Таленты, атрыманыя ў спадчыну

Таленты, атрыманыя ў спадчыну

_DSC2182 _DSC2167_DSC2164 _DSC2159 _DSC2158 _DSC2156 _DSC2155 _DSC2152 _DSC2150 _DSC2149 _DSC2148 _DSC2145

_DSC2166Калі заходзіш у кватэру да Фёдара Сцяпанавіча Кавальчука, трапляеш нібыта ў музей: у пакоях мэбля, зробленая сваімі рукамі, паўсюль выразаныя з дрэва статуэткі, сцены ўпрыгожваюць шматлікія карціны. Фёдар Сцяпанавіч у адной асобе і цясляр, і разьбяр, і мастак.
Чалавек творчы, ён бачыць свет па-іншаму і адлюстроўвае яго з дапамогай разакоў, пэндзляў і фарбаў. Лічыць, што многія здольнасці атрымаў у спадчыну ад сваіх продкаў. Так, бацька Сцяпан Васільевіч быў добрым цесляром. Дзядзька Павел, бацькаў брат, меў самы прыгожы дом у Багуслаўцы (вёска ў Маларыцкім раёне), сам яго пабудаваў. З-за свайго майстэрства і пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны: дзядзька Павел, ягоныя жонка і дачка былі расстраляныя немцамі ў 1942 годзе быццам бы за сувязь з партызанамі. На самой справе мясцовы стараста, які служыў акупантам, “паклаў вока” на дзядзькаў дом, сам хацеў такі мець.
Талент прыгожа пісаць і маляваць праявіўся ў Фёдара Сцяпанавіча яшчэ ў дзяцінстве. У пятым класе ён атрымаў заданне напісаць плакат з тэкстам “Да здравствует 29-ая годовщина Великого Октября!”. З гэтым даручэннем справіўся на выдатна, наступныя два гады, пакуль не скончыў Рагазнянскую сямігодку Дамачаўскага раёна (цяпер Брэсцкага), ушанаванне 30-ай і 31-ай гадавін Кастрычніка было справай яго рук.
Школьнікам ён мог пашыць боты са старых салдацкіх кірзовак, сплесці гумавыя лапці, зрабіць цвікі або згубленыя ключы да замкоў. Атрымліваліся і музычныя інструменты: гітары, балалайкі. Але самым памятным стаў зроблены ў 13-гадовым узросце з сябрам хлеў, які доўга стаяў у Багуслаўцы.
Пасля заканчэння сямігодкі Фёдар Сцяпанавіч паступіў у Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. Пад час вучобы любімымі прадметамі былі: “Чарчэнне”, “Станцыі і вузлы”, “Арганізацыя руху цягнікоў” — складаныя, але вельмі цікавыя. Студэнт Кавальчук уваходзіў у рэдкалегію тэхнікумаўскай газеты “Отличный движенец”, якая неаднаразова прызнавалася лепшай сярод газет прадпрыемстваў і арганізацый Брэста і выстаўлялася ў Доме палітасветы.
Тут, у тэхнікуме, Фёдар Сцяпанавіч пазнаёміўся з Яўгенам Мікалаевічам Макарчуком — будучым фотакарэспандэнтам абласной газеты “Заря”, тагачасным лабарантам кабінета фізікі. Ён афармляў тэхнікумаўскія стэнды, фотаальбомы выпускнікоў. Добра пісаў тушшу, гуашшу, выдатна валодаў пэндзлем, пяром. Яго творчасць лічылася сапраўдным майстэрствам. Фёдар Сцяпанавіч шмат чаму ў яго навучыўся, шмат чаго пераняў.
Пад час службы ў арміі радавы Кавальчук пісаў плакаты, афармляў сценгазеты, і тут яго таленты былі заўважаны.
Сваім захапленням мой герой не здраджваў ніколі, нягледзячы на тое, што сорак адзін год адпрацаваў на чыгунцы. Рупіўся ў розных месцах, займаў розныя пасады: пасля тэхнікума, яшчэ да службы ў арміі, працаваў на станцыі Пенза-3 Куйбышаўскай чыгункі, пасля службы выконваў абавязкі дзяжурнага па станцыі Юхнавічы, потым быў начальнікам станцыі Даманава, Бяроза-Картузская, Жабінка. Завочна скончыў Маскоўскую вышэйшую школу прафсаюзнага руху УЦСПС імя М.М.Шверніка, узначальваў прафсаюзную арганізацыю дыстанцыі пуці ў Бярозе, потым у Жабінцы. Апошнія дзесяць гадоў перад выхадам на пенсію працаваў рэвізорам па бяспецы чыгуначных дарог Брэсцкага аддзялення чыгункі.
