінуць”, а свякроў скардзіцца, што адчувае сябе кінутай і адзінокай, бо пахавала мужа пяць гадоў таму. Паверце — выйсце ёсць. Яго вам падкажуць псіхолагі ў цукразаводскім Доме культуры.
Таццяна АЛОЎЧЫК.
На здымку: гаспадыні студыі развіцця “Час перамен” Іна Мартынюк і Алена Ціхамірава.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top