Медалісту сніцца вучоба ў сталіцы

Медалісту сніцца вучоба ў сталіцы

отличник

Пра паступленне ў прэстыжную вышэйшую навучальную ўстанову марыць, бадай, кожны выпускнік. Але для гэтага трэба мець высокія балы ў атэстаце і паказаць выдатныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні. Ёсць школьнікі, якія дасягаюць іх самастойна, сваім розумам, стараннем, настойлівасцю, без дапамогі рэпе-тытараў. Знайшлі чым здзівіць, падумаюць многія, раней усе так паступалі ў ВНУ. Аднак сёння конкурсы на прэстыжныя факультэты такія высокія, пераможцаў алімпіяд так многа, што бацькі выпускнікоў перастрахоўваюцца і не шкадуюць грошай на платных настаўнікаў.
Але наш герой — выпускнік жабінкаўскай трэцяй гарадской школы, залаты медаліст Віталь Семянюк — пацвердзіў свае дзявяткі і дзясяткі і стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, не прыбягаючы да іх паслуг.
Веды Віталь мог бы набываць у якой-небудзь брэсцкай школе ці гімназіі, таму што нарадзіўся ў абласным цэнтры і там наведваў дзіцячы садзік. Але больш за дзесяць гадоў назад сям’я Святланы і Сяргея Семенюкоў дзеля здзяйснення запаветнай мары пра ўласны дом пераехала з Брэста ў Жабінку. І трапіў будучы выдатнік у першы клас трэцяй гарадской адзінаццацігодкі да Валянціны Фёдараўны Якімук, якую Віталь успамінае з цеплынёй і ўдзячнасцю.
Вучоба давалася хлопцу лёгка. Віталю цікава было даведвацца пра нешта новае, ён шмат чытаў. У чацвёртым класе зразумеў, што найбольш яму падабаецца матэматыка, як кажуць, царыца ўсіх навук. Класа з пятага захапіўся навукова-папулярнай літаратурай. Любімым падарункам на Дзень нараджэння для хлопчыка былі кнігі, энцыклапедыі.
У сярэдняй ступені Віталь удзельнічаў у навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах па матэматыцы і, як ні дзіўна, па рускай мове.
Калі скончыў 9 класаў, доўга вагаўся, пераходзіць у жабінкаўскі або брэсцкі ліцэй ці не, аднак, добра ўзважыўшы, вырашыў застацца ў роднай трэцяй школе і ніколькі не шкадуе аб гэтым.
— Новы калектыў аднакласнікаў і настаўнікаў — гэта ўсё ж такі стрэс, — разважае Віталь. — Пакуль прывыкнеш, адаптуешся, пройдзе час. А трэба не губляць ні хвіліны, рыхтавацца да паступлення, да тэсціраванняў па прадметах.
І вось доўгачаканы і заслужаны залаты медаль у руках Віталя (з трэцяга класа па адзінаццаты хлопец быў круглым выдатнікам). Наперадзе — паступленне ў ВНУ. Віталь Семянюк выбірае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, падае дакументы на спецыяльнасць “інжынер-праграміст”. На цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы атрымлівае 96 балаў, па фізіцы — 91, па рускай мове — 93. Дадаём 98 балаў атэстата і атрымліваем у выніку 378 пры прахадным бале на яго спецыяльнасць 370. Радасці хлопца няма мяжы!
І галоўнае — такіх высокіх вынікаў Віталь дасягнуў без рэпетытараў, толькі дзякуючы сваім школьным педагогам: настаўнікам матэматыкі Валянціне Аляксееўне Сахарчук і Валянціне Васільеўне Гарбацюк, фізікі — Вользе Віктараўне Дзмітрук, рускай мовы і літаратуры — Соф’і Мікалаеўне Мамановіч.
— Настаўнікі ў трэцяй адзінаццацігодцы працуюць вопытныя, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, — кажа Віталь. — Яны дапамаглі мне раскрыць мой патэнцыял, паверыць у свае сілы і здольнасці.
А заслуга Соф’і Мікалаеўны ў Віталевых поспехах не толькі як настаўніка-прадметніка, але і як класнага кіраўніка. Яна ўзяла іх пяцікласнікамі і выпусціла ў дарослае жыццё адзінаццацікласнікамі.
— Амаль кожны перапынак Соф’я Мікалаеўна заходзіла да нас, цікавілася справамі класа, нашымі праблемамі, — расказвае Віталь. — Хвалявалася, каб мы ўсе паступілі, куды жадалі.
Ну, і безумоўна, запаветнае паступленне сталася магчымым дзякуючы Віталевай стараннасці і выдатнай памяці.
— Усё запамінаю з аднаго прачытання, — раскрывае ён сакрэт поспеху. — Напрыклад, каб зафіксаваць у памяці параграф па гісторыі са шматлікімі датамі і імёнамі, мне дастаткова было паслухаць настаўніка на ўроку і адзін раз прачытаць матэрыял дома. І яшчэ такі немалаважны момант: калі ты зацікаўлены прадметам, то яго вывучэнне прыносіць адно задавальненне.
Акрамя звычайнай школы, з пятага па дзявяты клас Віталь наведваў музычную, асвойваючы ігру на акардэоне.
Цікаўлюся, ці заставаўся вольны час на чытанне кніг для душы, на сустрэчы з сябрамі, на прагляд кінафільмаў.
— Вольнага часу хапала, — дзеліцца Віталь. — Галоўнае — правільна распланаваць дзень і не распыляцца на дробязі. Самастойна і на факультатывах прапрацоўваць тэсты мінулых гадоў, каб ведаць, што вас чакае на ЦТ. Немалаважныя таксама стараннасць і настойлівасць у дасягненні мэты, якую вы сабе паставілі. А яшчэ ад разумовай працы трэба адпачываць, выконваючы… фізічную. Мы з малодшымі сёстрамі Таццянай і Хрысцінай (дарэчы, таксама выдатніцамі) адпачываем і загараем на… агародзе, дапамагаючы бацькам.
Канечне, добрае выхаванне і высокія вынікі ў вучобе ўсіх траіх дзяцей — заслуга ў першую чаргу іх бацькоў: Святланы Мікалаеўны і Сяргея Уладзіміравіча. Віталь вельмі ўдзячны ім за падтрымку ў выбары ВНУ і спецыяльнасці і наданне веры ў сябе. Будучы інжынер-праграміст абяцае адплаціць ім стараннай вучобай і частымі прыездамі са сталіцы дадому.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: залаты медаліст СШ №3 г.Жабінка Віталь Семянюк.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top