Untitled-13

Свінакомплекс дае прадукцыю

На пачатку студзеня на свінакомплексе ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” нарадзіліся першыя парасяты. Цяпер іх налічваецца звыш 6 тысяч галоў. Насельнікі свінакомплексу, дзякуючы тэхналагічным прыёмам, няблага сябе адчуваюць і набіраюць вагу — 687 г. у суткі (пры заданні 630 г.). У чэрвені пачаліся першыя адпраўкі мяса і сала на мясакамбінаты вобласці.

Прыйшлі выпускнікі-афіцэры

38 маладых спецыялістаў прыходзяць сёлета на службу ва ўнутраныя войскі Берасцейшчыны. Дарэчы, сярод іх дзве дзяўчыны. Некаторыя ўжо прыступілі да выканання сваіх службовых абавязкаў. Шэрагі афіцэраў папоўніліся і ў Жабінкаўскім раёне. Прыступілі да працы два выпускнікі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь: Дзіна Доста і Ігар Шпудзейка, неўзабаве пачне працаваць і выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Дзмітрый Салей, які цяпер праходзіць стажыроўку.
Дзіна Доста прынята на пасаду старшага інспектара аддзела аховы, прафілактыкі і правапарадку РАУС, а Ігар Шпудзейка — участковым інспектарам мікрараёна цукровага завода.
Лейтэнант міліцыі Дзіна Доста пад час размовы зазначыла, што складана было прывыкнуць у акадэміі да новага рытму жыцця. Але, калі ўцягваешся, то адкрываеш для сябе ў гэтай прафесіі многа новага, пачынаеш разбірацца ў юрыспрудэнцыі, а рэгулярныя заняткі фізічнай падрыхтоўкай садзейнічаюць развіццю сілы і вынослівасці.

Адчуюць “смак” прафесіі

Для азятчукоў Дзмітрыя Чыбісава, Андрэя Пшыка і Андрэя Самарчука летнія канікулы запомняцца не толькі спякотнымі днямі, але і працоўнымі буднямі. Юнакі, якія паспяхова адвучыліся два гады ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, веды механізатара падмацоўваюць на практыцы. У ПУАП “Азяты” яны прыняты на працу ў якасці памочнікаў камбайнераў. Пад час жніва будучыя механізатары на справе адчуюць “смак” абранай прафесіі і змогуць падзарабіць грошай.

Спаборніцтва на хуткасць і ўменне

Галаваломка, створаная 40 гадоў таму знакамітым архітэктарам Эрнё Рубікам, дасюль знаходзіць сваіх шматлікіх прыхільнікаў. 25-26 чэрвеня ў Брэсце праходзіў чарговы міжнародны чэмпіянат на хуткасць у зборцы кубіка Рубіка. Спаборніцтва паклікала ў горад над Бугам прадстаўнікоў не толькі з Беларусі, але і з Украіны, Расіі, Казахстана — усяго больш за паўсотні ўдзельнікаў. Самым юным сярод іх стаў 8-гадовы Данііл Данілюк з Жабінкі. Хлопчыку давялося паўдзельнічаць у трох дысцыплінах: кубік 2 х 2, пірамідка і кубік 3 х 3. У апошняй дысцыпліне юны жабінкавец здолеў пабіць уласнае дасягненне і цяпер ягоны асабісты рэкорд — 33 секунды!

Паход для юных вернікаў

_DSC6933Юныя вернікі і іх бацькі, прыхаджане Свята-Пакроўскай царквы, пабывалі ў трохдзённым паходзе. Палатачны лагер размясціўся за вёскай Хмелева на вялікай паляне. Для дзяцей былі арганізаваны спартыўна-забаўляльныя праграмы, “Хвіліна славы”. Для многіх з іх (усіх было звыш 160 чалавек) найсмачнейшымі здаліся стравы, прыгатаваныя ў кацялку. Набегаўшыся ў футбол, на свежым паветры малеча за абедзве шчакі ўплятала катлеты, салаты і супы. Самае галоўнае пачалося вечарам, калі неба абсыпалася зоркамі. Сабраліся вакол вогнішча, гулялі ў інтэлектуальныя гульні, слухалі айца Сергія Петрусевіча. Агонь саграваў вернікаў, а словы святара аб праваслаўі, малітвах, подзвігах святых, сэнсе жыцця краналі іх сэрцы. Шчырую, давяральную гутарку ля вогнішча не змагла спыніць раптоўная навальніца і праліўны дождж. У нядзелю раніцай турысты наведалі Хмелеўскі Свята-Праабражэнскі мужчынскі манастыр, дзе памаліліся. Дадому вярнуліся радасныя, шчаслівыя, з верай у сэрцы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top