Зайздросная стабільнасць і пастаянства

Зайздросная стабільнасць і пастаянства

Жабінкаўская дыстанцыя пуці, або ПЧ-5, — найбуйнейшая з дваццаці, што ўваходзяць у склад Беларускай чыгункі. Яна працягнулася праз 10 раёнаў Берасцейшчыны ў двух важных накірунках: ад Жабінкі да Лясной і ад Жабінкі да ўваходных светлафораў станцыі Лунінец. На гэтым шляху маецца 572 стрэлачныя пераводы, 116 пераездаў, 151 мост.

Начальнік Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Дзмітрый Васільевіч Бялян расказаў напярэдадні прафесійнага свята чыгуначнікаў пра тое, якія задачы стаяць перад пуцевікамі сёння, у якіх работах яны задзейнічаны і назваў лепшых работнікаў.
— Адметная асаблівасць работы Жабінкаўскай дыстанцыі пуці — зайздросная стабільнасць і пастаянства. Штодзённа мы павінны нязменна забяспечваць зададзеную хуткасць цягнікоў, высокую ступень бяспекі, павышаць павольнасць (плаўнасць) іх ходу — і ўсё гэта ў сукупнасці з патрэбнай эканоміяй рэсурсаў.
Нашы працаўнікі робяць усё для таго, каб утрымліваць усе элементы пуці (а да іх адносяцца земляное палатно, верхняя будова, штучныя і іншыя збудаванні) у належным стане. Гэта забяспечвае бесперапынны і бяспечны рух цягнікоў.
Сёлета заменена восем стрэлачных пераводаў, плануем пакласці дзевяць новых на станцыях Аранчыцы і Івацэвічы. Ажыццявілі капітальны рамонт васьмі чыгуначных пераездаў, паклалі 13,14 км бясстыкавага пуці, 824 жалезабетонныя новыя шпалы і 3147 драўляных, 5 камплектаў брусоў. Зараз ідзе тэндэнцыя да змяншэння колькасці апошніх з-за кароткага тэрміну іх службы, раней, напрыклад, за год укладвалі да 15 тысяч драўляных шпал. На першым галоўным пуці перагону Жабінка — Брэст-Усходні ў межах ПЧ-5 выкананы комплекс аднаўленчага рамонту.
Служба пуці закупіла для ПЧ-5 аўтаматычны наплавачны комплекс “Translamatic” для рамонтна-аднаўленчых работ на чыгуначных пуцях, які дазваляе эканоміць вялікія сумы грошай, таму што раней з-за невялічкага дэфекту прыходзілася мяняць рэйку, якая каштуе нятанна.
Зараз пад кіраўніцтвам Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі вядуцца работы па пераносе пешаходнага пераходу праз пуці на станцыі Жабінка. У іх задзейнічаны працаўнікі не толькі пуцявой часткі (ПЧ), але і шнуравой (ШЧ), электрычнай (ЭЧ), дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў (НГЧ).
Працягваецца рэканструкцыя ўчастка Баранавічы — Брэст, мэта якой — дасягнуць хуткасці 160 км/гадз. для пасажырскіх цягнікоў. Адбываецца суцэльная замена стрэлачных пераводаў, прычым, укладваем стрэлкі новых праектаў, вырабленыя на заводзе ў Мураме (Расія).
На чыгунцы прынята бальная ацэнка стану пуці, якая ажыццяўляецца спецыяльным вагонам-вымяральнікам. Паводле класіфікацыі, стан пуці лічыцца выдатным, калі сума штрафных балаў за адхіленні ад нормы меншая за 40. Радуе тое, што ў Жабінкаўскай дыстанцыі гэты паказчык найлепшы на Беларускай чыгунцы — 15 балаў!
Вельмі зладжана дзейнічаюць усе восем участкаў і 18 акалодкаў, на якія падзяляецца ПЧ-5. Кожны з іх выконвае пастаўленыя задачы, працаўнікі дабіваюцца нядрэнных вынікаў.
Лепшыя работнікі нашай дыстанцыі пуці штогод да прафесійнага свята ўзнагароджваюцца граматамі, нагруднымі знакамі, заахвочваюцца прэміямі. Сёлета ў Мінск на цырымонію ўзнагароджання паедуць брыгадзір (вызвалены) прадпрыемстваў чыгуначнага транспарту і метрапалітэнаў Данііл Ігнацьевіч Палячок і вадзіцель дрызіны Сяргей Васільевіч Барушка. Першаму будзе ўручаны нагрудны знак “Выдатнік Беларускай чыгункі”, другому — “За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы” ІІ ступені. Брыгадзір (вызвалены) прадпрыемстваў чыгуначнага транспарту і метрапалітэнаў Васіль Нічыпаравіч Мелюх узнагароджаны сёлета Ганаровай граматай Беларускай чыгункі, машыніст матавоза Сяргей Аляксандравіч Сянюк — Падзякай начальніка Беларускай чыгункі, брыгадзір Валянціна Сяргееўна Шпакоўская — Ганаровай граматай Брэсцкага аддзялення БЧ. Яшчэ восем лепшых працаўнікоў ПЧ-5 атрымаюць Ганаровыя граматы Жабінкаўскай дыстанцыі пуці і столькі ж чалавек будуць занесены на яе Дошку гонару.
Калектыў у нас вялікі — каля шасцісот чалавек, таму стараемся заахвочваць лепшых работнікаў з розных участкаў і акалодкаў. На жаль, няма столькі ўзнагарод, каб усім аддзячыць за добрасумленную працу.
Затое ў мяне ёсць магчымасць напярэдадні Дня чыгуначніка вусна і праз газету падзякаваць кожнаму, хто звязаў свой лёс з Жабінкаўскай дыстанцыяй пуці, асабліва ветэранам, — за асабісты ўклад у нашу агульную справу. Са святам, дарагія калегі, здароўя вам і вашым сем’ям, поспехаў у працы і дабрабыту!
Запісала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

 

IMG_4408

Вадзім Міхайлавіч Трубач працуе ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці манцёрам 15 акалодка. Спачатку, як толькі прыйшоў у дыстанцыю, быў вучнем у вопытнага манцёра Леаніда Загайдачнага. Цяпер працуе пад кіраўніцтвам брыгадзіра Андрэя Леанідавіча Ярмашука. 

Займаецца зборкай стрэлачнага перавода. Ён абслугоўвае ўчастак прыёма-адпраўных пуцей станцыі Жабінка. Праца ў манцёра пуці адказная. Разам з калегамі Вадзім Міхайлавіч займаецца ўладкаваннем рэйкавага ўмацавання, што з часам прыходзіць у нягоднасць: замяняе рэйкі, шпалы, стрэлкі. Словам, аднаўляе чыгуначны пуць, каб рух на ім быў бесперапынным і надзейным. За доўгі час працы ён асвоіў сумежную прафесію стропальшчыка. Праца ў дыстанцыі для Вадзіма Міхайлавіча стала ўжо сямейнай: на чыгунцы працуе ягоны брат Юрый, які з’яўляецца старшым электрамеханікам у кантактнай сетцы. На здымку: манцёр дыстанцыі пуці Вадзім Міхайлавіч Трубач.
Тэкст і фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top