У гасцях у агняборцаў

У гасцях у агняборцаў

img

Каб павысіць узровень сваіх ведаў у правілах бяспекі жыццядзейнасці, супрацоўнікі Жабінкаўскай Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы наведалі Цэнтр прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС.
Кіраўнік Цэнтра падпалкоўнік унутранай службы Мікалай Міхайлавіч Кузьміцкі ў сваім уступным слове расказаў пра асноўныя накірункі дзейнасці, праектах і акцыях, у тым ліку міжнародных.
У час лекцыі “Забеспячэнне пажарнай бяспекі ў адміністрацыйных і вытворчых будынках”, якую правёў Алег Анатольевіч Казлоў, бібліятэкары разгледзелі Правілы пажарнай бяспекі, зацверджаныя ў сакавіку мінулага года Пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь дзеля абароны ад пажараў жыцця і здароўя людзей, нацыянальнага багацця, усіх відаў уласнасці і эканомікі.
Затым адбылося наведванне інтэрактыўнай музейнай экспазіцыі пажарнай службы Брэстчыны, якая запрацавала з чэрвеня на базе Цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС. Гэта стала магчымым дзякуючы праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Моладзь памежжа разам за бяспеку”, рэалізаванага сёлетняй вясной.
У двух залах распавядаецца гісторыя і сучаснасць пажарнай службы Брэстчыны. Тут можна адшукаць звесткі пра сімволіку і атрыбутыку пажарных, копіі архіўных дакументаў. У калекцыю ўключаны прадметы баявой вопраткі агняборцаў, сродкі абароны розных гадоў, у тым ліку павозка з ручной помпай, бочкай для вады і пажарнымі рукавамі. Адзін з найбольш каштоўных экспанатаў — часопіс “Пажарны” за 1895 год з рэпартажам аб вялікім пажары ў горадзе над Бугам, які выклікаў так званую “Брэсцкую катастрофу”.
Было карысна даведацца, што агульнага паміж эмблемай МНС і абразом Багародзіцы “Неапалімая купіна”; які ўнёсак у ахову беларускіх гарадоў прадстаўніка польскага Адраджэння Анджэя Фрыч-Маджэўскага; аб ролі камінараў у пажарнай бяспецы гарадоў ды мястэчкаў.
Прадстаўлена таксама шмат экспанатаў савецкага перыяду. Асобны раздзел прысвечаны сувенірнай прадукцыі (многія экспанаты — дарункі замежных калег).
Асобна хацелася б выказать падзяку старшаму інспектару Цэнтра маёру ўнутранай службы Дзмітрыю Аляксандравічу Казлоўскаму, які выканаў ролю экскурсавода. Дзякуючы ягонай напружанай пошукавай працы ў архівах, супрацоўніцтву з абласной бібліятэкай імя М.Горкага, раённымі падраздзяленнямі МНС былі знойдзены многія каштоўныя матэрыялы і экспанаты.
Асаблівасць музея і ў тым, што ён разлічаны на навучальны працэс. Гэта не толькі дэманстрацыя фільмаў на супрацьпажарную тэматыку. Напрыклад, адразу ў музейным памяшканні з жабінкаўскімі бібліятэкарамі пад кіраўніцтвам інструктара была праведзена вучэбная эвакуацыя пры пажары. Блізкасць да рэальнай сітуацыі надавалі дым-машына, створаны прыцемак, проблескі аварыйных агнёў…
Сучасным атрыбутам з’яўляецца і сенсарны тэрмінал, устаноўлены на тэрыторыі Цэнтра. З ягонай дапамогай усялякі жадаючы можа прайсці тэст для замацавання атрыманых ведаў. Такія формы дзейнасці дазваляюць значна павысіць якасць навучання асновам бяспечнай жыццядзейнасці. У першую чаргу гэта тычыцца школьнікаў. Таму нездарма музей афіцыйна запрацаваў менавіта ў Год моладзі. На працягу летніх канікулаў супрацоўнікі Цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю спадзяюцца сустрэць у сваіх сценах як мага больш маладых людзей.
Ірына ГАНЧАР, дырэктар Жабінкаўскай ЦБС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top