1 октября — День пожилых людей

1 октября — День пожилых людей

1 кастрычніка — Дзень пажылых людзей
Мне хочацца расказаць пра сваю любімую бабулечку — Зою Карпаўну Бакун.
Нават не верыцца, што калісьці яшчэ дзяўчынай, мая бабуля паехала разам з іншымі добраахвотнікамі паднімаць цаліну. Працавала на трактары і спраўлялася не горш чым хлопцы. Цяжка было, стамлялася вельмі, аднак дыван квітнеючых цюльпанаў (такога ў Беларусі ёй ніколі не даводзілася бачыць) падымаў настрой. На тое й маладосць — не заўважаць цяжкасцяў, а радавацца кожнаму ўзыходу сонца, кожнай сустрэчы з новымі людзьмі.
Адна такая сустрэча аказалася лёсавызначальнай. Прыгажун Рыгор “паклаў вока” на трактарыстку, і хутка прапанаваў руку і сэрца. Закаханыя пабраліся шлюбам і накіраваліся на Жабінкаўшчыну, радзіму маладога. Абжыліся, у сям’і Бакуноў нараджаліся дзеці: Света, Вольга, Васіль, Косцік, Таня, Сяргей, Віктар.
Вядома, складана было спраўляцца са столькімі гарэзамі, аднак у бабулі хапала любові і пяшчоты на ўсіх, а вось адшлёпаць якога за шкоду ў яе рука не падымалася. Можа, таму ўсе мае цёткі і дзядзькі выраслі добрымі, чулымі, з адкрытымі сэрцамі людзьмі?
Бабуля расказвала, што, калі нарадзілася пятае дзіця, вырашыла пайсці вучыцца ў Пінскі саўгас-тэхнікум. Як ёй удавалася паспяваць спраўляцца з хатнімі клопатамі, вучыцца і дзяцей гадаваць, па гаспадарцы ўвіхацца і яшчэ канспекты вучыць? Без падтрымкі мужа і дружнай радні было б намнога складаней… Затое дзед Рыгор ганарыўся жонкай, якая чвэрць стагоддзя шчыра адпрацавала ў калгасе “Усход” (зараз — СВК “Шпіталі”) брыгадзірам, а ў яе працоўнай кніжцы — адны толькі падзякі добрыя водкукі.
… Бабуля Зоя лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Яе паважаюць і шануюць людзі. Галоўнае яе багацце — 7 дзяцей і 17 унукаў. (Самаму маленькаму Даніку яшчэ няма годзіка). Яе твар свеціцца шчасцем і радасцю, калі на вялікія святы амаль уся шматлікая радня збіраецца разам у в.Алізараў Стаў. Звычайна гэта адбываецца на Вялікдзень. Тады у квітнеючым садзе ставім вялізны стол, і бабуля частуе прысмакамі, варэннямі і саленнямі. А потым яна прыносіць свае пірагі. Іх непаўторны пах асацыіруецца са святам і бабулінай бязмежнай любоўю за нас.
Ад імя школьнікаў хачу павіншаваць нашых бабуль і дзядуль са святам, пажадаць здароўя, ладу і клапатлівых дзяцей і ўнукаў. Дзякуй за тое, што вы ёсць!
Н.БАКУН, 8 “А” СШ №3, сябра гуртка “Юны журналіст”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top