Фёдар Сцяпанавіч мае шматлікія ўзнагароды, сярод іх медалі “За доблесную працу” і “Ветэран працы”, ордэн “Знак Пашаны”. Ён — “Выдатнік сацыялістычнага спаборніцтва чыгуначнага транспарту”.
Актыўна займацца жывапісам герой маёй нататкі стаў пасля выхаду на пенсію, 25 гадоў таму. У творчасці пераважаюць пейзажы: вось зімовы лес, на палянцы паляўнічы з сабакам, белая квецень садоў вясною, залацістая чырвань восеньскіх дрэў, коні ў высокіх летніх травах…
“Адкуль бяруцца тэмы, сюжэты?” — пытаюся.
“Калі ў душу западзе прыгажосць нейкага куточка прыроды, абавязкова зраблю фотаздымак, які потым паспрыяе ў напісанні карціны. Вызначыцца з сюжэтам дапамагаюць фотаальбомы карцін-пейзажаў, якія цяпер ёсць у продажы. Нешта пішу па памяці”, — тлумачыць Фёдар Сцяпанавіч.
Гляджу далей і пазнаю знаёмыя куточкі Жабінкі: алея гарадскога парка, Свята-Пакроўскі храм, чыгуначны вакзал… Ёсць і копіі вядомых карцін: “Незнаёмка”, “Алёнушка”, “Паляўнічыя на прывале”, іншыя. Сярод пейзажаў партрэты: жонкі Марыі Аляксееўны, бацькоў, цешчы і цесця, аўтапартрэт у чыгуначнай форме. Дарэчы, рамкі для сваіх карцін Фёдар Сцяпанавіч робіць самастойна, мае дрэваапрацоўчы станок, які зрабіў сам, у арсенале майстра і гравіравальны.
Цікаўлюся: ”Якое дрэва падыдзе для рамак?”.
“Выкарыстоўваю для гэтых мэт асіну, сасну, а вось для сваіх драўляных вырабаў у асноўным ліпу, яна падатлівая, мяккая, падыходзіць найбольш”, — кажа Фёдар Сцяпанавіч.
Сярод драўляных статуэтак — паляўнічы з глушцом за плячыма, музыка з жалейкай, закаханыя, жанчына з дзіцём на руках, вавёрка з шышкай-здабычай у лапках, заморскі папугай, зубр — цар пушчы лясной, іншыя. З самых дарагіх майму герою — вобраз бабулі Аляксандры Якаўлеўны, бацькавай маці, якая нарадзіла 11 дзяцей і пражыла 115 гадоў.
Шафы ў прыхожай, кухонны гарнітур, шматлікія столікі, таршэр у спальні, крэсла-качалка, насценны гадзіннік, мальберт, нотны стан і многае-многае іншае ў кватэры зроблена таленавітымі рукамі Фёдара Сцяпанавіча.
Усё сваё жыццё ён нечым захапляўся, жыў творча, натхнёна: працаваў з дрэвам, маляваў, займаўся фатаграфіяй, паляваннем, у яго на ўсё хапала часу. Вось і зараз, нягледзячы на ўзрост (а Фёдару Сцяпанавічу 77 гадоў), ён асвойвае ігру на акардэоне. Мінулай восенню купіў інструмент і ўжо зараз можа выканаць “Тонкую рябину”, “Подмосковные вечера”, “Коробейники”, “Огонёк”, “Нясе Галя воду” і іншыя кампазіцыі.
Цудоўна, што побач з намі жывуць такія людзі, як Фёдар Сцяпанавіч Кавальчук. Яны прыклад таго, як знайсці сябе і рэалізаваць, як жыць цікава. У кожнага чалавека ад прыроды свае здольнасці і таленты, не хавайце іх, не губляйце, спяшайцеся раскрыць. Зрабіць гэта можна ў любым узросце, галоўнае — жаданне.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: Ф.С. Кавальчук за работай; вырабы майстра.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top